Выбрать главу

Падоўгу сядзелі мы ў студэнцкім скверы, час ад часу паглядваючы на магілу Героя Савецкага Саюза гвардыі палкоўніка Каргузалава. Каля яе цэлымі днямі нерухома прастойвала жанчына ў жалобным чорным адзенні.

Пасля мы даведаліся, што ў Саюз пісьменнікаў прыйшоў ліст, падпісаны Фадзеевым, з просьбай даглядаць гэту магілу.

Жыў я ў невялікім драўляным бараку, які стаяў паміж цяперашнім корпусам юрыдычнага факультэта і старым корпусам фізмата.

Жылі тут выкладчыкі, аспіранты і студэнты.

Іван час ад часу наведваў маю пустэльніцкую келлю. Каб трапіць у яе, трэба было спачатку прайсці праз вялікі пакой, у якім жыло дваццаць студэнтак.

Звычайна, калі мы з Іванам паяўляліся ў іх пакоі, яны гасцінна запрашалі:

— Іван Паўлавіч, пасядзіце крыху ў нас...

Высокі, стройны, ён на момант спыняўся і,

азарыўшы ўсіх сваёй усмешкай, адказваў:

— Дзяўчаты, некалі...

Мы чыталі адзін аднаму свае творы. Помню, як ён чытаў апавяданні «Таварышы», «Перад навальніцай», «Павел прыехаў». Яны былі напісаны ў тонкіх вучнёўскіх сшытках. Мяне гэта крыху здзіўляла, таму што ў многіх з нас увайшло ў звычку пісаць творы на рэдакцыйных аркушах паперы.

Зрэдку мы заходзілі да яго на кватэру ў бе­лым цагляным доме на вуліцы Клары Цэткін. Там жылі выкладчыкі універсітэта.

Да бабулі тулілася малая Людачка. Усе ажыўлена смяяліся, калі я пытаўся ў яе, колькі ёй год, а яна нязменна адказвала адно і тое ж:

— Два гады Мелеш...

Перад пераездам на новую кватэру па Ульянаўскай вуліцы Іван перабраў сваю бібліятэку і аддаў мне некаторыя кнігі. У асноўным гэта былі зборнікі вершаў савецкіх паэтаў, выдадзеныя ў га­ды вайны.

У тыя гады ў Мінск некалькі разоў прыязджаў Сяргей Антонаў, з якім Іван быў разам на Усесаюзнай нарадзе маладых. Мы блукалі па горадзе між затравянелых руінаў, нібы між дзікіх нагрувашчванняў камянёў у гарах.

Адначасова з працай над першымі раздзеламі рамана «Мінскі напрамак» Іван пісаў нарыс пра майго славутага земляка, двойчы Героя Савецкага Саюза, былога камандзіра танкавай брыгады Сцяпана Фёдаравіча Шутава. Наш агульны таварыш, дацэнт Аляксей Сідарэнка, афіцэр-танкіст Вялікай Айчыннай вайны, у нашым бараку дэталёва кансультаваў Івана наконт кіравання танкам, падрабязна расказваў пра танкавыя баі.

Пазней тэты барак перавезлі на біялагічную станцыю універсітэта на бераг Нарачы. А я напісаў пра яго верш «Відаць, прарэктар быў паэтам...». Калі мы выступал! разам на літаратурных вечарах у студэнтаў і я з каментарыямі чытаў тэ­ты верш, Іван усміхаўся.

***

Напісаў я гэтыя радкі — і мяне раптам пацягнула, як магнітам, у наш Універсітэцкі гарадок. Чаму наш? Таму, што па гэтым адрасе я значыўся ў пасляваенных біяграфічных даведніках. Тут сталела, апаленая вайной, наша маладосць.

Спыніўся каля корпуса юрыдычнага факультэта і адразу ж успомніў, як непрыглядна выглядала гэтая будыніна з пустымі вачніцамі аконных праёмаў! Потым будаўнікі аднаўлялі корпус. А студэнты, аспіранты і выкладчыкі на насілках выносілі з яго бітую цэглу і вывозілі друз.

Іван таксама хадзіў тут з насілкамі...

На месцы барака дружна ўзняліся маладыя дрэвы. Над імі вымахалі ўгару тры клёны, што калісьці адгароджвалі барак ад батанічнага універсітэцкага саду. Крайні, бліжэйшы з іх, рос пад сцяной маёй пустэльніцкай келлі і разлапістай галінай засланяў невялікае акенца. Галіну я адпілаваў нажоўкаю. Цяпер толькі па зацягнутай карою меціне, якую ўзняў угару ствол, пазнаю клён.

У корпусе фізмата, які цудам ацалеў у вайну, змяшчалася адміністрацыя універсітэта, праходзілі заняткі. У яго вялікай зале на другім паверсе праходзіў літаратурны вечар. Іван у паношанай камсастаўскай гімнасцёрцы выразна, з інтанацыяй чытаў апавяданне «Пабыўка сяржанта». Пасля яго выступаў паэт-лірык, які чытаў аднатонна і спяшаючыся, верш за вершам. Слухачы не ўлаўлівалі заключных строф. I мы, каб як памагчы таварышу, тупатам ног адбівалі канцоўку кожнага верша. Студэнты пасля гэтага дружна апладзіравалі...

***

У першы пасляваенны год актывізаваліся паездкі пісьменнікаў па рэспубліцы. Прыгадваю хвалюючыя сустрэчы з працоўнымі і інтэлігенцыяй горада Баранавічы, асабліва са студэнтамі настаўніцкага інстытута. Апошняя сустрэча на ўсё жыццё запомнілася Івану. Ён і пазней неаднойчы ўспамінаў пра яе. Нас не адпускалі з трыбуны, завальвалі кветкамі і стосамі запісак.

Наогул, такіх кранаючых сустрэч з чытачамі, якія адбываліся ў першыя пасляваенныя гады, ця­пер не бывае. Адчувалася, што людзі згаладаліся не толькі па хлебе, але і па родным слове.