Аркадзь Куляшоў не толькі дапамагаў нам парадам!, ён умеў яшчэ і заахвочваць нас аднаго перад адным.
Аднойчы я прыйшоў да яго з вершамі. Ён прачытаў іх, выказаў заўвагі... Відаць, сярод вершаў не было нічога цікавага. Бо Аркадзь Аляксандравіч сказаў:
— Нядаўна быў у мяне Аркадзь Гейнэ... Напісаў добры верш — «Шчаслівая зорка»...
У душы я пазайздросціў свайму таварышу... Пасля, сустрэўшыся з Аркадзем Гейнэ, расказаў яму пра гэта. А ён здзівіўся дый кажа:
— Аркадзь Куляшоў не хваліў мне верш... Ён толькі сказаў, што гэта прыстойная рэч, якую варта друкаваць...
Потым тэты верш быў надрукаваны, і Аркадзь Гейнэ выдаў першы зборнік, які так і называўся — «Шчаслівая зорка».
Некаторы час Аркадзь Куляшоў вучыўся ў нашым педінстытуце. Асабіста для мяне гэта былі самыя цікавыя дні майго юнацтва. Часта на перапынках мы сустракаліся, хадзілі па калідоры, шмат гаварылі пра паэзію.
Тады друкаваліся ў часопісах вершы Аляксандра Твардоўскага з яго будучай кнігі «Сельская хроніка».
Узрушаны і зачараваны паэмай «Краіна Муравія», я да гэтых вершаў ставіўся з нейкім непаразуменнем. Помню, з якім гарачым запалам іх прапагандаваў і расхвальваў Аркадзь Куляшоў.
Цяпер, калі перачытваю тыя вершы — «Пра Данілу», «Вярбінка», «Дзед Даніла ў лазні», «Як Даніла паміраў» — я прыгадваю даўнія размовы і пераконваюся ў тым, наколькі меў рацыю Ардзь Аляксандравіч.
Хадзіў я на кансультацыю да Аркадзя Куляшова таму, што ён адзін з маіх любімых паэтаў. Дарэчы, паяўленне яго нізкі «Юнацкі свет» было надзвычайнай падзеяй у нашай паэзіі для майго пакалення. Я быў так уражаны гэтымі вершамі, што яшчэ і цяпер помню, як яны паявіліся: спачатку ў «ЛіМе», а пасля дзвюма публікацыямі на працягу нейкага года — у «Полымі рэвалюцыі».
Разам з іншымі пісьменнікамі Куляшоў прыходзіў да нас у педінстытут на літаратурныя вечары. Студэнты любілі яго вершы з нізкі «Юнацкі свет». Аднойчы па іх просьбе паэт чытаў на памяць вершы «Млын» і «Ранак» і забыўся нейкія радкі. Студэнты з залы падказвалі гэтыя мясціны.
Вершы Аркадзя Куляшова вельмі любіў і часам чытаў на памяць Мікола Сурначоў. Мне тады здавалася, што пад уражаннем нізкі «Юнацкі свет» ён напісаў сваю нізку «Барвовая зара».
Рэдакцыя «Чырвонай змены», у якой я працаваў пасля вайны, зацікавілася, якія творчыя планы ў Аркадзя Куляшова на новы, 1947 год. Я наведаў паэта, і ён размашыстым почыркам напісаў коратка пра гэта.
Між іншым, там былі і такія радкі: «...калі дазволіць час, думаю пачаць працаваць над паэмай «Зорка Канікула».
Гэта была задума паэмы, якую ён напісаў неўзабаве, але назваў яе чамусьці «Толькі ўперад»...
У той час я працаваў над нізкай «Легенда пра залатую зямлю». Памятаю, як я прыйшоў да Аркадзя Куляшова з некалькімі данбаскімі вершамі. Жыў ён па Ульянаўскай вуліцы, у чырвоным цагляным доме, насупраць цяперашняга стадыёна.
Аркадзь Аляксандравіч уважліва прачытаў вершы. Яны яму спадабаліся. Ён выказаў паасобныя заўвагі па радках... Мы доўга сядзелі ў яго кабінеце. У час размовы ён прызнаўся, што некалі сам хацеў напісаць пра тое, як мацуецца столь у шахце, дзе выбіраюць вугаль. I параіў мне паспрабаваць напісаць штосьці пра гэта для данбаскай нізкі...
Я прадаўжаў працу над нізкай. Закончыў яшчэ некалькі рэчаў і напісаў верш «Беларуская сасна». Верш быў прыкладна ў такой жа рэдакцыі, якая вядома чытачу.
Прыйшоў да Аркадзя Куляшова. У кватэры было халаднавата. Мы абодва, каб сагрэцца, хадзілі па пакоі, спыняліся, прыхіналіся спінамі да грубкі, каля якой на ложку, скідваючы з сябе коўдру, сукаў нагамі маленькі Саша...
Аркадзь Аляксандравіч, стоячы побач са мной каля грубкі, прачытаў некалькі разоў «Беларускую сасну».
— Па-мойму, нічога сабе верш атрымаўся,— сказаў ён.— Ты толькі прыгледзься ўважліва: прадапошняя страфа ў ім, відаць, лішняя...
У вершы была яшчэ адна нейкая страфа, дзе рыфмавалася «з золата літая — тая»... Я выкінуў яе, паслухаўшы Аркадзя Аляксандравіча.
Аркадзь Куляшоў радаваўся творчым поспехам сваіх малодшых калег. Менавіта ён прывёз мне з Масквы прыемную вестку аб тым, што некаторыя вядомыя паэты звярнулі там увагу на мае данбаскія вершы і перакладаюць іх на рускую мову. Аркадзь Аляксандравіч цікавіўся, ці ёсць у мяне новыя вершы. Ён хацеў узяць іх з сабою, бо неўзабаве павінен быў зноў ехаць у Маскву.
Аркадзь Куляшоў умеў падтрымаць аўтара ў часіну творчага расчаравання. У мяне марудна пісалася паэма «Землякі». Чым даўжэй я працаваў над ёю, тым болей расчароўваўся працаю. Закончаная, яна чамусьці таксама не задавальняла.