Выходзячы са сталоўкі, Хведар Кузьміч далікатна пацікавіўся, на якія тэмы Антон Дзянісавіч піша кнігі. Пачуўшы, што, у асноўным, на гістарычныя, з лёгкім галантным паклонам падзякаваў пісьменніку:
— Маё вам чытацкае шанаванне. Да гісторыі маю вялікі інтарэс. Вось падлячу вочы і налягу на гістарычную літаратуру.
Антон Дзянісавіч з кволай надзеяй падумаў: «I мой, можа, які раман заглыне, як некалі я «Ціхі Дон» заглынуў». У душы ён пачуў: расла і ўзмацнялася яго павага да гэтага неардынарнага чалавека. Інтэлігент, сапраўдны, відаць, патрыёт. Не тое, што некаторыя іншыя — пустабрэхі…
Два тыдні праляцелі неўпрыкмет. У апошні дзень іхняга знаходжання ў доме адпачынку, калі яны паабедалі, Хведар Кузьміч памякчэлым, нейкім нават лагодным голасам звярнуўся да Антона Дзянісавіча:
— Ёсць у мяне да вас, шаноўны пісьменнік, далікатная гаворка.
«Напэўна, прыдбаў маю кніжку і хоча папрасіць аўтограф», — асяніла Антона Дзянісавіча радасная здагадка. За ёю маланкава прамільгнула пачатковая фраза аўтографа, якую ён, аказваецца, падсвядома падрыхтаваў ужо: «Шчыраму прыхільніку беларускай кнігі...»
— Канкрэтней, прапанова ёсць, — удакладніў Хведар Кузьміч, — давайце на беларуская мове напішам падзяку повару. Дужа ж смачную беларускую мачанку гатуе, шэльма! — I аблізнуўся.
АЎТОГРАФ НА БЯРОЗЕ
Лена Мурлыкіна, энергічная, валявая выхавацелька дзіцячага сада, абуралася. «От шалапай, а яшчэ ж, можа, і культурнага з сябе корчыць — замежныя джынсы, модная кашуля…»
Сама Лена была, як кажуць, сучасная дзяўчына, дзіця акселерацыі. Аддаючы даніну модзе, і джынсы насіла, і цыгарэтамі забаўлялася. Але каб кінуць акурак пад ногі на трамвайным прыпынку ці разбіць бутэльку дзе аб дрэва — баронь бог!.. Вось чаму яна так прагнула пабачыць таго выкрутня. Зірнуць бы ў яго бессаромныя вочы, кінуць яму ў твар сваю пагарду і дакор… Гэта ж паднялася паскудная рука на такое хараство! «Сярожа». На снежна-белым ствале такой прыгажуні — нажом!..
Інтэлігентная існасць натуры Лены Мурлыкінай, чалавека педагогікі, як яна называла сябе, пярэчыла ёй супраць усялякага праяўлення нетактоўнасці. Але тут быў той выпадак, калі Лена аніяк не магла стрымаць высакародны гнеў: і ён жа, брыдота, нябось прыходзіць сюды, у гэты заваблівы парк, храм хараства, і цешыцца сваім дзікунствам… От я яго правучу! Дзесятаму закажа, як вытвараць паскудствы!.. Лена крутнулася і лёгкакрылай ластаўкай пырхнула назад па дарожцы.
Праз гадзіну яна зноў з’явілася каля апаганенай Сярожам бярозы. Дастала з сумкі бляшанку з фарбай, пэндзаль. Акуратна, каб не накапаць на дол, мачала пэндзаль у фарбу і пад «аўтографам» Сярожы вялікімі роўнымі літарамі напісала: «Дзікун ты, Сярожа, хам!» Коскі пасля «ты» і «Сярожа» яна мазнула тлуста, каб добра выдзеліць зваротак. Адступілася на некалькі крокаў, нетаропка прайшлася позіркам па словах — ці выразна відаць?.. Прыгожа — чорным па белым, кантрастна!.. Зацягнулася цыгарэтай.
Вецце бярозы зашамацела пад ветрам, нібы запшптала штосьці.
Па дарожцы з каляскай, у якой забаўлялася бразготкай пухнаценькае кучаравае дзіця, праходзіла сівагаловая жанчына. Спынілася, пазірала на бярозу.
— Вось так яму, хаму таму, — растлумачыла ёй Лена тонам экскурсавода.
— Але ж трэба было подпіс паставіць, — адказала жанчына. — А то людзі і не ўведаюць, хто гэта такі культурны змагар з дзікунствам.
— Дзякую вам, спадарыня, за ўвагу, — чула прыклала Лена Мурлыкіна, чалавек педагогікі, руку да грудзей. — Толькі я — не дзеля славы. Дзеля ўсталявання культуры ў нашым расхістаным грамадстве. — Яна адказала, як арыю праспявала сваім чароўным мяккім голасам, і абцасікам моднага імпартнага туфліка глыбока ўтаптала ў зямлю акурак.
ТЭНАРОВЫМ ГОЛАСАМ СУДДЗІ
Куляй выскачыў Курыльчык з суда і шыбануў да швагра. Музыкальная душа яго спявала: такі шанс!..
Судед абазваў Сцяпана Панкратавіча дурнем, і Сцяпан Панкратавіч ужо адчуваў сваю руку ў яго кішэні. А што? Няхай адвальвае сто тысяч за абразу, душа з яго вон! Не тыя цяпер законы, каб патакаць крыўдзіцелям. У людзі выйшлі, у прававой дзяржаве жывём. Вунь цывілізаваны замежны грамадзянін адсудзіў у гомельскай газеты кругленькую. Зняважыла чалавека, маральны ўрон прычыніла…
Суддзя, хай яго певень убрыкне, спачатку быў агарошыў Курыльчыка: «А сведкі ў вас ёсць?» Вось так: яму, інтэлігенту, «сумленню» нацыі — банальны недавер! Выходзіць, дарэмна музыка іграла?.. Аднак усё стала на свае месцы. «Скажыце, грамадзянін суддзя, родзіч можа быць за сведку?» — украдліва спытаў Сцяпан Панкратавіч. «Суду ўсё роўна, родзіч не родзіч — абы праўду гаварыў», — адказаў суддзя, як на дудцы паіграў, тэнаровым голасам.