Тут і прыпусціўся Курыльчык на ўсіх ветразях да Габруся, жончынага брата. Швагер чуў, як таракан той вусаты накінуўся на яго, што ставіць «Жыгуля» пад вокнамі. Не, накінуўся — бо злуецца, што ў самога няма «тачкі». Дык і не будзе, калі разява…
Сцяпан Панкратавіч не разбіраў дарогі, штурхаўся ў вулічным натоўпе, а ў галаве яго штурхаліся адна аб адну гарачыя думкі. Не менш як сто тысяч, не менш. Бо «дурань», ды яшчэ ж у прыдачу і «нягоднік»... Ай за прыдачу ламануць мільён? Бізнес ёсць бізнес…
Неспадзявана тонкія Курыльчыкавы вусны зламала рэдказубая ўсмешка. А тое рэкламнае дзяўчо ў тэлевізары, а? Падміргне вокам, вялікі палец тырк угору: «У мяне будзе от такі мільён!» Дзіця, а ўжо ведае, шэльма, толк у грошах! Час усіх вучыць. Так што шаноўны Сцяпан Панкратавіч, папілікаў на скрыпцы ў сваёй філармоніі і баста. Узяцца за розум ніколі не позна, калі ён у цябе ёсць. Вунь лірыкі, фізікі, хімікі розныя як раскрыліся!
Адразу ад парога Курыльчык гукнуў родзічу:
— Запісаў цябе ў сведкі, кніжная душа. Іч — абражаць сумленнага чалавека!.. Дык глядзі, праўду і толька праўду. А то захочаш быць добранькім!. Ведаю цябе, гуманіста!
Габрусь, які правяраў вучнёўскія сшыткі, зняў акуляры, пацёр вочы. Маўчаў. «Што, на лапу хочаш? Пачакай, кашалёк дастану з кішэні, — падражніўся ў думках, як з дзіцёнкам, Курыльчык.— Ці, можа, трэба было прыхапіць бутэльку першаку? Разам і расціснулі 6. Верабей дзюбу памачыў бы, а сокал душу асвяжыў.— Ён пацягнуў кручкаватым носам. — О, смажанай цыбулькай, здаецца, патыхае з кухні».
Раптам Курыльчык хапіў разяўленым ротам паветра і як здранцвеў — швагер тэнаровым голасам суддзі нібы праіграў на дудцы:
— Праўду і толькі праўду: гэта ж калі разумнага дурным абзавеш — то абраза.
БРОКЕР
Лёнік уляцеў у кватэру. як віхор. Ад парога шпурнуў на крэсла ранец, патрабавальна гукнуў:
— Есці!
— Ты ж яшчэ рукі не памыў,— асадзіў сына Альберт Патапавіч.— А ўвогуле, ці заслужыў ты абеду? Пакажы, што ў цябе ў дзённіку? — Ён даўнавата не зазіраў туды і цяпер успомніў пра тое.
Яны сядзелі ў прыхожай абапал туалетнага століка. Лёнік запусціў руку ў ранец.
— У мяне і пяцёркі ёсць!
Альберт Патапавіч разгарнуў дзённік, і твар яго стаў, як навальнічная хмара. «Чытанне — «два», пісьмо — «два», арыфметыка — «два», спевы — «пяць».
— Ах ты, шалапут? I ты яшчэ спяваеш? — рука Альберта Патапавіча лягла на паругу, якая падпяразвала штаны на жываце-футболе. — Такая твая падзяка бацьку за яго клопаты?
— А што? Вунь у Юлькі-казюлькі ні «пяцёркі», ні «чацверкі» няма.
— Так-так… Цяпер скажы, чаму ты сёння рана са школы?
— Бо заняткаў не было.
— 3 якой прычыны, дазволь у цябе спытаць?
— Мітынг праводзілі. Наш клас забаставаў.
— Вось як? I ў вас, значыцца, дэмакратыя нараджаецца? — пальцы на папрузе расслабіліся, заварушыліся, быццам перабіралі гузікі гармоніка. — I чаго вы там дамагаецеся?
— Замяніць настаўніцу. Не трэба нам такая, што «двойкі» ставіць. — Лёнік бліснуў цёмнымі вочкамі-жучкамі. — Я таксама выступаў на мітынгу. — Ён ускінуў угору мурзаты кулачок: — Далоў бюракратаў!..
— А-а, мой сын, мой, пазнаю, — Альберт Патапавіч паблажліва патузаў хлапчука за вуха. — Правільна, вучыся дэмакратыі. Толькі не ў тых, што — сю-сю-сю… «Зрабіце ласку, спадары» «Просім вас, шаноўнае спадарства…» Гэта мы — прасіць?! У каго?! Не, хай натхняе цябе на дэмакратыю сіла несаступнага духу. — Кувалда-кулак Альберта Патапавіча мілыгануў у паветры, і керамічная ліса, якая на туалетным століку выдурвала сыр у вароны, падскочыла, нібы падстрэленая. — Вось так! Усёк?
— Ага, на «пяцёрку», — хуценька запэўніў Лёнік. — Дзякую, тата.
Зазваніў тэлефон. Хлапчук схапіў трубку.
— Алё! — хвіліну слухаў, што гаварыў суразмоўнік на другім канцы провада, і радасна крыкнуў: — Згодзен, згодзен! — кінуў трубку на рычагі. — У Юлькі-казюлькі, тата, галава — як у нашай мамы: міністэрства! Сказала, што ўсе пагадзіліся, кожнаму пазваніла.
— 3 чым усе пагадзіліся?
— Заявіць патрабаванне вам, бацькам, каб пакуплялі нам японскія магнітафоны. А не — мы зусім кінем школу.
— Што-о? Дык чым жа вы будзеце займацца — сабак ганяць?
Лёнік зірнуў на бацьку сакаліным поглядам.
— О-ёй — чым!.. Вунь па радыё чуў? Аб’явы перадаюць — на брокераў запрашаюць. — Мурзаты кулачок рэзнуў з-за вуха па туалетным століку. — Вось так, тата!
Альберта Патапавіча захістала.