Выбрать главу

У бацькоў захаваўся яго рукапісны зборнік «Пялёсткі». Мы ўключылі ў яго вершы ваеннага часу. Калі кнігу здавалі ў набор, я не ўтрымаўся, каб не дадаць да яе назвы слова «апаленыя», бо вайна апаліла і сэрца гэтага юнака.

Высокі Коршак і сярэдняга росту Сурначоў з выгляду былі не падобны адзін на аднаго. Мікола быу старэйшы за Аляксея на тры гады і больш разважлівы. Якраз тады М. Сурначоў надрукаваў у «Полымі рэвалюцыі» нізку вершаў «Барвовая зара» з эпіграфам з А. Суркова «Вот и кончилось детство, Коля».

Калі я прыгадваю гэты эпіграф, перада мной, як вобраз таго наіўнага дзяцінства, паўстае даўняе Міколава фота, з якога паглядае малады хлапец з люлькай у зубах, у кепцы з доўгім брылём. Мабыць, гэты фотаздымак зроблены ў гады вучобы ў тэхнікуме. Мала хто ведае, што Мікола Сурначоў у свой час скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум і працаваў у аддзеле сельскай гаспадаркі

Рагачоўскай газеты. Улетку 1939 года ён, студэнт Гомельскага педінстытута, быў выкліканы ў Мінск на канферэнцыю маладых пісьменнікаў. Увосень Мікола перавёўся ў наш інстытут і адначасова пачаў нрацаваць у рэдакцыях — у «Звяздзе», у « Чырвонай змене».

I ў Коршака і ў Сурначова было штосьці агульнае ў характарах. Адзін і другі былі стрыманыя ў пачуццях і з выгляду нехлямяжыя. На фізкультуры Аляксей не мог кінуць на патрэбную адлегласць гранату. Некаторыя кпілі з яго... Здаецца, менавіта гэтых насмешнікаў меў на ўвазе А. Кор­шак у адным з вершаў ваеннай пары:

Усім гэтым гладзенькім, глянцавым,

Я кіну ім вокліч жывы:

— А вось яно! От яно! Гляньце вы!

Бачыце вы?!

А ў нашым запасным палку Сурначова дакаралі, што не навучыўся як след хадзіць страявым крокам...

Калі спатрэбілася, адзін з гэтых юнакоў шпурнуў сваё сэрца, як гранату, з Капылыдчыны ва Усходнюю ІІрусію, а другі ад казахстанскіх стэпаў прайшоў пераможным крокам да самага Берліна.

Вось што піша ў лісце з Узбекістана баявы сябра Міколы, афіцэр запасу Васіль Сямёнавіч Капычэнка:

«Я вельмі рад, што ваш сябра і мой аднапалчанін Мікола Сурначоў быў таленавітым маладым паэтам. Рад і таму, што мне давялося правесці з ім шмат баявых дзён і начэй, дзяліць усе нягоды баявога паходу.

Атрымаў ад вас усё, што вы мне паслалі...

Мікола Сурначоў у любых выпадках застаўся б у маёй памяці паэтам, калі б нават ён чытаў

мне вершы, не маючы да іх ніякіх адносін. I вось чаму.

Ён любіў жыццё, як Беларусь.

Ён чытаў вершы на беларускай мове так, што я зразумеў мову гэтага народа і палюбіў яе.

I вось зараз перада мной яго вершы... Я маю магчымасць праз семнаццаць гадоў чуць яго

С ЛОВЫ · · ·

Мікола прыйшоў у наш армейскі знішчальны супрацьтанкавы артылерыйскі полк у 1944 годзе.

Вось бывае ж так: увойдзе чалавек у душу, размесціцца ў ёй, і калі ўспомніш пра яго, здаецца, што ён там знаходзіўся раней, чым ты зразумеў, што такое душа.

...Сумку палявую кірзавую, якая, не ведаю, як магла ўмяшчаць у сабе гэтулькі шмат усяго, я ўбачыў у яго тады, калі нас перакінулі ў Польшчу, пад г. Лукаў. Убачыў таму, што ў гэты час мы сталі з ім вельмі блізкімі. Мікола быў камандзірам узвода ўпраўлення батарэі. Я быў начальнікам разведкі дывізіёна...

I вось тады, уначы, пры газоўцы ў польскай хаце Мікола пазнаёміў мяне з тым, што ляжала ў яго палявой сумцы. Гэта была непаўторна цікавая ноч. У тую ноч ён даказаў мне, чаму ён абраў шлях паэта...

А хутка пасля ночы Міколу заўважылі лётчыкі, танкісты, артылерысты і пехацінцы. У кастрычніку ці лістагіадзе 1944 года камандаванне фрон­ту рашыла правесці сустрэчу лётчыкаў, якія шэфствавалі над намі, з афіцэрамі нашай танкавай арміі. I як заўсёды бывае, пасля афіцыйнай часткі пачаліся тосты... Калі б вы бачылі, як гэты сціплы сарамлівы хлопец у «чэрчылеўскім» шынялі прачытаў верш на беларускай мове! Цяпер я перакананы, што верш быў яго...

3 Міколам мы прывязвалі баявыя парадкі ўсяго дывізіёна, арганізоўвалі аб’яднанае назіранне і засечку цэляў па імітаваных успышках...

...Чатырнаццатага студзеня 1945 года наша танкавая армія ўвайшла ў прарыў, семнаццатага студзеня мы ўзялі Варшаву, дзевятнаццатага — Лодзь, а дваццаць дзевятага студзеня ўварваліся ў Памеранію. У пачатку лютага падышлі да важнага стратэгічнага пункта г. Пірытц. Вораг сцягнуў штрафныя часці, завязаліся жорсткія баі, у адным з якіх Мікола быў паранены ў нагу. Вярнуўся ён са шпіталя, калі мы пасля захопу плац­дарма на Одэры адышлі на адпачынак.