Выбрать главу

А ён пайшоў іншым шляхам.

Не думаю, што толькі з адным са мною Іван па-сяброўску раіўся адносна сваёй службовай пасады і тады, на парозе сталасці, і пазней, за некалькі год да смерці, калі прывёз мяне ў лес на Случчыну. Праўда, у апошнім выпадку ён, прызнаны майстра, нічым не рызыкаваў. А на пачатку творчага шляху яму трэба было рызыкаваць, дый яшчэ як рызыкаваць!

Шлях, на які ён ступіў, пасля «Гарачага жніўня» абяцаў быць усланы ружамі. Але пасля першай кнігі «Мінскі напрамак» некаторыя паспяшаліся ўсыпаць яго калючкамі. Калі Іван пайшоў да аднаго з выдаўцоў, каб высветліць абставіны, той, за сталом, дэманстратыўна адвярнуўшыся спіной і разглядаючы на сцяне геаграфічную карту, раўнадушна прамармытаў:

— Я не збіраюся выдаваць ваш раман!..

Гэтыя словы глыбока ранілі Іванаву душу, бо яна была чулая, як у кожнага талента.

Аднойчы ў «Маладосці» яму выказалі шэраг заўваг па яго апавяданні, якое і ў мяне выклікала незадавальненне. Іван пацікавіўся маёй думкай. Я па-сяброўску выказаў сваё ўражанне. Мо­жа, на паўгода наступіла пахаладанне ў нашых адносінах. Затое штосьці наіўнавата-дзіцячае назіралася ў ім тады, калі ён ужо ў каторы раз хацеў паслухаць станоўчае выказванне пра свой твор чалавека, якога асабліва паважаў, чыёй думкай вельмі даражыў.

Аднойчы Мустай Карым і як чытач, і як пісьменнік, і як член Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях СССР вельмі доўга расказваў мне пра сваё ўражанне аб абодвух раманах Мележа. Ад першай кнігі ён быў проста ў захапленні. А пра другую выказваў цікавыя заўвагі. Я тады падрабязна пераказаў усё гэта Івану. Дык ён і пазней неаднойчы пытаўся ў мяне, ці ўсё я пераказаў, ці не забыўся чаго-небудзь.,.У жыцці Іван здаваўся сумнаватым. Відаць, ішло гэта не столькі ад характару, колькі ад хвароб. Але я не помню, каб ён жаліўся. Праўда, мо­жа, у гэтым выяўляўся характар былых франтавікоў. I толькі аднойчы бачыў я на яго вачах слёзы. Яны былі выкліканы дрэнным перакладам ягонай кнігі, рукапіс якой ён атрымаў у той дзень і, разгублены, не ведаў, што з ім рабіць...

Пра сваю хваробу Іван не любіў гаварыць. Калі мы доўга не бачыліся і пры сустрэчы я пытаўся пра яго здароўе, ён адказваў заўсёды адно і тое ж:

— Ведаеш, кепска сябе пачуваю...

У апошнія дні жыцця, вярнуўшыся з Крыма, ён пазваніў мне на працу. Я спытаўся, як ён сябе адчувае. Іван сказаў, што яму трэба класціся ў больніцу. Я пачаў адгаворваць, супакойваючы, што пасля адпачынку на поўдні навошта тая больніца... Ён сказаў, што ў яго высокі ціск.

— Я ніяк не магу дазваніцца Адамчыку. Скажы яму, няхай не турбуецца... Усё, што ён выслаў, я атрымаў...

Вячаслаў Адамчык працаваў тады ў «Маладосці» намеснікам галоўнага рэдактара.

Пасля гэтага яшчэ два дні ўзапар Іван званіў мне ў рэдакцыю. Цікавіўся, ці перадаў я Адамчы­ку ягоную просьбу. Гаварыў пра нязначныя, будзённыя справы... Нават пакепліваў, што я заняў крэсла свайго шэфа...

Я ў сваю чаргу жартаваў, што ён за час адпа­чынку на поўдні пераблытаў у памяці ўсе рэдакцыйныя тэлефоны...

А на трэці дзень да мяне ўвайшоў учарнелы з твару Вячаслаў Адамчык і збянтэжана спытаўся, ці чуў я, што памёр Мележ...

— А я толькі думаў, Мікалай Якаўлевіч, што мы з вамі заўтра сходзім да яго ў больніцу...

Аказваецца, Іван два дні званіў мне з больніцы... Жартаваў, а не сказаў, адкуль ён звоніць...

***

У сваіх раманах Мележ нанова адкрыў для мя­не Палессе і палешукоў, паглыбіў і пашырыў уяўленне пра гэту зямлю.

Помню, як уразіла першая паездка на Палессе, у якую ўзяў мяне з сабою Іван. Як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ён ехаў на справаздачу да сваіх выбаршчыкаў у Жыткавіцкі раён.

Прыехалі мы ў вёску Ленін, дзе былі гасцямі дырэктара саўгаса Уладзіміра Мікалаевіча Гаршкалепа.

Раніцой хадзілі па наваколлі. Яно нагадвала нечым дрымотныя мясціны суседняга Лунінецкага раёна, які неаднойчы даводзілася мне праязджаць цягніком з поўначы на поўдзень і з усходу на захад.

Нахадзіўшыся ўволю, селі на бярвеннях на беразе Случы. Проста на нас, падняўшы падалы спадніц, уброд пераходзілі рэчку жанчыны з граб­лям! на плячах. Пасля на грузавіках яны паехалі зграбаць сена на асушаных балотах ля Лані.

Дырэктар павёз нас туды на сваім «казле».

Алешнік паабапал шашы стаяў у вадзе. Асфальт у многіх мясцінах быў заслан тоўстым пластом збожжа. Яно праветрывалася і высушвалася пад сонцам. Як хатнія гусі, на шашы шпацыравалі цыбатыя буслы. Яны падпускалі блізка да сябе нашага «казла», уздымаліся проста над яго ветравым шклом і спакойна апускаліся на асфальт ззаду аўтамашыны.