Выбрать главу

— Ды, можа, яшчэ і больш, чым тыя, — катэгарычна пацвердзіў Чарлянок. Ён не ўдакладняў, хто тыя, але і так было ясна: намякаў на высокапастаўленых..

— Та-ак, і наша доля шчарбатая... Дык вось першы мой табе загад, пан віцэ-прэзідэнт. Дай на ўсе сродкі масавай інфармацыі рэкламу: «Шаноўныя спадары і спадарыні! Наша аб'яднанне створана для вашага росквіту. У той час, калі ўсе адбіраюць і распранаюць, мы еадзяляем і апранаем! Купляйце нашы акцыі, і вы станеце шчаслівымі!»

— Будзе зроблена, пан прэзідэнт! — Чарлянок ускінуў угору руку і патрос моцна сцятым кулаком, быццам пагразіў сваім нябачным канкурэнтам.

Як і заведзена ў такіх выпадках, сябры вырашылі адзначыць падзею. Але спакойна, лакальна, так сказаць: сціпласць упрыгожвае чалавека.

У «Журавінцы» яны ўладкаваліся за столікам ва ўтульным кутку. І тут адразу да іх падселі маладыя сімпатычныя дзяўчаты, бландзінка і брунетка.

Што было, тое было: слова ўа слова, пазнаёміліся. І частавалі сябры дзяўчат, і танцавалі з імі модныя танцы пад лямант поп-музыкі. Аднак не страчвалі разумнай насцярожанасці: ведалі, якія дзяўчаты пайшлі ў каламутным гэтым свеце. Акрамя таго, становішча абавязвала. Праўда, прэзідэнт не ўтрымаўся, ушчыкнуў пад сталом брунетку за тоўстае сцягно. Яна сярдзіта пляснула яго па руцэ, затым лагодна ўсміхнулася і падарыла гваздзіка, які быў прышпілены ў яе на кофце. Але на гэтым лёгкі флірт прэзідэнта і скончыўся. Дзяўчаты неўзабаве зразумелі, што ад такіх кавалераў ім не будзе толку, і пераселі за суседні столік да хлопцаў, якія ўвесь час закідвалі да іх вуды.

— Ну і няхай, хоць пагаворым, — ці то пакрыўджана, ці з палёгкай махнуў рукою прэзідэнт.

У галаве крыху шумела ад гарэліцы-матухны, але разважалі яны цвяроза. Палаялі партакратаў, недаразвітых дзяцей застою, і дэмакратаў — от жа порсткія, гарачыя галовы! Такі складаны, адказны час, а тут — бы тыя лебедзь, рак і шчупак!.. Дзядулю Крылова пачыталі б!..

— Канечне, камуністы многа награшылі. Але ж трэба і аддаць ім належнае, — глыбакадумна зазначыў Бабай. — Такіх дэмакратаў выхавалі! Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Адны прэзідэнты чаго вартыя! А мэры, віцэ-мэры, кансультанты ды рэферэнты розныя!..

Пераміргваліся ясныя зоркі ў небе, калі сябры расслабленай ступою крочылі прыціхлай вуліцай.

— У цяперашні час развалу… перапрашаю — перабудовы — усе нашы ўчынкі і дзеянні ў маральным і прававым плане павінны суадносіцца з нашым высокім прэзідэнцкім становішчам, — сказаў Бабай паплечніку і панюхаў гваздзіка, якога трымаў у руцэ.— Хлопцы ж мы хвацкія. Што розумам, што сілаю.

Чарлянок ступіў і схапіў прэзідэнта за руку:

— Глядзі!

У кватэру Бабая праз акно лез злодзей.

Гваздзік упаў пад ногі прэзідэнта.

— Я яму!.. — рвануўся віцэ-прэзідэнт і адразу аслупянеў. — А… а калі ён узброены?!

— У міліцыю! Мігам! — загадаў прэзідэнт. — Не, стой, — Раптам ён церануў далонь аб далонь, ажно іскры пырснулі, і закаціўся бязгучным смехам. — Няхай лезе, толькі б не спужнуць. Зараз яму неба з аўчынку падасца: жонка з цешчай падумаюць, што гэта я дадому вяртаюся.

МАЧАНКА

У сталоўцы дома адпачынку яны сілкаваліся за адным сталом. Хведар Кузьміч быў чалавек гаваркі, цікаўны і, як цяпер кажуць, камунікабельны. Пакуль афіцыянтка прынясе страву, ён то смешны які анекдот раскажа, то цікавую прымаўку прыгадае. Спакваля, быццам між іншым (некарэктна ж — у лоб: раскажы пра сябе!) папытае ў Антона Дзянісавіча што-небудзь з яго біяграфіі. Даведаўшыся, што Антон Дзянісавіч пісьменнік, усклікнуў:

— Здорава! Канечне, цяпер, калі мы будуем суверэнную дзяржаву, месца пісьменніка на пярэднім краі. — Голас яго стракатаў, як дызельны пускач. — Вы, прэса, у першую чаргу павінны дапамагаць народу вывучаць беларускую мову. Родную сваю. Мы ж, беларусы, — не пыл на ветры.

— Дык жа стараюцца пісьменнікі, кніжкі пішуць, — Антон Дзянісавіч хацеў сказаць узнёсла, але атрымалася неяк вінавата.

— Ага, пішуць. Ведаеце, я люблю беларускую літаратуру.

Антон Дзянісавіч падбадзёрыўся:

— А якія кніжкі вы апошнім часам чыталі? — ён спадзяваўся што, можа, шчыры кнігалюб назаве і яго які твор.

— Ніякіх не чытаў, — секануў Хведар Кузьміч. — Зрок пачаў падаць. — Ён даліў кампот і з пафасам застракатаў: — Выхаванне у моладзі нацыянальнай самасвядомасці — неадкладны наш вялікі клопат. Бо, як гаворыць народная мудрасць, заўтрашняе надвор’е залежыць ад сённяшняга ветру.

Антон Дэянісавіч спаважна слухаў і ў думках згаджаўся: «Святая праўда. 3 лопуху ж ружа не вырасце. А то песні цяпер, га? 3 рэпрадуктараў і магнітафонаў на чорт ведае якой мове сыплюцца, быццам смецце з дранага мяшка».