Усцяж шашы мы ішлі далей.
Надвячоркам Сурначоў раптам прачытаў мне верш «У стоптаным жыце», які цяпер увайшоў у анталогію беларускай паэзіі і перакладзены на рускую мову А. Твардоўскім. Гэты верш пазней друкаваўся ў нашай палкавой насценгазеце.
Злева ад шашы была вялікая вёска. Мы прайшлі вуліцай да сярэдзіны яе і папрасіліся на начлег. Гаспадары хаты, спачуваючы людской бядзе, далі нам прытулак. Мы адразу ж заснулі.
Раніцай, адмовіўшыся ад снедання і выпіўшы толькі па шклянцы малака, мы наважыліся ісці ў Пухавіцкі ваенкамат. Я зразумеў, што ўзятыя з сабой рэчы мне болей не патрэбны. Вырашыў усё гэта пакінуць у гаспадароў.
Маладзейшая гаспадыня, відаць, разумеючы, што ў вайну мужчына-гаспадар не будзе сядзець дома, параіла запісаць іх адрас так: Рудзеншчына, вёска Матарова, Крайко Надзея.
У гады майго блукання па свеце згубіўся гэты запіс. Але ці то ад нашага веку матораў, ці то пад уплывам думак пра родны край і надзеі на вяртанне — запомнілася назва вёскі, прозвішча і імя гаспадыні.
Праўда, адразу ж пасля вайны, калі людзі не знаходзілі сваіх родных і блізкіх, мне было не да пакінутых рэчаў, а тым больш да такой дробязі, як фотаздымкі.
Але калі наша выдавецтва пачало рыхтаваць кнігу «Мы іх не забудзем», для яе неабходны былі фотаздымкі пісьменнікаў, якія не вярнуліся з вайны. Сябры пераканалі мяне, што варта ўсё-такі з’ездзіць у тую вёску, дзе я пакінуў альбом. А раптам што-небудзь з фотаздымкаў уцалела...
Вясновай раніцай я прыехаў цягніком на невялікі паўстанак, з якога трэба было пешкі дабірацца да вёскі. Ісці давялося каля дзесяці кіламетраў.
На скрыжаванні дарогі з вясковай вуліцай стаялі дзве жанчыны.
Я павітаўся з імі.
— Скажыце, калі ласка, дзе тут хата Крайко Надзеі?..
Адна з жанчын здзіўлена паглядзела на мяне.
— А што такое?.. Я Крайко Надзея...
— Прабачце... Я адзін з тых студэнтаў, што ў першыя дні вайны спыняліся на начлег у вашай хаце.
— А, помню, помню... Ну, дык хадземце ў хату. Вашы рэчы ўцалелі. А ці застаўся жывы ваш сябар?..
Я сказаў, што ён загінуў пад Берлінам.
У хаце, за гасцінным сталом, хвалюючыся, разглядаў я фотаздымкі ў сваім альбоме. Перада мной зноў паўставалі знаёмыя абліччы студэнтаў-аднакурснікаў, сяброў-пісьменнікаў, былых аднакласнікаў — лейтэнантаў з кубарамі на пятліцах, сувязістаў, лётчыкаў, артылерыстаў...
Я разумею, як рызыкоўна і небяспечна было ў вайну трымаць у хаце такія здымкі. Але ў Ганны Георгіеўны, старэйшай гаспадыні хаты, свой сын быў з такімі ж лейтэнанцкімі кубарамі...
Яна расказала, як схавала ўсе гэтыя фотаздымкі ў самавар і закапала яго ў зямлю. Некаторыя з іх пажоўклі ад вільгаці.
— Толькі шкада, што пласцінка не ўцалела... Паліцаі парвалі яе...
Да вайны ў кінатэатры «Чырвоная зорка» перад пачаткам сеанса можна было запісаць свой голас на гнуткую патэфонную пласцінку. Мы з Аляксеем Коршакам аднойчы зрабілі такі запіс. Гэтая пласцінка і захоўвалася ў маім альбоме.
Так незнаёмыя людзі збераглі ў час вайны многія дарагія для мяне фотаздымкі, некаторыя з якіх спатрэбіліся пры выданні кнігі «Мы іх не забудзем».
Мінула больш за дваццаць гадоў з таго часу. Мне захацелася зноў наведаць гэтую вёску.
3 аўтастанцыі, што на ўскраіне Мінска, загарадны аўтобус, пасля некалькіх прыпынкаў, давёз мяне на месца за паўгадзіны. Ажно не верыцца, што мы з Сурначовым дабіраліся сюды ледзь не цэлыя суткі.
Вёска Матарова... Аказваецца, жыхар яе, вясковы актывіст Хведар Трапашка ў трыццатыя гады перапісваўся з М. Горкім. У гісторыка-краязнаўчым музеі мясцовай сярэдняй школы захоўваюцца лісты вялікага рускага пісьменніка.
Гаспадары, якіх я хацеў наведаць, у першыя пасляваенныя гады пераехалі ў Рудзенск.
Праз некалькі дзён я знайшоў там іх домік, у якім мы прасядзелі за сталом некалькі гадзін.
Гаспадар, Мікалай Міхайлавіч, вясёлы, дасціпны чалавек. Мы адразу ж знайшлі з ім агульную мову. Некалі, у юнацтве, ён быу аграномам неиадалёк ад маіх родных мясцін. Я распытваю пра яго маці, Ганну Георгіеўну. Яна памерла тры гады таму назад. 3 вялікай удзячнасцю да яе я надпісаў Надзеі і Мікалаю Крайко толькі што выдадзены зборнік «Крывёю сэрца», у якім змешчана некалькі фотаздымкаў з тых, што зберагла Ганна Георгіеўна. Некаторыя з іх друкаваліся ў часопісах і кнігах. 3 фотаздымкаў зроблены партрэты, што цяпер вісяць на сценах у нашым Доме пісьменнікаў.
1968
ПАЭТ І ЧАЙКА
Прозвішча Рагуцкага запала мне ў памяць яшчэ з дзесяцігодкі. Яго вершы з’явіліся тады ў «Чырвонай змене» і час ад часу друкаваліся на старонках «Літаратуры і мастацтва» і «Полымя рэвалюцыі».