— Як жа, як жа — чуў. Гэтыя — дык з языка не спускаюць. Самае іхняе слова.
— Ай-я-яй! — роспачна пляснула далонямі бландзінка.— Сказана — дзярэўня. Яно, можа, азначае «калі ласка», а бабуля мая так на свінню крычыць, як з гароду выганяе. Ну, я там, на Канарскіх астравах, з гэтым замежным словам не падкачаю.
ПА ДАРОЗЕ ДА КУМА
Паліла сонца. З-пад шатаў разгалістай дзічкі Гардзей жмурыўся на белы свет. То ўзіраўся некуды ў даль палявую, то цікаваў за сваімі козамі, што ласаваліся на прыбярэжжы плыткай рачулкі травой-муравой. Не пачуў, як ззаду зашорхаў чаравікамі Кандрат.
— Задрамаў? — гукнуў Кандрат як ні пад вуха яму.
— Ты паглядзі на казлянят, што вытвараюць! — На гардзеевым памаршчыненым твары зацеплілася ціхая ўсмешка.
Кандрат быццам не пачуў яго слоў.
— У Скепню іду. Да кума на чарку. А табе — дык гэтыя козы ўвесь свет засцілі.
— Бо малако хутка будуць адпускаць не па картках нават, а па рэцэптах.
Шэрае казляня падбегла, лізнула Гардзею руку
— Паглядзеў бы па тэлевізары, што ў людзей у гарадах! Свята ж. У цэрквах бацюшкі малебны служаць, вялікія начальнікі стаяць са свечкамі такія супакоеныя, пакорныя, ну хоць на іх саміх маліся.
— Гэта тыя, што парцейнымі шышкамі былі? То яны ж такія вернікі, як мой Патап,— Гардзей кіўнуў на паджаранага казла з прыгожымі ўгнутымі рагамі.
— Ха! У твайго ж Патапа барада, як у Івана Грознага. А рогі, рогі якія!
— Нячыстая сіла таксама з рагамі, толькі ў яе іх не відаць.
— На што ты, суседзе мой дабрачынны, намякаеш?.. Бач яго, палітык-казапас! Глядзі вунь лепш, каб козы ў капусту не ўварваліся.
Пачуўшы пра капусту, Патап перастаў скубці траву, скасіў на іх жоўтае вока.
— А на то намякаю, што бачу. Распераўаліся хааугі. І моляцца, і прыгожа гавораць розныя казкі-байкі, а самі рвуць і хапаюць дзе хто можа. І да зямлі ўжо дабіраюцца.
— Што ты ўставіўся на мяне, як анёл на д’ябла? Ну прыхапіў я паўгектара ўзлеску, балацявіны нікчэмнай, ну?.. Увесь у рубцах і маршчынах, а ўсё косішся на людзей, усё табе крыва.
Патап ударыў капытом у дол, страсянуў рагамі.
— О, закапрызіў нечага. Брысь, разбойнік! — замахнуўся на яго Кандрат. — А малы быў — таксама рукі лізаў.
Гардзей перавёў позірк у даль палявую. Недзе там два звонкія мужчынскія галасы спявалі: «Рыссю, мой косю, рыссю, вараны, аж да сіняга Дунаю».
— Ну, заставайся здаровы, праўдалюбец, — ухмыльнуўся Кандрат. Ступіў да кладкі, каб перайсці рачулку, і раптам усклікнуў:
— Ой!
Патап скочыў і падчапіў яго сваімі прыгожымі вогнутымі рагамі ніжэй паясніцы.
— От ваўкарэзіна! Гэта ж — ззаду! А каб так — спераду?.. Жывеш вось і не ведаеш, які Патап калі і куды табе садане.