Калі таварышы па паэтычным цэху даручылі мне рэдагаваць «Дзень паэзіі» 1975 года, я адразу ж прыгадаў куляшоўскі верш «Вінтоўка», які ніколі не ўваходзіў ні ў адну кнігу паэта, і наважыўся змясціць яго ў гэтым зборніку. Я добра памятаў, што адразу ж пасля векапомных вераснёўскіх дзён 1939 года верш «Вінтоўка» друкаваўся ў «Звяздзе» і ў «Полымі рэвалюцыі». Таму пайшоў у беларускі аддзел Дзяржаўнай бібліятэкі, знайшоў патрэбныя выданні, зверыў абедзве публікацыі і перапісаў верш.
Па тэлефоне пазваніў Аркадзю Куляшову і сказаў, што хачу ўключыць у «Дзень паэзіі» яго забыты верш «Вінтоўка».
Паэт паслухаў мяне і пасля некаторай паўзы прамовіў:
— Па-мойму, гэта слабая рэч, стары (такі зварот ён часта ўжываў пры гаворцы).
Я пачаў даводзіць, якое значэнне мае юбілейны «Дзень паэзіі», прысвечаны трыццацігоддзю нашай перамогі над фашызмам.
Спаслаўся на тое, што члены рэдкалегіі намагаюцца зрабіць яго як мага цікавейшым і разнастайнейшым.
— Стары, дык у мяне няма гэтага верша,— разгублена апраўдваўся Аркадзь Куляшоў.
— У мяне ён ёсць,— не адставаў я.
— А дзе ты ўзяў яго?
Я сказаў, што расшукаў верш у кнігасховішчы і перапісаў.
— Ну дык прынось, паглядзім, што з гэтага выйдзе,— нарэшце здаўся паэт. Я прыйшоў да яго на кватэру. Аркадзь Аляксандравіч быў у настрой расказваў пра сустрэчы ў Маскве з таварышамі і сябрамі. Днём раней ён вярнуўся адтуль з вечара, прысвечанага сямідзесяцігоддзю Міхаіла Ісакоўскага.
Калі я аддаў машынапісны тэкст верша, паэт прымусіў мяне перасесці ў крэсла да пісьмовага стала, з шуфляды якога дастаў ладны стос паперы, паклаў яго перада мной і сказаў:
— Паглядзі, чым я займаюся апошнім часам. Яшчэ трэба напісаць заключим раздзел.
«Хамуціус» — прачытаў я незнаёмае слова на тытульным аркушы першай старонкі.
Па меры таго як паглыбляўся ў чытанне, твор усё мацней прывабліваў, уражваў свежасцю тэмы, захапляў маштабнасцю мыслення. Нічога падобнага даўно я не чытаў у нашай паэзіі.
Тады я засядзеўся ў Аркадзя Аляксандравіча. Ён шкадаваў, што не здолеў поўнасцю выкарыстаць у паэме ўсяго фактычнага матэрыялу. Расказваў цікавыя звесткі пра бацьку Н. К. Крупскай, які на Беларусі ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху ў арміі.
Між іншым, я зазначыў тады, што паэма «Хамуціус» хораша гучала б з тэатральных падмосткаў.
— Гэта ўжо не мая справа,— адказаў паэт.
«А іншы зрабіў бы з такой рэчы не толькі сцэнарый для кінафільма, але нават і лібрэта балета»,— падумаў я.
— Калі рэдкалегія «Дня паэзіі» хоча перадрукаваць гэтую даўнюю рэч, друкуйце яе вось у такім выглядзе,— сказаў Аркадзь Куляшоў, вяртаючы мне тэкст верша «Вінтоўка».
У ім крыж-накрыж былі перакрэслены тры апошнія страфы і ў радку «Мох на страсе, без хлеба ў курнай хаце» над закрэсленымі словамі «без хлеба» напісана было «галеча».
Шпацыруючы па каралішчавіцкіх лясных сцежках, адзін час я шмат распытваў у Аркадзя Куляшова пра яго юнацкіх сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенку, якіх ніколі не бачыў, але паэзія якіх мне заўсёды падабалася.
Аднойчы ў часе такой гутаркі ён выказаў сумненне наконт таго, што Змітрок Астапенка загінуў. Нават таямніча спаслаўся йа нейкую асобу, якая ў цягніку нібыта апазнала ягонага сябра.
Другі раз, калі я прызнаўся, што «Эдэм» Змітрака Астапенкі выклікае ў мяне не меншае захапленне, чым «Сцяг брыгады», паэт нечакана спытаўся:
— А табе не здаецца, што яго паэма напісана пад уражаннем маёй?
Мне такое ніколі не прыходзіла ў галаву.
Аркадзь Куляшоў растлумачыў, што гэта падазрэнне ў яго ўзнікла даўно і не столькі на падставе тэматычнай пераклічкі твораў, колькі па чыста фармальнай прычыне: аўтарскія эпіграфы перад кожным раздзелам паэмы «Эдэм» вельмі нагадваюць яму загалоўныя радкі кожнага раздзела «Сцяга брыгады».
Неяк я расказаў Аркадзю Куляшову, што ў пачатку вайны мяне прызваў у армію Мсціслаўскі ваенкамат. Паэт пачаў цікавіцца, як выглядае там Дзявочая гара, ці захаваліся старыя прысады перад будынкам іхняга былога педтэхнікума, і шкадаваў, што ўсё не выберацца праведаць горад свайго юнацтва.
У выніку тых размоў я напісаў прысвечаны яму верш «Мсціслаў».
А праз нейкі год Аркадзь Куляшоў прагаварыўся, што працуе над невялікай рэччу пра сваіх юнацкіх сяброў. Я папрасіў, каб ён, калі закончыць яе, меў на ўвазе наш маладзёжны часопіс. Паэт паабяцаў і потым стрымаў сваё слова — «Маналог» друкаваўся ў «Маладосці».