Выбрать главу

— Не турбуйся. Калі буду падаць з бярвення, пастукаю кулаком па кабіне...

На калгаснай дэзінфекцыйнай машыне мы паехалі ў Каранеўку. Ехалі праз Алексічы. Тры га­ды Іван хадзіў сюды ў школу. У вайну немцы дарэшты спалілі вёску. Знішчылі жыхароў.

Звычайна, калі мы з Іванам прыязджалі ў гэтыя мясціны, ён ні разу не вёз мяне праз Алексь чы. Абмінаў іх па дарозе ўзбалоткам, як калісьці Васіль, вяртаючыся з Юравіч з-пад арышту. Відаць, не хацеў вярэдзіць успамінамі шматлікія даўнія раны. Дастаткова было іх пры ўспамінах у Каранеўцы, якая са сваімі жыхарамі зведала такі ж лёс, як і Алексічы.

Вясковая вуліца з лужынамі і гразкімі выбоінамі... Я зразумеў, чаму Іван заўсёды вазіў мяне сюды толькі ў канцы ліпеня або ў пачатку жніўня.

А калі за Алексічамі ўз’ехалі на грэблю, машына злёгку забуксавала.

— Бачыце, што нарабілі, разявы?..— сказаў шафёр.— Капалі канавы і торф выкідалі не на балота, а на грэблю... Цяпер, як пройдзе дождж, не праехаць...

Каранеўка — невялікая вёска, двароў сорак пяць. Спыняліся мы з Іванам заўсёды ў ягонай сваячкі Настассі Трафімаўны, настаўніцы мясцовай пачатковай школы. Яе муж, Уладзімір Антонавіч, працаваў ветэрынарным фельчарам. У :іх гасціннай хаце мы адпачывалі з дарогі, палуднавалі. На гэтай сядзібе стаяла калісьці хата Іванавай бабулі па маці. Іван расказваў, як часам праз якую-небудзь нязначную крыўду ў бацькоўскім доме ён, малы хлапчук, бег сюды да бабулі за шэсць кіламетраў. Гаспадары гэтай хаты ця­пер пераехалі ў Хойнікі, а тут жыве сястра гаспадыні.

Я зноў агледзеў сядзібу з векавымі дрэвамі на агародзе. Аднойчы мы гулялі ў засені іх і Іван прамовіў:

— Мы, брат, пастарэлі ўжо... А гэтыя дрэвы, як помню, і тады былі такія ж самыя...

Шафёр калгаснай машыны таксама нейкі далёкі сваяк Мележа. Калі ён сказаў пра гэта, я пажартаваў:

— О, дык Мележы тут глыбока ўкараніліся!..

Ён сказаў, што на другім канцы вёскі жыве

сваячка Мележа, з якой нібыта спісаны вобраз Ганны...

Калі вярталіся ў Глінішчы, я папрасіў шафёра пад’ехаць да могілак... Адчыніў веснічкі агароджы, прайшоў да дзвюх знаёмых магіл і, раз­гублены, спыніўся... Побач з імі паявілася трэцяя. На ўсіх — свежыя кветкі і новыя вянкі...

— Тыдзень таму назад памёр Павел Фёдаравіч, бацька Івана Паўлавіча. Жыў у Ленінградзе, у дачкі. Прасіў пахаваць яго ў Глінішчах...— растлумачыў Васіль Андрэевіч. I здзівіўся: — Як гэ­та вы адразу ўсё пазнаяце тут?..

— Дык мяне ж не раз і не два прывозіў сюды Іван... Вось зараз пазнаю і вашу хату, Васіль Андрэевіч... Вунь яна, з левага боку вуліцы.

Мы зайшлі ў хату. У ёй тры пакоі і кухня. Старая хата Іванавых бацькоў згарэла ў вайну. А гэтую яны пабудавалі пасля...

— Прабачце, што я сам за гаспадыню... Яна пасе кароў... Сягоння наша чарга...— апраўдваўся Васіль Андрэевіч, запрашаючы мяне да стала.— Возьмем па каліву лекавага зелля... Івана Паўлавіча памянём...

— Дык гэта і сапраўды лекі,— адказаў я, прыгледзеўшыся да пляшкі, у якой плавала наструганае карэнне.— Корань жэнъшэня,— растлумачыў Васіль Андрэевіч.— Я ж на Далёкім Усходзе інстытут канчаў. Да гэтага часу не парываю сувязі з Прыморскім краем...

Вяртаўся я з Глінішчаў знаёмай дарогай. Па ёй Шабета вёз калісьці на фурманцы арыштаванага Васіля. Ганна ехала на кірмаш з бацькам і мачыхай...

***

Стрыманы і негаваркі, Іван, здавалася б, павінен быў адчуваць сябе ў такіх паездках лепш самнасам, чым у прысутнасці пабочных людзей. А ён, наадварот, не выязджаў адзін нават тады, калі аднаму яму было б, відаць, зручней.

Аднойчы ён пазваніў мне па тэлефоне і запрасіў паехаць на Палессе. Я згадзіўся. Але, калі даведаўся, што яго будуць вылучаць там кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, збянтэжыўся: што я там буду рабіць? Я ж не давераная асоба, якая прадстаўляе выбаршчыкам кандыдата ў дэпутаты. Іван пачаў угаворваць, спасылаючыся на тое, што афіцыйная давераная асоба ёсць на месцы, а ён запрашае мяне як інтымную давераную асобу...

Прыехалі мы ў Петрыкаў. Зайшлі ў райком, пазнаёміліся.

Вылучэнне Івана кандыдатам у дэпутаты прайшло хораша.

Перад вячэрай я заўважыў нейкую разгубленасць сярод кіраўнікоў раёна. Улавіўшы зручны момант, калі Іван паводдаль быў заняты гаворкай, да мяне падышла сакратар райкома партыі, у мінулым настаўніца:

— Мікалай Якаўлевіч, мы не ведаем, што нам рабіць?..

— А у чым справа? — не зразумеў я.

— Іван Паўлавіч такі заслужаны, вядомы чалавек... Нас папярэдзілі, што ён хворы пасля франтавога ранения, а хацелася б павячэраць разам...