Выбрать главу

Мне хочется сказать великому народу:

     Ты жалкий и пустой народ!

Ты жалок потому, что Вера, Слава, Гений,

Все, все великое, священное земли,

С насмешкой глупою ребяческих сомнений

     Тобой растоптано в пыли.

Из Славы сделал ты игрушку лицемерья,

Из вольности — орудье палача...

Як у дажджавой кроплі пад промнямі сонца адлюстроўваецца ўсімі фарбамі вясёлкі навакольны свет, так у шматграннай паэзіі Лермантава адлюстроўваліся на чужыне настрой і пачуцці нявольніка. Яна пранікла ва ўсе таямніцы душы, абуджала думкі, падтрымлівала веру, жывіла мары.

Верш «Малітва» найлепш ахарактарызаваў бы ўсю цудадзейную сілу лермантаўскай паэзіі ў няволі. Нездарма я не раз паўтараў сам сабе гэты верш, як набожны шэпча святую малітву.

Паэзія Лермантава сваімі разнастайнымі адценнямі асвятляла самыя розныя падзеі, характарызавала з’явы, давала адказ на хвалюючыя пытанні.

Калі на Захадзе марудзілі з адкрыццём другога фронту, успамінаўся з горкай іроніяй радок:

Союзники собирались потаенно.

Калі адчувалася, як у хадзе падзей спее на зямлі помета фашызму, прыгадваліся словы:

Меж тем летят за годом годы,

Готовят мщение народы,

И пятый год уж настает...

На працягу чатырох гадоў вайны, праз усе нягоды і выпрабаванні я пранёс партрэт Лерманта­ва, які ўзяў у доме-музеі. Да яго ніколі не дакранулася на чужыне ніводная брудная рука. Ён захоўваўся ў сумцы ад савецкага процівагаза, паднятай на ланцугу пад столь шахцёрскай раздзявальні. Часам я перакладаў яго ў кішэню спяцоўкі і ў змрочным штрэку пры цьмяным святле шахцёркі разглядаў знаёмыя рысы дарагога твару.

Среди волнений жизни трудной,

Как талисман таинственный и чудный,

я захоўваў гэты партрэт. Я не веру ў прымхі, і, вя­дома, гэты «талисман таинственный и чудный» не прынёс мне ўдачы ў няволі. Але ў нейкай ступені ён сапраўды надзяляў мяне цудадзейнай сілай, напамінаючы аб далёкай Радзіме. 3 ім я адчуваў сябе ўладаром невычэрпнага багацця, якое нават у нявольніка не мог адабраць вораг і якім заўсёды можна было шчодра дзяліцца з таварышамі і аднадумцамі.

Я гляджу цяпер на гэтую карычневую гравю­ру з партрэта работы Гарбунова. Яна пажоўкла не столькі ад часу, колькі ад салёнай вільгаці рурскага падзямелля і цёплай пары шахцёрскай раздзявальні...

Мабыць, не адзін я сярод шматлікіх гарачых прыхільнікаў Лермантава з хваляваннем і замілаваннем успамінаю першае пасляваеннае выданне Поўнага збору яго твораў у кардоннай вокладцы зялёнага колеру. Пазней былі іншыя, значна прыгажэйшыя выданні. Але мне чамусьці запала ў памяць менавіта першае пасляваеннае выданне. Яго зялёная вокладка і рамка па краях яе нагадваюць мне колер сасновых бароў роднага краю і тое акно, з якога я ў маленстве ўпершыню глянуў у свет лермантаўскай паэзіі.

А на светлым карэньчыку цёмна-зялёнае акенца, падзеленае залатымі радкамі слоў на пяць шыбін, як быццам бы напамінае пра пяць доўгіх гадоў вайны, якія адарвалі мяне ад гэтага роднага краю, але не здолелі адлучыць ад Лермантава.

Пасля затхлага падзямелля няволі, трапіўшы на Каўказ, я асабліва адчуў, як вольна дыхаюць лёгкія свежым горным паветрам і як загойваюцца раны сэрца. Як скрозь прызму глядзеў я на прыроду Каўказа праз вершы Лермантава, і мне зразумелы быў прыўзняты настрой паэта:

Вдали я видел сквозь туман

В снегах, горящих, как алмаз,

Седой незыблемый Кавказ

И было сердцу моему

Легко, не знаю почему.

Кожны раз, бываючы на Каўказе, я наведваў знаёмыя да драбніц лермантаўскія мясціны. Часта сядзеў каля помніка паэту ў Пяцігорску, любуючыся далёкім горным ланцугом, над якім пануе двухгаловая аснежаная вяршыня Эльбруса. Падоўгу прастойваў у журбе перад помнікам на месцы дуэлі паэта. Узбіраўся на вяршыню Машука і слухаў легенды пра Лермантава, якія расказвала стогадовая бабуля, што збірала зёлкі і паказвала ўнізе на могільніку месца, дзе спачатку быў пахаваны паэт.

У такія дні я звычайна зноў і зноў перачытваў творы Лермантава — і кожны раз успрымаў іх тут зусім па-інакшаму, пазнаючы ўсё новыя і новыя сцяжыны, па якіх некалі хадзіў паэт і яго героі. То паміж Машуком і Бештау, сярод сівога камення і вінаграднікаў, шукаў позіркам рэшткі аула Бастунджы, то спыняўся перад галерэяй каля кісла-сернай крыніцы, дзе некалі княжна Мэры падняла і падала Грушніцкаму ўпушчаную ім шклянку.

Мабыць, нідзе на свеце не адчуеш так усю чароўнасць паэзіі Лермантава, як на Каўказе.