Выбрать главу

Ажываюць успаміны...

Затаіўшы дыханне, я сачу за вяснушкаватымі рукамі Рыгора Мурашкі, які гартае вучнёўскі сшытак з маім апавяданнем.

То ўспамінаю высокую танклявую постаць Ар­кадзя Гейнэ. Пераступаючы з нагі на нагу, ні адзін з нас доўга не адважваецца першым увайсці ў кабінет маладога аўтара да Аркадзя Куляшова.

Паўстае ў памяці дзявочае аблічча Валодзі Рагуцкага, які на перапынку чытае мне свае новыя вершы.

Бачу перад сабой прыгожы чарнабровы твар Генадзя Шведзіка, стол якога стаіць насупраць майго ў рэдакцыі «Піянера Беларусі».

Зноў позірк затрымліваецца спачатку на адным, а пасля на другім прозвішчы, якія асабліва блізкія і дарагія майму сэрцу.

Аляксей... Мікола...

Нейкімі нязвычнымі і занадта афіцыйнымі выглядаюць у такім напісанні іх імёны.

Лёшам Коршакам і Колем Сурначовым назаўсёды засталіся для мяне гэтыя юнакі.

Пасівелі ўжо нашы аднагодкі. А Коршак і Сурначоў, якія ляжаць у братніх магілах, навекі засталіся маладымі ў сваіх вершах і ў нашай памяці.

Цяпер нават не верыцца, што да выдання іх паэтычных зборнікаў многія з гэтых вершаў у лепшым выпадку публікаваліея толькі ў адным экземпляры: Коршака — у студэнцкай, а Сурначова — у салдацкай насценгазетах.

Для Сурначова гэта было вынікам ваенных абставін. А натура Коршака не дазваляла яму абіваць парогі рэдакцый. Гэты сціплы юнак саромеўся паказваць свае вершы блізкім сябрам. I хоць у інстытуце ён быў рэдактарам рукапіснага літаратурнага часопіса, вершы для насценгазеты ў яго самога даводзілася вырываць сілком.

Звычайна Аляксей хадзіў на перапынках па калідоры, трымаючы рукі ў кішэнях свайго карычневага пінжака, шырока расхінуўшы крыссе. Калі я ўспамінаю гэтую звычку Коршака, ён мне чамусьці здаецца птахам-подлеткам, які прабуе свае крылы перад узлётам.

Сваёй начытанасцю і эрудыцыяй Аляксей вылучаўся сярод усіх нас. Ён амаль ніколі не рыхтаваўся да экзаменаў, хоць вучыўся добра. Затое кожны дзень яго можна было сустрэць у кнігарні. Гадзінамі ён праседжваў у бібліятэцы.

Коршака трапна характарызуе адна з яго паштовак, якая цудам уцалела ў маёй вёсцы сярод пажоўклых кніг і канспектаў. У час вясновай сесіі на першым курсе мы павінны былі здаваць эк­замен па гісторыі. На падрыхтоўку мелі некалькі вольных дзён. Я паехаў дадому. Неўзабаве Аляк­сей прыслаў мне гэтую паштоўку.

«Я на цябе злуюся за тое, што ты мне не пакінуў С. Е. (Сяргея Ясеніна.— М. А.), каб перапісаць. Я паперы добрай дастаў і чарітіла падшукаў. Чорт пабяры! Усё прапала. Глядзі ж, напамінаю табе гэтай адкрыткай: цягні мне С. Е. усё, што маеш яго, інакш прыб’ю.

Учора нрачытаў два зборнікі В. Казлоўскага... Як ты думаеш! Мудрагельства у яго не так ужо і многа. Выйшаў Байран, але ў продала не наступіў яшчэ, толькі ў Ленінскай бібліятэцы ёсць. Выйшла Садоўскага «Я вижу»...

Як з гісторыяй? Вучыш, мабыць! А я не браўся. Усё. Не забудзь С. Е. Чуеш?!»

На Студэнцкай вуліцы не засталосая і следу ад баракаў, дзе мы жылі ў часе вучобы. Але ў глыбіні двара па вуліцы Энгельса ўцалеў чырвоны цагляны будынак, у якім на другім паверсе, у вялікім пакоі справа, сярод дваццаці студэнтаў-другакурснікаў жыў Аляксей.

Яго бацька, калгасны млынар, часта прысылаў сыну пасылкі. Студэнты з усяго інтэрната прыходзілі пакаштаваць свежаніны. Аляксей не любіў, калі ў яго пыталі дазволу на гэта:

— Хіба вы не ведаеце, каторая мая тумбачка?

Таму звычайна кожны наведвальнік аблюбоўваў па свайму густу кавалак, ад якога адразаў тоўстую скварку. Дзверцы ў Аляксеевай тумбачцы ніколі не зачыняліся. Як плашкі, старчма ста­ял! ў ёй кавалкі сала.

За сцяной гэтага пакоя жылі студэнткі кансерваторыі. Калі хлопцы збіраліся на гулянку і надзявалі пад пінжакі, паўзверх маек, беласнежныя накрухмаленыя манішкі, Аляксей жартаваў:

— Дзяўчаты, гляньце, як нашы лыцары, ідучы ў паход, прыкрываюць свае грудзі латамі!..

Студэнткі рагаталі.

У вершы «Паранены», які датаваны 1942 го­дам, А. Коршак пісаў:

Я б закрыў напек спакойна вочы,

Каб мой любы край

Больш не веда ў злой пакутнай ночы,

Красаваў, як май...

Для Аляксея гэта былі не пустыя словы.

Наш інстытуцкі сябра і аднакурснік В. Чумакоў, які быў афіцэрам падраздзялення, дзе ваяваў А. Коршак, расказвае, што Аляксей заўсёды рваўся ў разведку. Ва Усходняй Прусіі ў разведцы яго накрыў варожы мінамёт.

Пасля вайны спатрэбіўся Аляксееў партрэт для кнігі «Мы іх не забудзем». Мне балюча было разразаць наш адзіны студэнцкі фотаздымак. Цяпер з гэтага фота на кожнага чытача Аляксеевых вершаў глядзіць светлымі наіўнаватымі вачыма дзевятнаццацігадовы юнак.