У галаве ў Атрошчанкі мільганула саркастычная думка: «Ад вады павесялішся! Самае пітво для весялосці». Але ён сярдзіта абарваў сябе: «Выкінь гэта з галавы! Даў сабе слова, дык трымайся — лячыцца ж прыехаў».
Марына Панцеляймонаўна паглядзела на яго так уважліва і добразычліва, што ён зразумеў: цяпер ён — выратаваны, цяпер — канец яго пакутам.
Па першым часе нішто не прыцягвала Атрошчанкаву ўвагу. Хадзіў ён маркотны і замкнёны. Ёў усё, што ставілі на стол. Афіцыянткі адразу зауважылі гэта і сталі прыносіць яму дабаўку.
Але пакрысе ён пачаў захапляцца. Спачатку — магутнымі соснамі па-над Нёманам. Якія яны прыгожыя і ўрачыста-велічныя! Загадкава шэпчуць штосьці таямніча-ўзрушлівае, здаўна знаёмае Атрошчанку.
Потым — салаўямі. Як зацёхкаюць у прыбярэжнай гушчэчы, як зойдуцца — душу пераварочваюць! Атрошчанку ўжо не рупіў паўгадавы баланс, які трэба будзе яму складаць неўзабаве. Аднойчы яму падумалася: «Мне б цяпер вершы пісаць, каб умеў… А можа, паспрабаваць? Што я, горшы за грыба таго старога, паштальёна Старасотнікава? Той жа амаль кожны месяц у раённай газеце ганарары мае…»
Іншы раз Атрошчанку карцела: пужнуў бы тых салаўёў — кыш, спакуснікі, усё падбіваеце. Добра б — на вершы толькі. Ды дзе там!.. Слухаеш вас, кустоўных салістаў, а самому і думаецца, і мроіцца, мроіцца салодка-узрушлівае…
Сонечным нядзельным ранкам Атрошчанка, падбадзёраны салаўямі, борзда пашыбаваў да збудавання з рознакаляровымі шыбамі ў вокнах, што гасцінна гаспадарыла на беразе Нёмана. Чамусьці вельмі спяшаўся, усё роўна як прадчуваў нешта незвычайнае. А там ужо людзей было — як насення ў сасновай шышцы. Ціснуліся да вялізнага грыба пасярод бювета, локці ў ход пускалі. Вядома ж — па здароўе лезлі, не абы якую — лячэбную ваду піць.
Атрошчанка, не надта задумваючыся, да якога крана яму кіравацца, таксама ўшчаміўся ў натоўп. I раптам зусім побач убачыў гулліва-ўсмешлівы твар. Адвярнуўся, але адразу вочы яго пацягнула ў той бок як магнітам. Крадком прыгледзеўся. Твар належаў зграбнай маладзіцы гадоў пад трыццаць.
Потым яны недалёка адзін ад аднаго стаялі каля сценкі бювета, пілі ваду з невялічкіх адмысловых фарфоравых чайнічкаў. Жанчына дробненька глытала і бліскала з-пад пушыстых веек сінімі маланкамі.
Атрошчанка не заўважыў, як яго чайнічак апусцеў. Здавалася, толькі два-тры разы глытнуў, і ўжо дно — вышай барады. Нейкая невядомая сіла трымала яго ў бювеце, але ж не будзеш так проста стаяць слупам, вочы мазоліць чалавеку. Ён зноў пасунуўся да грыба, падставіў чайнічак пад бойкі цурок.
Так вось, неўпрыкмет, пакрысе пачаў ён піць штораз па дзве-тры порцыі лячэбнай вады. I падужэў. Бадзёры стаў. Куды і падзелася яго ранейшая санлівасць! На досвітку прахопіцца, сядзе каля акна і глядзіць, як разгараецца зара. А салаўі тым часам — аж шалеюць.
Крадком ад самога сябе Атрошчанка пазіраў на свае вялікія чырвоныя рукі, парослыя рудымі валасамі. Выцягваў з кішэні люстэрка, вывучаў твар. Бровы яго ссоўваліся: каб не нос бульбінай і не прыкрыя маршчыны каля рота, дык быў бы ён, думалася яму, вельмі прыгожы мужчына. I рост у яго што трэба, і вочы сакаліныя. Варта было толькі нешта рабіць з тымі разорамі каля рота, неяк замаскіраваць іх.
Мудрыя рашэнні — самыя простыя, і прыходзяць яны неспадзявана. Вусы!.. Трэба адгадаваць вусы. Тут табе і маскіроўка, і прыгажосць, і мода…
Праз тыдзень яго твар упрыгожвалі пекныя, хоць і рудаватыя, вусікі, якія, як ён адзначыў, прыцягвалі ўвагу маладзічкі. Ён усё даўжэй прастойваў у бювеце побач з ёю, каўтаючы лячэбную ваду чайнічак за чайнічкам.
Аднаго разу і маладзічка даўжэй, чым звычайна, затрымала на Атрошчанку прыязны позірк і чароўна ўсміхнулася малінавымі вуснамі. У яго раптам аж вада лінулася з наска чайнічка — так скаланулася рука чамусьці.
— За ваша здароўечка, — нечакана выпаліў ён.
Жанчына засмяялася. Яе смех прагучаў для яго сярэбраным званочкам.
Увечары яны разам прагульваліся па беразе Нёмана. Доўга, як ні да самага адбою. А хіба ён горшы за іншых? Не сядзець жа яму крыцаю ў пакоі. На курорце ж, кажуць, усе так. Тым больш, што курортныя захапленні — лячэбныя.
3 таго часу сярэбраны званочак званіў Атрошчанку і наяву, і ў сне. Яны хадзілі ў кіно, на танцы, на вячэрнія прагулкі. Захапленняў было!.. Словам, усё, як Марына Панцеляўмонаўна яму наказвала.
Але курорт — не родны дом. Пажыў чатыры тыдні — і збірай манаткі. Напярэдадні ад’езду дадому Атрошчанка з маладзічкай пайшоў па знаёмых сцежках у сасновай гасподзе па-над Нёманам. Так прыемна яму было, так хораша! Ды там і падсцерагло яго ліха. У той момант, як ён, спыніўшыся пад таямніча-маўклівай сасной, узяў маладзічку за трапяткія пальцы, яму аж у вачах пацямнела — так разанула ў жываце. Трэба было спешна развітвацца. А як?