— Некаторым сённяшнім слава, а некаторым — страшны суд гісторыі. — Мацак з шавялюрай, вусамі і барадой разначынца мінулага веку накінуў прасціну на грутыя тлустыя плечы і ажно страсянуў вакол сябе паветра: — Ху-у!
— За якія ж грахі ім страшны суд? — падкінуў яму каверзнае пытанне хрыпаты голас.
— За перараджэнства і здраду, якіх не ведаў свет. Ху-у!
— Даруйце, спадар-таварыш, але гэта задужа, — прадрынкалі, як на балайцы, упалыя грудзі.
— Кудлаты, цішэй на паваротах. Не распускай язык, а то…— Лысы не паспеў дагаварыць, тоўстыя губы зноў прыпалі да слоіка з півам.
— Што цішэй, што? Чалавек ад прыроды істота свабодная. А нас прывучыла адміністрацыйна-камандная сістэма: як што — кулаком у храпу.
— Ага, у храпу, — як ударыў у бубен тоўстаязыкі бас.
— Вунь у Амерыцы!.. Можаш падысці да Белага Дома і гарлапаніць, пакуль не пасінееш: «Прэзідэнт дурань! Прэзідэнт дурань!». От гэта дэмакратыя!..
— Чый прэзідэнт? — ціскануў сваё голас з кутка.
— А гэта пытанне. Там не растлумачваюць, бо нетактоўна растлумачваць такое, — кампетэнтна разважылі ўпалыя грудзі.
— А я ў лазні не магу сказаць, што хачу? У лазні ўсе аднолькавыя, усе роўныя.
— Не ўсе, — выдыхнуў таўстун, адарваўшыся ад слоіка — Ты вунь — Карл Маркс, а дзед — натуральны Суслаў. Чуў галасок? Дзед, скажы яшчэ што.
Упалыя грудзі не збянтэжыліся:
— У нас цяпер таксама дэмакратыя набірае сілу.
— Правільна, і ў нас цяпер гавары, што на язык просіцца. А ён — цішэй на паваротах… — Разначынец распаляўся. — Паэт што некалі сказаў? «Што я жыці буду, як птушка, як вецер над нівай квяцістай...» Даслоўна!
Да яго падышоў рыжагаловы «ванька-ўстанька», ветліва ўсміхнуўся.
— Правільна, шаноўны, правільна: як птушка, як вецер… Як ваша прозвішча?
На хвіліну ў раздзявалцы ўсталявалася цішыня, пра якую кажуць: «Ціхі анёл праляцеў ці дурань нарадзіўся…»
ЛЕБЯДЗІНАЯ ПЕСНЯ
3 таго часу, як перабудова ў краіне пакацілася, нібы чатырохвугольнае кола, Баляслаў Зазерка страціў спакой. Людзі панажывалі ўсякага капіталу. Вунь яны — бізнесмены, брокеры, менеджэры… А ён?.. Не тая планіда, кароткія рукі ў яго, каб дацягнуцца да мільёнаў. Ат, і няхай сабе, калі так. Грошы — тлен. Слава — вось што вечнае ў чалавека! Ну што ён — жыве: толькі і ведае — чарцяжы, чарцяжы… Колькі штаноў праседзеў за імі! Цяпер і азірнуцца не паспееш, як зайграе табе духавы аркестр музыку Шапэна. Дык утварыць бы пад момант што-небудзь такое, каб… Ну, хай не свет, хай, па крайняй меры, хаця б паўсвету ўведала цябе… Узяць таго ж Герастрата… Больш як дзве тысячы гадоў мінула! Кажуць, сенат парашыў быў: «Забыць Герастрата!» А дудкі. Чалавецтва не забывае і не забудзе. Няхай сабе ён не Тургенеў, не Драйзер, не Мао Цзэ-Дун…
Аднак, прымераўшы да сябе лаўры Герастрата, Зазерка тут жа адкінуў іх. Спаліць славуты храм багіні Артэміды Эфескай, адно з сямі цудаў свету?! Не, не па мне. Ды і дзе яно цяпер, тое цуда —Палац культуры на Кастрычніцкай плошчы, які дзесяць гадоў будуецца?.. Зноў жа, нашымі запалкамі шматок газеты паспрабуй спаліць…
Ну, добра. Але што ты, Баляслаў, утворыш усё ж? Якая твая будзе лебядзіная песня?.. У дэпутаты б як прашыцца ці што? Тады б — адразу: «Даеш Вільню!» Ці… Стой, Баляслаў Радзівонавіч, а што, каб, скажам, зноў які путч?
Неспадзеўка пра путч прыйшла да Зазеркі быццам крадком. Але адразу ўспыхнула. Ды так ярка! О, каб путч, тады б ён паказаў сябе!..
— Я б тады — на барыкады, як Растраповіч, — падзяліўся ён сваімі думкамі з калегам па працы Арсенам Лагуцькам. — Растраповіча вунь цяпер увесь свет ведае! 3 аўтаматам!
Яны стаялі ў падземным пераходзе.
— Свет яго ведае як славутага музыканта.
— Правільна, і як музыканта. Дык жа і я на баяне іграю. Забыўся? Але ж я яшчэ і паэт, і кампазітар, і спявак. Хочаш?
Раптам у пераходзе засіпеў, як сырая галавешка, перарывісты барытон:
Мы з Гаўрылам — камісары.
Мы з Гаўрылам — ходзім парай.
Але прынцыповыя і дужа бядовыя.
Ах, Гаўрыла, ах, Гаўрыла!
Ты мне ў лыч, я табе ў рыла.
Ах, Гаўры-ыла-а...
Да іх падыйшла жанчына ў капялюшы з шырокімі палямі, сунула Зазерку ў паўсагнутую руку пакамечанага «зубра».
— О, вось што значыць чараўнічая сіла таленту! Хай толькі Палац культуры на Кастрычніцкай плошчы адбудуюць! — Ён шморгнуў сіея-чырвоным носам і выставіў працянутую руку.
ПРЭЗІДЭНТ 3 ГВАЗДЗІКОМ
Той дзень стаў для Бабая і Чарлянка адметным на вялікую падзею. Бабай быў выбраны прэзідэнтам, а Чарлянок віцэ-прэзідэнтам навукова-вытворчага аб'яднання па перапрацоўцы другаснай сыравіны..
— Вось і мы з табой, дружа, уліліся ў слаўныя шэрагі сусветна прызнанага дэмакратычнага легіёна прэзідэнтаў! — паэтычна ўсклікнуў Бабай, паціраючы рукі так, што ажно іскры сыпанулісм з далоняў. — Заслужылі!