В степи ночующий обоз
И на холме средь желтой нивы
Чету белеющих берез.
Калі ад сумных вестак і ад ветру затуманьваліся слязьмі вочы, гэтай «четой белеющих берез» здавалася кожнае дрэва на Арлоўшчыне ці ў вёснах Тамбоўшчыны.
Фашысцкія зграі рваліся да Масквы. Мы адыходзілі на ўсход па дарогах Пензеншчыны, набліжаючыся да лермантаўскіх мясцін. Аднойчы ў другой палове дня з галавы калоны, якая расцягнулася на маршы, імгненна перадаўся па радах вокліч: «Лермантава! Лермантава!»
Як па камандзе, адразу ж выпроствалі илечы І выцягвалі шыі стомленыя паходам былыя беларускія студэнты, трымаючы раўненне на рускае сяло, дахі якога відаць былі ў нізіне, воддаль ад шляху. Не адзін я тады шкадаваў у душы, што дарога пралягла міма гэтай свяшчэннай мясціны.
Прайшоўшы яшчэ кіламетраў дванаццаць, мы спыніліся ў вёсцы на прывал. Я даведаўся, што тут застанемся начаваць, і папрасіў свайго малодшага камандзіра дазволіць мне збегаць у Лермантава. Ён далажыў пра гэта камандзіру дывізіёна. Цяпер я ўяўляю, якой незвычайнай і дзёрзкай была па тым часе мая просьба.
Мяне выклікаў камандзір дывізіёна. Калі я ўвайшоў у хату, ён устаў з-за стала (прафесійная звычка былога дырэктара сярэдняй школы: мы ведалі, што наш камандзір да пачатку вайны працаваў дырэктарам школы ў Арле і выкладаў гісторыю).
— Дык ты, Аўрамчык, хочаш збегаць у Лермантава?..
Я разгубіўся і не памятаю, што адказаў яму.
— Ты беларус...— ужо не пытаючыся, а сцвярджаючы, паціху прамовіў ён і, адвярнуўшы твар, паглядзеў у акно.
Я заўважыў, што вочы яго павільгатнелі.
Журботнымі вачыма на мяне глядзела цяпер сама Расія.
— А што, калі цябе затрымаюць?.. Палічаць дэзерцірам... Дый для мяне будуць непрыемнасці..— зноў парушыў цяжкое маўчанне камандзір.
Пальцы яго левай рукі нервова барабанілі па стале. Раптам ён падняў руку, глянуў на гадзіннік і спачатку неяк няўпэўнена сказаў: «Пазнавата», а потым больш рашуча:
— Ну што ж, ідзі!.. Толькі будзь асцярожны...
Я зайшоў у хату, дзе мы прыпыніліся, з рэчавага мяшка ўзяў у кішэню адзіны мой дакумент — студэнцкую заліковую кніжку і не пайшоў, а набег назад бальшаком, па якім нядаўна прайшла наша калона.
Бег, нідзе не спыняючыся, аж да самага павароту дарогі на Лермантава. Толькі тут прыпыніўся, каб перавесці дух. I адразу ж успомнілася, з даўно вычытанага, што некалі на гэтым павароце дарогі тарханаўскія сяляне знялі з воза труну, запаяную ў цяжкую евінцовую скрыню, і адсюль неслі на руках у сяло астанкі Лермантава.
Вось ён, дарагі майму сэрцу куток радзімы, дзе прайшло маленства любімага паэта. Сюды ён прыязджаў у госці да бабулі. Тут яго магіла.Паабапал маленькай рачулкі, якая перад плацінай разлілася ў вялікую сажалку, цягнуцца дзве вясковыя вуліцы. На пагорку за сялом — стары парк і ў ім высокі дом з мезанінам і балконам на калонах. Мімаволі прыгадваюцца словы паэта:
...высокий барский дом
И сад с разрушенной теплицей;
Зеленой сетью трав подернут спящий пруд,
А за прудом село дымится — и встают
Вдали туманы над полями.
Падыходжу да будынка. На ганку сядзіць стары. Я вітаюся і пытаю, як зайсці ў музей.
— Позна ўжо, сынок... Музей зачынены...
Стары з нейкай цікаўнасцю аглядае мяне з
ног да галавы. Відаць, у яго выклікаў спачуванне разгублены выраз майго твару і выгляд салдата ў зашмальцаванай кавалерыйскай куртцы.
— Адкуль ты ідзеш, сынок?
Я называю вёску, у якой мы спыніліся.
— Ажно адтуль ішоў, каб толькі паглядзець музей?! — здзіўляецца ён і пасля некаторага роздуму дастае ключ, нерашуча адмыкае дзверы.
— Зайдзі, сынок... Толькі доўга не баўся...
Я нясмела иераступаю парог. Сиачатку мне ўсё здаецца, што дзесьці тут за сцяной працуе ў гэты час гаспадар. Потым я, нарэшце, смялею, адчуўшы сябе адзіным наведвальнікам гэтага дома, у якім ад усяго павявае веліччу і вечнасцю.
Мне могуць пазайздросціць многія. Відаць, рэдка каму ў жыцці пашчаслівілася так, як мне, быць адзін на адзін сярод дарагіх сэрцу рэліквій.
П’яны ад шчасця, я забыў нават, што ў музеях забаронена кратаць рукамі экспанаты, і не толькі аглядаю з усіх бакоў карціны, намаляваныя Jlepмантавым, і фотакопіі яго твораў, але і прабую навобмацак рэчы, да якіх некалі дакранаўся паэт.3 вялікай сталовай, абсталяванай мэбляй з карэльскай бярозы, дзе ў прасценках размешчаны партрэты Лермантава і яго родных, я пераходжу ва ўтульны гасцінны пакой са шклянымі дзвярыма на веранду. Усё ў ім расказвае пра жыццё паэта ў Пецярбургу. Тут ужо мяккая лакіраваная мэбля з пазалочанай аздобай і блакітнай абіўкай.