Яна рушыла. Тая ўправа адлятала ад яе, тая ўлева… Усчаўся вэрхал, гвалт: нахабства, вераломства! Аднак Зінаіда Панцялееўна хутка ўсіх супакоіла.
— Чаго заекаталі? Я маю права без чаргі! — грымнула яна так, што бліжніх аж ударыла паветранай хваляй, як ад выбуху.
— Чаму, на якой падставе?
— Што, можа дакументы паказаць? От людзі пасталі!.. Ды і не вашы ж я вазьму! Мне саракавы памер трэба. А ну сціхніце!
Запанавала такая цішыня, што чуваць было, як, разгублена і вінавата міргаючы, зашамацелі панаклейваныя вейкі.
Калі Зінаіда Панцялееўна, прымераўшы боты, збіралася ісці ў касу, каб выбіць чэк, яе раптам асяніла: не можа быць, каб у такой таўкатні хто-небудзь з гэтага варання грошы не згубіў! Рашэнне прыйшло само сабою: важкая манета шлёпнулася каля яе ног.
— Бабанькі, капітал выпаў. Не штурхайцеся так, я пашукаю, — з паблажлівай жартаўлівасцю, разлічанай на прымірэнчы эфект, праракатала яна.
Жанчыны крыху расступіліся, але, занятыя сваім клопатам, не звярталі на Зінаіду Панцялееўну ўвагі. Яна таропка шнырыла рукамі з залатымі пярсцёнкамі на пальцах па падлозе, ды ні скамечанай купюры, ні сваёй манеты так і не знайшла. Пальцы раптам намацалі шчыліну ў падлозе, і яна ўсё зразумела. У душу кіпенем хлынулі роспач і злосць.
Плацячы грошы за боцікі, Зінаіда Панцялееўна аж калацілася ўся. Медзякі, калі адлічвала іх, дробненька бразгаталі ў яе руках. Можа, яна і супакоілася б неўзабаве, каб яе не абурыла яшчэ адна ганебная акалічнасць. Вярнуўшыся ў аддзел, яна пачула, як прадаўшчыца, чарнявая дзяўчына з белай ружай у валасах, кінула маладой пакупніцы:
— Не падабаецца — можаце не купляць, ніхто вам іх не навязвае.
— Гэта вы так з пакупнікамі размаўляеце? — выдыхнула Зінаіда Панцяяееўна тонам, які не прадказваў прадаўшчыцы нічога добрага. — Такой культураю вы прывячаеце нашага брата? Кнігу скаргаў мне!
— Дык я ж... Даруйце, калі ласка, — узмалілася белая ружа.
— Вам даруй, дык вы на галаву сядзеце! Бач, расперазаліся! Хто для каго: мы для вас ці вы для нас? Ну, каму сказала — кнігу схаргаў! I самапіску!
— Але ж у нас кніга не «скаргаў», а «прапаноў». Скаргаў на нас не бывае.
— Усё роўна давай! Зараз я вам прапанову дык прапанову напішу!
Праз мінуту, адышоўшы да акна, Зінаіда Панцялееўна ў кнізе нрапавоў запісала: «У магазіне няма элементарнага парадку…»
— Падыдзіце заўтра, я вам знайду яшчэ пару югаслаўскіх,— шапарнула ёй пад вуха белая ружа.
Зінаіда Панцялееўна і брывом не павяла, быццам не чула. 3-пад самапіскі, якую яна старанна вадзіла, каліграфічным почыркам вымалёўваліся словы: «Не, вярней — не было парадку. Цяпер ёсць, цяпер поўны парадак. Што і сведчым: больш за сотню ўдзячных жанчын, што ціха і мірна стаім у чарзе за цудоўнымі боцікамі «казачок».
Элегантныя рукі белай ружы ўзялі кнігу, моцна ашчаперылі, і з пышных грудзей вырваўся гаротны ўздых:
— Загадчыцы прадуктовай базы — не адмовіш, білетнай касірцы на чыгуначнай станцыі — таксама трэба ўдружыць, загадчыца парфумернай секцыі — парфуму модную абяцала…
— У пачатку дня падысці? — далікатна перапыніла яе Зінаіда Панцялееўна.
Белая ружа чароўна ўсміхнулася падрумяненым тварам з сімпатычнымі ямачкамі на шчоках:
— Не, у пачатку наступнага года.
ЛЯЧЭБНЫЯ ЗАХАПЛЕННІ
Санаторны ўрач Марына Панцеляймонаўна, маладая жанчына з пабеленымі валасамі і залатымі пярсцёнкамі на пульхных пальцах, бадзёра запэўніла бухгалтара Атрошчанку:
— Вылечым мы ваш гіперацыдны гастрыт, не сумнявайцеся, малады чалавек. За гадзіну-паўтары да яды будзеце піць па шклянцы лячэбнай вады «Друскінінкай». На нашым курорце розныя хваробы лечаць. Напрыклад, у другім бювеце — вада «Дзукія». Тая — ад анацыднага гастрыта. А ў вас — гіперацыдны. Дні са тры адапціруйцеся, потым пап’яце «Друскінінкай»…
— I ўсё лячэнне? — здзіўлена запытаў Атрошчанка. Да слоў урача ён паставіўся з недаверам: якая можа быць карысць ад вады?
— Не ўсё, не. Пабольш хадзіце, захапляйцеся, малады чалавек, прыродай. Захапленне таксама, калі хочаце ведаць, лячэбная працэдура. Яно выклікае прыемныя эмоцыі, а яны дабратворна ўплываюць на нервовую сістэму. Так што — піце ваду і весела баўце час. А захапляцца на нашым курорце ёсць чым.