***
У канцы мая 1957 года мы з Іванам ездзілі ў Ялту адкрываць помнік Максіму Багдановічу.
Сонечным ранкам прыляцелі ў Кіеў. Доўга гулялі па зялёным горадзе, на вуліцах якога цвілі каштаны.
Іван расказваў пра кіяўляніна Сямёна Гудзенку, з якім у даваенныя гады вучыўся ў Маскве ў інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры, а пасля вайны быў на Усесаюзнай нарадзе маладых. 3 хваляваннем успамінаў сям’ю Чарняхоўскага, з якой пазнаёміўся ў Кіеве. Гэтае знаёмства, як ён прызнаўся, падахвочвала яго дапрацаваць «Мінскі напрамак», узмацніць у рамане вобраз славутага генерала.
Некалькі гадзін мы правялі ў гасцінным доме Васіля Казачэнкі. Ён надпісаў нам сваю аповесць «Сальвія». Па-мойму, гэта адна з цікавейшых кніг Васіля Казачэнкі.
Усе тыя дні — і ў Кіеве, і ў Ялце — Іван аж свяціўся. У яго быў сонечны, прыўзняты настрой. Спачатку паціху, нясмела, а потым, адчуўшы, што і мне падабаецца песня (яна незадоўга перад гэтым з’явілася), ён безупынку спяваў «Падмаскоўныя вечары». У тыя дні, у першы і ў апошні раз, я чуў, як ён спявае. У яго быў прыемны голас.
Літфонд папрасіў нас выканаць два даручэнні. Івану трэба было знайсці дом, у якім памёр Максім Багдановіч, паглядзець, у якім ён стане. Мелася на мэце ўзбудзіць хадайніцтва аб адкрыцці на ім мемарыяльнай дошкі. А я павінен быў адшукаць магілу паэта, параіцца з інжынерам наконт яе добраўпарадкавання.
Я доўга хадзіў па Ауцкіх могілках, пакуль нарэшце ў непралазным гушчары пры развілцы дзвюх утравянелых сцежак убачыў добра знаёмую па фотаздымку ў даваенным акадэмічным двухтомніку паэта надмагільную пліту.
Цяпер я кожную восень наведваю магілу паэта, якую засланілі вялізныя надмагільныя помнікі. Спрабаваў пасеяць на ёй васількі. Але яны чамусьці не ўзышлі...
А наогул, мабыць, даўным-даўно пара беларусам перавезці астанкі свайго вялікага паэта на родную зямлю і пахаваць іх побач з Янкам Купалам і Якубам Коласам.
Даведаўшыся ад гарадскіх улад, што помнік Максіму Багдановічу ўстаноўлены ў Місхоры, на тэрыторыі санаторыя «Беларусь», мы з Іванам накіраваліся туды.
Помнік адкрывалі па-святочнаму. На ўрачыстасць прыехалі тры дэлегацыі. Мы з Іванам — ад нашага Саюза пісьменнікаў, Ніна Барысаўна Ватацы — ад Міністэрства культуры БССР. Ад сімферопальскіх пісьменнікаў прыехалі Міхаіл Міхалёў і Мусій Багуцкі, з Кіева — Багдан Чалы і Яўген Краўчанка. На адкрыцці помніка прысутнічалі таксама члены ялцінскага літаратурнага аб’яднання.
На трох мовах — рускай, украінскай і беларускай — гучалі выступленні, сімвалізуючы дружбу трох братніх народаў.
Іван пранікнёна гаварыў пра Максіма Багдановіча, пра яго творчасць, у якой адлюстраваны спрадвечныя думы і мары беларускага народа.
Пасля мітынгу да падножжа помніка мы ўсклалі вянок з надпісам: «Выдатнаму паэту Максіму Багдановічу ад пісьменнікаў Беларусі». Пра гэтую ўрачыстасць «Курортная газета» надрукавала рэпартаж з фотаздымкам помніка паэту.
У тыя дні мы з Іванам не думалі, што з цягам часу нам абодвум па стане здароўя давядзецца штогод адпачываць толькі тут: яму часцей за ўсё ў гэтым санаторыі, а мне ў пісьменніцкім Доме творчасці ў Ялце.
Цяпер я адпачываю ў ім кожную восень. Успамінаю, як Іван часамі наведваў мяне тут, прыязджаючы з Місхора. Прагульваючыся штодня па
Ялце каля мора, у некаторых мясцінах лаўлю еябе на думцы, што яны мне нагадваюць пра яго. Праходзячы па вуліцы Франкліна Рузвельта, заўсёды прыпыняюся насупраць Марскога вакзала, перад «Паўднёвай» гасцініцай. У ёй мы з ім жылі ўсе тыя дні. Праходжу па ўзбярэжнай каля рэстарана «Сочы» — і ўспамінаю, што на яго верандзе мы кожны раз вячэралі. 3 мора павяваў салёны вецер. У порце стаялі марскія караблі, а Іван, усміхаючыся, дэкламаваў:
Ёсць на свеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сцягі
Караблёў акіянскага порта.
Я ведаў Івана трыццаць год. На маёй кніжнай паліцы, як вехі нашага сяброўства, стаяць ягоныя першыя зборнікі і салідныя раманы са шчырымі, часам жартаўлівымі надпісамі. Пераглядаю іх, пачынаючы з пажоўклага ад часу «У завіруху», з прыпіскаю: «... у дні, калі гэтае дзіця (зборнік) адгукнулася першым «ау!» і ўключаючы славуты раман, з надпісам: «як знак даўняга, шчырага сяброўства»,— і прыгадваецца многае...
Сярод маіх таварышаў і аднагодкаў, якія да самазабыцця былі адданы літаратуры, ніводзін не выявіў, як ён, такой цвёрдай настойлівасці ў дасягненні мэты.
Помню, як Іван пакінуў спачатку службу ў рэдакцыі, а потым аспірантуру і выкладчыцкую працу. I, нарэшце, пайшоў з пасады, якую цяпер наперабой занялі б многія калегі-літаратары... Дарэчы, яшчэ на маёй памяці з гэтай пасады некаторыя ішлі ў літаратуру зялёнай вуліцай...