Калі мы ўтрох, пад воплескі студэнтаў выйшлі ў прэзідыум, на душы маёй было такое адчуванне, быццам мяне пад канвоем прывялі на суд.
Змітрок Бядуля таксама трымаўся неяк разгублена і нясмела.
Я ўвесь час, пакуль ён выступаў, сядзеў, як на гарачым вуголлі. Пятае цераз дзесятае чуў з таго, пра што ён гаварыў... Ён расказваў пра сваю працу над аповесцю «Сярэбраная табакерка». Чытаў з яе ўрыўкі. Адказваў на пытанні студэнтаў...
Калі далі слова мне, я па памяці прачытаў верш «Вяснушкі», які значна перапрацаваны мною пасля вайны, і верш пра тое, як хлапчукі ловяць таптухай у рачулцы рыбу, а дарослыя кпяць з іх, што яны вытапчуць усю ваду і не будзе дзе пакупацца...
Змітрок Бядуля не адпусціў мяне ад сябе. Распытваў, адкуль я родам, дзе вучыўся да інстытута... Потым запрасіў прайсціся з ім. Я саромеўся, але мне было прыемна ісці з ім па горадзе.
Якраз напярэдадні, прыкладна за месяц да гэтага, у «ЛіМе» было змешчана апавяданне Змітрака Бядулі пра Максіма Багдановіча. Пад апавяданнем стаяла зноска, што пісьменнік збіраецца надрукаваць нізку апавяданняў пра паэта. Пра Багдановіча тады не паяўляліся ў друку матэрыялы, напісаныя людзьмі, якія яго асабіста ведалі. Таму апавяданне надзвычай уразіла студэнтаў.
Я сказаў пра гэта Змітраку Бядулю і пацікавіўся, ці хутка будуць надрукаваны астатнія творы з гэтай нізкі.
I раптам Змітрок Бядуля збянтэжыў і зусім абяззброіў мяне. Разгублены, ён сказаў, што нават не ведае, аб чым будзе пісаць далей дый ці будзе наогул пісаць больш пра Максіма Багдановіча.
Я спахапіўся і адразу ж перавёў гаворку на «Сярэбраную табакерку». Я ведаў, што гэта аповесць даўно ляжыць на стале ў рэдактара нашай газеты. У той час з друкаваннем яе была нейкая затрымка...
Я праводзіў Змітрака Бядулю да самай кватэры. Жыў ён на рагу Даўгабродскай і Савецкай вуліц, непадалёку ад вялікага новага інтэрната інстытута народнай гаспадаркі.
Пасля гэтага вечара Змітрок Бядуля здаваўся мне ўжо зусім іншым. Не тое што нясмелым... Ён быў нейкім безабаронным... У яго характары было гэтулькі жаноцкасці і сціпласці...
***
Цяпер, відаць, ніхто з маладых пісьменнікаў не ведае, якую ролю ў лёсе паэтаў майго пакалення адыграў Аркадзь Куляшоў, як старэйшы таварыш, клапатлівы настаўнік і добры дарадца.
У даваенныя гады ён працаваў кансультантам па паэзіі ў кабінеце маладога аўтара.
Аркадзь Аляксандравіч адказваў пачынаючым шчырымі лістамі, у якіх разглядаў кожны верш, выказваў заўвагі наконт паасобных строф і радкоў. Яго своеасаблівыя і цікавыя парады былі адкрыццём і незвычайнасцю для нас на перыферыі.
3 лёгкай рукі Аркадзя Куляшова я пачаў друкавацца ў рэспубліканскіх выданнях.
Аднойчы са школы я даслаў у кабінет маладога аўтара некалькі вершаў. Аркадзь Аляксандравіч у лісце адказаў, што яны яшчэ не ўяўляюць цікавасці і толькі верш «Парашутыстка», на яго думку, варты ўвагі... Яго ён пастараецца перадаць для друкавання ў рэдакцыю юнацкай газеты.
Як кожны пачатковец, які з нецярплівасцю жадае ўбачыць у друку свой твор, я чакаў-чакаў і, не дачакаўшыся, напісаў ліст у «Чырвоную змену», у якім пытаўся, ці ёсць у рэдакцыі мой верш «Парашутыстка». Адкуль адказалі, што такога верша ў іх ніколі не было і яны нічога не ведаюць пра яго.
Якое ж было маё здзіўленне, калі праз пару месяцаў я атрымаў часопіс «Полымя рэвалюцыі», дзе быў змешчаны гэты верш. Аказваецца, туды перадаў яго Аркадзь Куляшоў.
Помню, як я ўпершыню зайшоў у кабінет маладога аўтара. Ён знаходзіўся на другім лаверсеДома пісьменнікаў. Я паказаў Аркадзю Аляксандравічу вершы. Пад імі не было напісана прозвішча. Ён глянуў на почырк і весела сказаў:
— А, Аўрамчык!.. Будзем знаёмы!
Відаць мы, пачаткоўцы, так надакучвалі яму сваімі вершамі, што ён ведаў нас па почырках!
Калі вучыўся ў Мінску, я часта прыходзіў на кансультацыю да Аркадзя Куляшова. Прыходзілі да яго і мае сябры і таварышы — Аляксей Коршак, Уладзімір Рагуцкі, Аркадзь Гейнэ.
Няцяжка ўявіць, чаму мы прыходзілі менавіта да яго. У той час гэта быў вядомы паэт, які выдаў зборнікі «Росквіт зямлі», «Па песню, па сонца», «Медзі дождж», «Аманал», «Гарбун». Мы іх чыталі і добра ведалі. У яго было чаму па*,учыцца...
На першым курсе ў інстытуце я напісаў верш «Адлёт жураўлёў» і прынёс яго Аркадзю Куляшову. Ён уважліва прачытаў верш, зрабіў некалькі заўваг па радках і словах. Я потым выправіў іх і зноў прыйшоў у кабінет маладога аўтара. Аркадзь Аляксандравіч зноў прагледзеў верш і накіраваў мяне з ім у рэдакцыю «Полымя рэвалюцыі», якая размяшчалася на першым паверсе Дома пісьменнікаў. Верш быў надрукаваны позняй восенню 1938 года.