Выбрать главу

Мікола АЎРАМЧЫК

УСПАМІНЫ

СТАРОНКІ ПАМЯЦІ

Да вайны пры Доме пісьменніка існаваў кабінет маладога аўтара.

Аднойчы я, вучань-дзевяцікласнік, паслаў туды сваё апавяданне. Я не ведаў тады, хто працуе ў гэтым кабінеце. I не меў ніякага ўяўлення пра дапамогу, якую там аказваюць.

I раптам сам дырэктар школы прынёс у клас пакет і, аддаючы яго мне, з гонарам прамовіў:

— Ад Кузьмы Чорнага!..

Прыкладна за год перад гэтым выйшаў асобнай кнігай раман «Трэцяе пакаленне». Можаце сабе ўявіць, што адбывалася ў маёй душы, калі я прачытаў зваротны адрас і, хвалюючыся, дрыготкімі рукамі пачаў расклейваць вялікі канверт, надпісаны рукой пісьменніка, творы якога мы вывучалі ў школе, а п’есу «Бацькаўшчына» нашы настаўнікі ставілі на сцэне калгаснага клуба.

Маё апавяданне было напісана ў звычайным вучнёўскім сшытку і займала дзесяць — дванаццаць лістоў.

Кузьма Чорны вярнуў яго мне, пакрэсленае, з надпісамі і заўвагамі над асобнымі сказамі і на палях сшытка. Яны былі напісаны простым алоўкам. Некаторыя з іх назаўсёды запалі ў маю памяць: «Цікавая пабудова сказа», «Схематычна», «Суха».

Разам з апавяданнем у канверце ляжаў доўгі ліст, напісаны чарнілам. Займаў ён некалькі старонак, вырваных з нейкага блакнота. Старонкі былі спісаны ўборыстым, характэрным почыркам.

Цяпер я не помню зместу ліста. Мне нават цяжка ўявіць, што можна было напісаць на гэтулькіх старонках пра наіўнае вучнёўскае апавяданне.

Але затое я ўяўляю, якой душы быў гэты чалавек, якое ён меў вялікае сэрца!

***

У старэйшых класах сярэдняй школы я любіў чытаць апавяданні Змітрака Бядулі. Захапляўся яго вершамі і імпрэсіямі, асабліва такімі, як: «На горне душы першы верш я каваў», «Начлежнікі пяюць», «Дазволь», «Свеціць месяц», «Я пайшоў у сыр-бор»...

Якраз тады выйшаў з друку вялікі першы том Збору твораў пісьменніка, куды ўвайшлі яго паэмы, вершы і імпрэсіі.

Упершыню я ўбачыў Змітрака Бядулю ў Доме пісьменнікаў. Да вайны там, на першым паверсе, у невялікім фае, перад уваходам у бібліятэку, праходзілі абмеркаванні новых твораў вядомых і маладых аўтараў. На абмеркаванні збіралася пятнаццаць — дваццаць пісьменнікаў. Зрэдку прыходзіў Янка Купала.

Добра памятаю, як Аркадзь Куляшоў на абмеркаванні ўголас чытаў паэму «У зялёнай дуброве»... Прыгадваю, як абмяркоўваўся зборнік «Слава жыццю» Анатоля Астрэйкі... Нас з Аляксеем Коршакам асабліва ўразіў глыбокі крытычны аналіз вершаў, зроблены Аркадзем Куляшовым.

Я быў здзіўлены, што Змітрок Бядуля на гэтых абмеркаваннях звычайна маўкліва адседжваўся дзе-небудзь у кутку. Штосьці дэманічнае бы­ло ў яго абліччы з курчавымі валасамі, вялікімі вачыма і губамі. Магчыма, такое ўражанне склалася ў мяне ад яго рамантычных і разам з тым нейкіх таямнічых імпрэсій. А тут яно яшчэ больш усталявалася пад уплывам знешняга выгляду пісьменніка.

Неўзабаве гэта ўражанне ўзмацнілася.

Разам са мной у «Піянеры Беларусі» — я та­ды сумяшчаў працу з вучобаю — працаваў малады празаік Павел Левановіч. Ён выдаў для юнацтва зборнік апавяданняў. А пазней падрыхтаваў да друку другую кніжку і здаў яе ў выдавецтва. Апошняе чамусьці перадало рукапіс для абмеркавання ў Саюз пісьменнікаў. Я прысутнічаў на абмеркаванні.

Да гэтага часу помню выступление Змітрака Бядулі. Ён папрасіў слова, устаў і пачаў падрабязна разглядаць і крытыкаваць апавяданні, адзначыўшы, што Левановічу дапамаглі зрабіць першую кнігу, а ён цяпер паспяшаўся здаць у вы­давецтва сырыя творы, над якімі трэба яшчэ шмат працаваць.

Змітрок Бядуля гаварыў усё гэта з нейкім болем і шкадаваннем, з пранікнёнай сумленнасцю...

Пасля гэтага выступления ён здаўся мне яшчэ больш дэманічным.

Аднойчы вясной у нашым інстытуце, які знаходзіўся тады ў глыбіні двара па вуліцы Карла

Маркса, у будынку, дзе цяпер размяшчаецца рэспубліканская камсамольская школа, нечакана адбылася сустрэча студэнтаў са Змітраком Бядулем. Не было ніякіх афіш. Надвячоркам сакратар камітэта камсамола факультэта аб явіў у чытальні, што праз некалькі хвілін у актавай зале будзэ выступаць Змітрок Бядуля. I пачаў угаворваць мяне, каб я таксама выступіў. Я страшэнна спалохаўся, бо пасля абмеркавання кнігі Паўла Левановіча ў мяне склалася ўражанне, што Змітрок Бядуля чалавек вельмі суровы, патрабавальны і строгі... Дый што чытаць студэнту перад вядомым пісьменнікам?..

Але здарылася так, што ў той адвячорак у чытальні не было нікога іншага з нашых пачаткоўцаў і сакратар не адышоў, пакуль не атрымаў маю згоду. Ён пераканаў мяне тым, што сам Змітрок Бядуля просіць, каб хто-небудзь з нашых пачаткоўцаў абавязкова выступіў разам з ім...