Выбрать главу

— Ну вось, рухацца чалавеку трэба, а ён, не раўнуючы, як тая калода ляжыць цэлымі днямі. Цяпер во таксама: два кварталы прайсці, дык навошта той тралейбус табе?

— А што ты думаеш? Твая, браце Мікалай, праўда, — ахвотна згадзіўся Дудзянок. — Памалу, паціхеньку патупаем, спяшацца няма куды.

Яны рушылі, прайшлі некалькі крокаў.

— Прайсціся — яно… — Дудзянок раптам абарваў гаворку, спыніўся, быццам прырос да зямлі.

— Што з табою — сэрца?

— Сэрца, канешне, трэба берагчы. I ногі таксама. — Твар Дудзянка быў засяроджаны. — Навошта мне гэта: грошы заплаціў — і бі ногі. У мяне ж праязны.

ІНІЦЫЯТЫВА

Яны сядзелі адзін насупраць аднаго. Барыс Барысавіч за сваім рабочым сталом сачыняў, як ён казаў, дзелавую паперу ў інстанцыю. Сяргей Сяргеевіч, які прыбег з суседняга пакоя, чакаў моманту «язык памасажыраваць». «Ну і губа! — Ён ціхенька хіхікнуў сам сабе. — Як цадзілка. Гэта яна заўсёды так адвісае, калі ён сачыняе дзелавыя паперы?»

— Што ты так пільна пазіраеш на мяне? — Барыс Барысавіч не сказаў — праклекатаў, нібы перакочваў што ў роце. Вейкі яго не варухнуліся.

— Вывучаю цябе.

— Ну і што вывучыў?

— Падумаў: які б ты быў, Барыс Барысавіч, каб стаў дырэктарам?

— А што, і сапраўды пара мяне ў дырэктарскае крэсла. Столькі год укалваю, хопіць. Дырэктар райзаготканторы… Гучыць! — Самапіска спынілася. — Чаго ты такі хмурны? Мы і тады будзем сустракацца. Ну, дык які я, значыцца, буду?

— Як табе сказаць… Такі, ведаеш, як індык. — Сяргей Сяргеевіч сказаў і прыкрыў рот далоняй. Вочы яго палезлі на лоб: во ляпнуў! Што цяпер будзе? Вунь Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам за гусака… Ён не адважыўся дадумаць гэтую думку да канца — жах! «От недарэка! Баран няшчасны, неандэрталец! — лаяў сябе на чым свет стаіць. — А што калі ён зараз урэжа па кумпалу, што ні адзін інжынер па чарцяжах не збярэ потым? Кулачышчы ж вунь — пудовыя!..»

Барыс Барысавіч павольна паклаў самапіску, набычана паглядзеў на Сяргея Сяргеевіча.

Ляпнулі дзверы.

— Што за нарада ў рабочы час? — Пакой запоўніла мажная постаць дырэктара. У апошні, і нават перадапошні час ён і раней заходзіў сюды.— Начальству косці пераціраеце?

Абодва ўсхапіліся.

— Як можна, Сямён Сямёнавіч! Начальства мы шануем. — Барыс Барысавіч бліснуў у бок Сяргея Сяргеевіча чорнымі, шпаркімі, як жучкі, вочкамі. — Мы тут вось раіліся…

— Ага, мяркуем выступіць з ініцыятывай…

— 3 якой, бясцэнныя мае? — Сямён Сямёнавіч уклаў у сваю інтанацыю ладную дозу дырэктарскага сарказма.

— Яшчэ не прыдумалі. Але абавязкова прыдумаем, мы не падвядзем.

Далоні дырэктара выкрасалі іскры.

— Малайцы. На ініцыятывы ў нас апошнім часам нешта беднавата. Нідзе нас не чуваць. Дзейнічайце!

Так жа шырока зеўранулі дзверы, і дырэктар знік, як прывід.

— Гусак, — напаўголаса атэставаў яго ўслед Барыс Барысавіч,— ге-ге-ге… Адгегекаў, лічы.

Раптам вочы яго бліснулі, ён выпнуў грудзі.

— Дык кажаш, як індык? Та-ак, браце, індык — не якісьці там гусак, паважная птушка. Ходзіць, значыцца, па двары сярод курэй ды качак… А то і гуску ўшчыкне. Гаспадар!.. Дык ты от што: не цягні, прыдумвай ініцыятыву. Зразумеў?

— Ага, бо той студэнт пакуль цераз губу пераплюне… А тым часам наша прагрэсіўка…

— Які студэнт? Што ты вярзеш?

— Як які? Ты не чуў хіба? Усе збіраюцца выбіраць новым дырэктарам тавараведа Дземідзенку. Малады, талковы, з дыпломам.

Барыс Барысавіч раптам сігануў да дзвярэй.

— Пачакай, куды ты? — Сяргей Сяргеевіч ступіў услед за ім. Але той крутнуўся, наставіў яму да грудзей далоні:

— Не, я першы павіншую таварыша Дземідзенку, я першы!..

УЗБАГАЦІЎСЯ

Мастак Ігар Корчык ехаў у любімы горад ва ўзнёслым настроі. А чаму б не быць яму ў гуморы? Жыццё яго цякло як тая светлая ручаіна паміж алешын і лазняку, якую ён нядаўна так натуральна проста намаляваў алеем на палатне, — скакойна і роўна.

Дзесці апоўначы Ігар Альбертавіч падышоў да бакавушкі ў вестыбюлі вялізнай гасцініцы.

~ Таварыш адміністратар, пасяліце мяне, калі ласка, — гукнуў у акенца, нічога там не бачачы ў паўзмроку.

— У нашай гасцініцы кладуць на ложак па аднаму чалавек. А цяпер на ўсіх ложках спяць, — пачуўся з кутка незадаволены жаночы голас. I там на канапе паварушылася коўдра.

Корчык абурыўся такой няўважлівасцю, але прымірэнча падумаў, што, можа, у чалавека нервы не ў парадку, і сказаў прыцішана: