Выбрать главу

— Дык, можа б, таварыш адміністратар, раскладушку дзе-небудзь паставіць?

Жанчына не адказала. А неўзабаве з бакавушкі пачулася спакойнае соннае сапенне. «Вось дык праява, — разгублена падумаў Ігар Альбертавіч. — Дрыхне ці што?»

Ён нерашуча патаптаўся на месцы, падышоў да швейцара, які цягуча пазяхаў каля акна.

— Можа, дзе ў калідоры канапа пустуе? — спытаў, спадзеючыся на яго спагаду. На ўсякі выпадак ніжэй нахіліў галаву, каб паказаць сваю ветлівасць.

— Я туды не хаджу, — хрыпла адказаў швейцар. — Мая справа — пры дзвярах.

— Але, можа, зрабілі б ласку, зірнулі…

3 бакавушкі данёсся гаротны ўздых:

— О, насланнё… Грамадзянін, што вы тут распараджаецеся? Чаму спаць людзям перашкаджаеце? Я зараз папрашу…

Ігар Альбертавіч апасліва паглядзеў на акно, па шыбах якога забарабанілі цяжкія кроплі дажджу, прыгнечана змоўк. Роспачна падумаў: «Ну, што ты цяпер зробіш з ёю? Бач, распатворала! Нічога, раніцай яна ў мяне інакш загаворыць».

Астатак ночы ён прамарнеў на расхістаным рыпучым крэсле.

Ужо рэпрадуктар на сцяне запрашаў на фіззарадку, калі Корчыка аж напалохаў вокрык з акенца:

— Давайце ваш пашпарт, грамадзянін.

У бакавушцы сядзела элегантная жанчына ў акулярах, з капой мядзяна блішчастых валасоў. Пафарбаваныя вусны яе смыкалі цыгарэту.

— Ну, вось і ўсё у парадку, — пыхкнула яна дымам Корчыку ў твар, падаючы пропуск. — А вы шум падымалі. На трэці паверх…

У пакоі, у якім адміністратар вызначыла Ігару Альбертавічу месца, малады хлопец у спартыўным касцюме ўсклікнуў:

— Во добра! Удвух весялей будзе. А то цэлы вечар учора не было з кім і словам перакінуцца.

Корчык, які трыбушыў каля шафы свой партфель, выпрастаўся, зірнуў на спартсмена і раптам кінуўся ўніз. Сігаючы праз дзве прыступкі па шырокай лесвіцы, засланай мяккім дываном, ён аж заходзіўся гнеўнымі думкамі: «Ды я цябе ў пух разнясу, бюракратка пагарджаная! Зараз я табе пакажу, як нікчэмныя фанабэрыі свае строіць!» Ігар Альбертавіч уяўляў, як спалохаецца яна, як будзе прасіць у яго прабачэння. Але ён не даруе ёй. Не таму, што мастак Корчык такі жорсткі чалавек. Бюракраты слязу пускаюць, калі ім трымаць адказ трэба. Небяспека мінула — яны зноў за сваё. 3 імі трэба рашуча.

— Валянціна Іванаўна, тое месца, якое вы мне вызначылі, з учарашняга дня пуставала, — крыкнуў Корчык, уціснуўшыся ў акенца бакавушкі шырокімі плячамі.

— Вы ўжо ведаеце, як і завуць мяне?

— Каб вас ды не ведаць? Завочна, з дапамогай пакаёўкі, пазнаёміўся,— кінуў Ігар Аль6ертавіч з выклікам, учапіўшыся пальцамі за свой круглы падбародак. — Знаёмствы ж заўсёды чым-небудзь уз6агачаюць чалавека. Мяне таксама…

Яна не дала яму дагаварыць.

— Ох, гэтыя мужчыны!.. — Сказала і паківала пальцам з пярсцёнкам, на якім зіхотка пераліваўся вялікі александрыт. — Не паспее каторы ад жонкі адвярнуцца, а ўжо знаёмствы заводзіць.

Вусны яе ўсміхаліся, а вочы за шклом акуляраў былі як снежныя камякі — празрыста-шэрыя і халодныя. «Цяпер і яна іншым галасам загаварыла, паджартоўвае. Канечне, выспаўшыся, можна і пажартаваць», — саркастычна падумаў Корчык.

— Дык чаму ж, Валянціна Іванаўна, я з вашае ласкі на рыпучым крэсле паўночы гібеў? — зноў павярнуў ён на сваё. — Дайце мне, калі ласка, кнігу скаргаў.

На падфарбаваных вуснах па-ранейшаму іграла ўсмешка, толькі ў глыбіні зрэнкаў успыхнуў і прытаіўся жорсткі бляск.

— Вы чаго, грамадзянін, чэпіцеся? Будзеце прыставаць — я напішу. Уварваўся п’яны сярод ночы ў гасцініцу, а цяпер яшчэ чэпіцца!

— Я п’яны быў?! Ды вас жа за паклёп — да адказнасці! Пад суд!

Валянціна Іванаўна зларадна ўсміхнулася.

— А што на судзе сведка скажа — швейцар? Хто прыставаў да яго, каб канапу шукаў? Ад каго перагарам несла?

Корчык як стаяў, апусіцўшы рукі, так і знерухомеў. Толькі лыпаў вачамі, як ачмурэлы. Уміг яго быццам варам абдало. Але ж сапраўды... Учора ў вагоне ён сапраўды выпіў бутэльку піва. Горача было, смага мучыла — дык ён і выпіў за ўсё лета ўпершыню. I собіла ж якраз! Швейцар пацвердзіць, і даказвай потым…

Валянціна Іванаўна яшчэ нешта гаварыла, але Корчык ужо не прыслухоўваўся да яе слоў. Бездапаможна зірнуўшы на жанчыну, ён павярнуўся і — шмыгнуў за дзверы.

На вуліцы, заспакойваючы сябе, падумаў: «Ат, ліха з ёю. Інтэлігентны чалавек павінен умець узняцца над асабістай крыўдаю». I адчуў — узбагаціўся.

БОЦІКІ «КАЗАЧОК»

I трэба ж здарыцца так! Зінаіда Панцялееўна, стоячы ў чарзе за вельветавымі джынсамі, упусціла з рукі дваццацікапеечную манету. Пачала шукаць, ды замест яе знайшла пяцёрку — нейкая разява згубіла.

Назаўтра яна зноў завітала ў магазін, сама не ведаючы, а дакладней, не прызнаючыся сабе, — чаго. Пераступіла парог і ахнула: давалі боцікі фасона «казачок». Жаночая чарга гула ўзбуджаным рознагалоссем. Боцікі — цуд; каблук прамы, нос востры, халявы гармонікам! Але ж, прыкінула Зінаіда Панцялееўна, калі станавіцца ў хвост, не меней як гадзіну прастаіш, ды ці не разбяруць яшчэ, пакуль твая чарга дойдзе!.. I яна прыняла рашэнне: папрацаваць локцямі. Хіба гэтая размаляваная пісклявая драбяза ўстаіць супраць, як кажа муж, танканага націску!