Выбрать главу

Пятро Глебка ўмеў вельмі добразычліва падтрымаць задуму пачаткоўца, мог трапна заўважыць і дакладна вызначыць пэўную схільнасць творчай індывідуальнасці. Помніцца, у студэнцкія гады ў мяне ўзнікла задума аднаго верша. Я пачаў пісаць яго, але адразу ж усумніўся ў неабходнасці прадаўжэння працы. Мне здалося, што гэтая задума не дае права на верш. Неяк пасля заняткаў літгуртка я нясмела звярнуўся за парадай да Пятра Фёдаравіча. Ён так пераканаўча абгрунтоўваў маю думку, з такім натхненнем развіваў яе глыбей, як быццам гэта была ўжо яго задума, якую ён аддаваў мне. Да поўначы хадзілі мы тады па вячэрнім Мінску. Ад шчасця я быў на сёмым небе.

Кампазіцыйны план верша для мяне заўсёды з’яўляўся галоўнай перадумовай вобразнага ўвасаблення задумы. Я быў здзіўлены тым, што Пятро Глебка на падставе толькі аднаго-двух маіх вершаў адчуў гэтую схільнасць і звярнуў на яе ўвагу ў адным са сваіх артыкулаў. Успамін пра гэта вельмі кранае мяне, бо, апрача Пятра Фёдаравіча Глебкі, ніводзін рэцэнзент маіх вершаў да сённяшняга дня не заўважыў такой маёй схільнасці.

Яму, прызнанаму майстру слова, можа, як Hiкому іншаму, быў уласцівы гаспадарскі клопат аб развіцці беларускай літаратуры. У маёй памяці паўстаюць пасляваенныя пасяджэнні секцыі паэзіі, якую ў свой час узначальваў Пятро Глебка. Гэтыя таварыскія, глыбока прынцыповыя абмеркаванні новых твораў і маладых аўтараў, і паэтаў старэйшага пакалення былі для нас сапраўднай школай паэтычнага майстэрства. I тон, і настрой на гэтых абмеркаваннях заўсёды задаваў Пятро Фёдаравіч.У час шматлікіх паездак па краіне ў сувязі з ушанаваннем памяці Янкі Купалы, калі толькі здаралася якая-небудзь затрымка ці непаразуменне, Уладзіслава Францаўна з жалем гаварыла: «Ах, як тут не хапае Пятра Глебкі!.. Ён адразу выправіў бы становішча!» Такімі рысамі чалавечага характару Пятра Фёдаравіча надзяліла прырода. Пры ўсім жаданні іх нельга пераняць або пазычыць у каго-небудзь іншага.

Кажуць, што першае ўражанне ад сустрэчы з чалавекам можа быць памылковае. Шчыра ска­жу, што пазней Пятро Глебка ўжо ніколі не ўяўляўся такім, якім ён здаўся мне тады, у Доме пісьменнікаў. Можа, таму, што ў той час я глядзеў на яго юначымі вачыма. А можа, таму, што Пятру Фёдаравічу было тады ўсяго толькі трыццаць тры гады.

Не сказаў бы я цяпер, што Пятро Глебка быў такі ўжо жвавы, вясёлы... Наадварот, ён быў стрыманы, разважлівы, але заўсёды нейкі элегантны, дыпламатычны, далікатны. Такі ён здаваўся мне ў жыцці, такі ён застаўся ў маёй памяці.

1975

ЛІСТ ПРЫЗНАННЯ

Пімену Панчанку

Дарагі дружа!

Як імкліва бяжыць час!.. Нават не верыцца, што мінула ўжо сорак гадоў з тае пары, калі вер­шы маладога настаўніка з суседняга раёна ўсё часцей і часцей паяўляліся на старонках нашых рэспубліканскіх газет і часопісаў. Мяне, дзесяцікласніка, яны і ашаламлялі і зачароўвалі... Я не ўтрымаўся — і напісаў табе, таму настаўніку, наіўнаваты вучнёўскі ліст. Ты адказаў добразычлівым сяброўскім лістом.

А праз год, сонечным асеннім днём, у інтэрнаце мінскага педінстытута нас пазнаёмілі Іван Грамовіч і Рыгор Няхай.

Помню, як мы ўдвух блукалі па студэнцкім скверы, шпацыравалі па тратуары пад каштанамі вуліцы імя 11 ліпеня, паблізу крытага Віленскага рынку.

Ты з захапленнем расказваў пра сасновыя ба­ры лясной Кіраўшчыны. Прызнаўся, што ў вольны ад школьнае працы час, прылёгшы на траву, любіш углядацца ў блакітнае неба, па якім, як тапаліны пух, зрэдку праплываюць лёгкія аблачынкі.

Потым мы прыйшлі ў вестыбюль галоўнага корпуса Універсітэцкага гарадка. Побач з лесвіцай, што вяла на другі паверх, размяшчаўся кніжны кіёск. Ты купіў і надпісаў мне свой першы зборнік, які яшчэ пахнуў друкарскай фарбай. Я пасаромеўся прызнацца табе, што многія вершы ў ім ужо ведаю на памяць. Іх не трэба было завучваць, яны самі запаміналіся, западалі ў сэрца.

3 такой шчырасцю, з такой вобразнай маляўнічасцю, гэтак па-беларуску пачыналі нямногія нашы паэты. Я думаю, што іхнія імёны можна пералічыць на пальцах адной рукі.

Непадалёк ад кніжнага кіёска вісела інстытуцкая літаратурная насценгазета. У ёй былі змешчаны нашы студэнцкія вершы. Помню, як ты прачытаў тады некаторыя з іх — і я адразу ж па выразу твару адчуў тваю разгубленасць... Хоць ты сумеўся і ніякіх заўваг не выказаў, але адчуванне ў мяне было даволі пэўнае.