Выбрать главу

3 неба зорачка упала,

Дур з галоўкі выбіла.

Дэпутата пакахала б —

Хутка перавыбары!

Ён прыгледзеўся — жонка! Памкнуўся крыкнуць ёй: «Куды прэш, дурніца, не бачыш?» Але ў той міг яго аж падкінула на ложку:

— Спіш, абібок, а долар зноў падскочыў у цане! — Жонка з раскудлачанымі мядзяна-рудымі валасамі стаяла ў дзвярах спальні. — Адна нага тут, а другая там, — тыцнула яна пальцам за дзверы.

За дзень набегаўся Міхась Арцёмавіч, як кавалерыйскі конь пад сядлом. Панерваваўся, папасварыўся ў чэргах абменных пунктаў з «ваўкамі» і «баранамі». Цяпер зразумеў — сон у руку: вось ён, квяцісты луг!

А ўвечары не паспеў прыткнуцца да падушкі, як сэрца абарвалася ў грудзях. Зайшоў у свой гараж, каб выруліць «жыгуля» і адвезці жонку на базар, а там — лупаты той на бліскучым, бы люстэрка, зялёным капоце бруднымі капытамі чачотку выбівае; аблезлы асцервянела драпае кіпцюрамі баранку руля і, як на сваім піліпаўскім вяселлі, глуха завывае: «Дайце жыці шэраму, дайце яму волю…» Міхась Арцёмавіч жахнуўся: як яны залезлі сюды праз тры звышсакрэтныя замкі?! Во праўда: займі чорта ад варот, дык ён цераз плот! «Ах, нячыстая сіла! — узгарэўся Міхась Арцёмавіч. Зараз я вас турну, ажно пяткі забрынчаць!»

Ды наступнае адбылося як у казцы Шэхерэзады.

— Галава? — Баран ледзь не вылузнуўся са скуры ад радасці, пабачыўшы Міхася Арцёмавіча. Скочыў на дол, усцешана страсянуў рагатай мазгаўнёй: — Нарэшце вы, доўгачаканы, з’явіліся! Мы выбралі ваша благароддзе галавой фірмы «Галопам у Еўропу». Прашу! — тыцнуў ён капытом у бок «жыгулёў».

«Мяне? — ледзь не вырвалася ў Міхася Арцёмавіча недарэчнае здзіўленне.— Дык я ж нікому на лапу не паклаў!.. А-а, Зінка! — хуценька змікіціў. — Не жонка ў мяне, а золата. Ваўку падміргне, барану ўсміхнецца…» I нібы віхура ўскінула яго на капот.

Баран ажно вочы вылупіў, а воўк рот разяваў ад нечаканасці — так урэзаў Міхась Арцёмавіч чачотку. I тут паўстала ў варотах гаража буйным планам жонка. Яна горача пляскала яму ў ладкі, а ён шалёна малаціў нагамі і салодка думаў: «Перш-наперш цяпер — строгі загад: ваўкам і авечкам — мірна пасвіцца на квяцістым лузе. 3 гэтага дня і назаўсёды. Калі ж бараны пачнуць пускаць у ход рогі — ваўкам рашуча прыводзіць іх да парадку ўсімі сродкамі, аж да непапулярных мераў. А дзень гэты з выпадку майго выбрання галавой лічыць у фірме «Галопам у Еўропу» афіцыйным святам».

…Каля боку ў Міхася Арцёмавіча сонна зачмокала вуснамі жонка. Сон яго як рукой зняло. Ён здрыгануўся і — заплакаў. Зараз зноў тыцне пальцам на дзверы і залямантуе: «Адна нага тут, другая там!».

А з неба ў акно пазіраў ясны месяц і мудра ўсміхаўся.

ЗАЯЦ, ЯК ЦЯЛЯ

Яны адпачывалі. Папахадзілі па пожнях са стрэльбамі і, упаляваўшы толькі ўласныя ногі, расклалі цяпельца на ўзлеску. Барадаты Сцяпан Сцяпанавіч пачухаў расхрыстаныя валасатыя грудзі, пазяхнуў.

— Вось я і кажу: вялікая выгада кліентам укладваць грошы ў наш банк. Дзвесце працэнтаў за…

— За які ўзнос? — заскочыў яму наперад з пытаннем круглатвары Павел Паўлавіч.

— Не перабівай! — незалюбіў Сцяпан Сцяпанавіч. — Усё па парадку. За мільён і…

— А за які тэрмін? —- Круглатвары нечага ажно заёрзаў па траве.

— Ну што ты, Павел, за чалавек? Не церпіцца табе, грошы кішэню прапальваюць? Па парадку, кажу. За тэрмін… — Сцяпан Сцяпанавіч раптам сам сябе перапыніў. — Стоп, Сцяпан. На прыродзе — пра нейкія справы? Глупства.

— Во гэта голас! — пляснуў далонямі Павел Паўлавіч. — Давай пра жанчын. Ведаеш, надоечы адна яркая бландзінка…

— Што, мала яшчэ цябе папакалолі?.. Дык пра што я?.. Ага, то вось слухай, было-о, братка, было. Хадзіў я на зайчыкаў, дык ведаеш якога ўпаляваў? Цяля!

— Ого! — Павел Паўлавіч крутнуў галавою, ажно ў шыі трэснула. — Гэта ў перабудову ўжо такія развяліся. У застойныя часы такога хіба што які сакратар абкома мог упаляваць.

— Я з аднаго ствала — і напавал! — наводмаш секануў Сцяпан Сцяпанавіч паветра. — А ён, даражэнькі, бяжыць.

— Ты што?!

— Ды цыц ты, балбатун! Колькі табе гаварыць — не перабівай, збіцца магу. От які нецярплівы ваш брат-укладчык! Так і ў банку… Ага, дык я, значыцца, з другога — а ён яшчэ хутчэй… Што, не верыш? Правільна, такое ўбачыш не часта, але запомні: супрацоўнікі «Універсал-Банк» ніколі не хлусяць… Ну, слухай далей. Пад дзвесце пяцьдзесят працэнтаў стане твой мільён як той заяц-цяля… Што ты на мяне пазіраеш нібы на тубыльца якога?

Трашчаў сушняк, весела скакалі язычкі полымя.