Выбрать главу

У пачатку мая 1968 года ў мяне адбылася з Аркадзем Куляшовым цікавая размова. У нейкай меры яна пралівае святло на ўзнікненне некаторых задум яго твораў і падрыхтоўку працы над імі. Усхваляваны ёю, я заканспектаваў размову адразу ж пасля таго, як яна адбылася. Гэтыя занатоўкі, мабыць, зацікавяць не толькі даследчыкаў творчасці паэта, але і яго чытачоў.

За месяца паўтара да тае гаворкі я сустракаўся з паэтам пасля яго хваробы. Ён расказваў тады, што перакладае паэму «Спеў аб Гаяваце», пытаўся, ці не маглі б мы надрукаваць яе ў «Маладосці». Вядома, такую вялізную рэч часопіс не мог змясціць па тэхнічных прычынах.

Мне было незразумела, чаму пасля сваёй «Новай кнігі» Аркадзь Куляшоў раптам узяўся за пераклад такога далёкага па часе твора, як паэма Генры Лангфелы. Але не стаў распытваць, бо ў паэта быў стомлены, хваравіты выгляд: Аркадзь Аляксандравіч ішоў атрымліваць пуцёўку ў санаторый.

I вось мы зноў сустрэліся. Аркадзь Куляшоў — вясёлы, па-святочнаму апрануты. Калі я спытаўся, як яму адпачывалася, ён, смеючыся, адказаў:

— Стары, я не адпачываў, я пісаў паэму.

Спачатку я падумаў, што ён жартуе. Але Ар­кадзь Куляшоў з сур’ёзным выглядам пачаў расказваць, як напружана працаваў амаль увесь год. Перакладаў «Спеў аб Гаяваце», а цяпер напісаў новую паэму. Называецца яна «Цунамі». У ёй ка­ля чатырохсот радкоў.

Калі ён пераказаў яе змест, я зразумеў, што па філасофскай думцы і па подыху сучаснасці паэма звязана з яго «Новай кнігай».

Пачалася гаворка пра «Спеў аб Гаяваце». Я прызнаўся, што з маленства люблю паэму Ген­ры Лангфелы. Аказалася, што і Аркадзь Куляшоў таксама любіць яе. Перакладаў ён паэму з падрадкоўніка, які зрабілі спецыяльна для яго.

Мне чамусьці ўяўлялася, што перакласці «Спеў аб Гаяваце» няцяжка. Па перакладу Івана

Буніна паэма здавалася мне трошкі вадзяністай. А Аркадзь Куляшоў кажа, што, наадварот, напісана яна вельмі густа. Іван Бунін перакладаў яе адвольна, дапісваючы па многа радкоў там, дзе не ўкладвалася думка і вобразы. Ён сачыў толькі за музычнасцю твора.

Аркадзь Аляксандравіч прачытаў на памяць страфу:

Цеціва патрэбна луку,

Як жанчына для мужчыны:

Хоць яна яго згінае,

Але ён кіруе ёю;

Хоць яна яго і цягне,

Ды за ім ідзе слухмяна:

Сэнс жыцця іх — у адзінстве.

I прызнаўся, шго вельмі доўга праваждаўся з ёю, пакуль здолеў перакласці. Аказваецца, ён узяўся за пераклад «Спеву аб Гаяваце» спецыяльна, каб акунуцца ў першабытны свет жыцця, які яму быў неабходны для таго, каб распачаць працу над паэмай «Цунамі».

— Гэта — мая даўняя задума,— сказаў паэт.— Але да таго часу, пакуль я не пабачыў акіяна, калі плыў у Амерыку, усё ніяк не мог у думках вобразна распрацаваць паэмы. А ў Нясвіжы напісаў яе адразу.

Ведаючы, што гэтак жа хутка Аркадзь Куляшоў напісаў і паэму «Толькі ўперад», я нагадаў, як улетку 1950 года мы з сем’ямі жылі ў Каралішчавічах, а ён адлучыўся на некалькі дзён у родныя мясціны і вярнуўся адтуль з гэтым творам.

— Ага, я тады напісаў там паэму за дзесяць дзён,— адказаў ён.

Я напомніў пра чырваназменаўскае інтэрв’ю, дзе ішла гаворка, што ён будзе пісаць паэму «Зор­ка Канікула», і пашкадаваў, што ён дарэмна змяніў добрую першапачатковую назву гэтай паэмы.

— Відаць, трэба будзе ў далейшым усё-такі назваць яе «Зоркай Канікулай» або хоць даць ёй такі падзагаловак,— пагадзіўся ён.

— Цяпер ужо не варта рабіць гэтага,— зазначыў я.— Прайшло шмат часу. Чытачы прызвычаіліся да назвы «Толькі ўперад».

Гераіню гэтай паэмы я добра памятаў яшчэ па юнацкіх вершах паэта. Таму не ўстрымаўся і пацікавіўся, як яна загінула.

— У сапраўднасці. яна жывая,— адказаў Ар­кадзь Куляшоў.

Ён расказаў пра першую пасляваенную сустрэчу з Алесяй. 3 шафёрам Ільёй Мікалаевічам яны ездзілі ў Магілёў, каб дастаць цэглы на будаўніцтва сямігодкі ў родных мясцінах. Алеся паведаміла ў лісце, што ў пэўны час з Быхава яна пазвоніць яму ў Магілёў. А яны ў Магілёве хутка ўладкавалі ўсе справы і, маючы шмат вольнага часу, прыехалі ў Быхаў. Паэт вельмі шчыра і падрабязна расказваў пра тое, як у дамоўлены час убачыў на пошце старую, зломленую горам жанчыну. Спачатку ён нават разгубіўся — і выйшаў з памяшкання. Але потым яму стала няёмка. Ён вярнуўся назад і падышоў да жанчыны. Гэта бы­ла Алеся. Разам з ёю былі дзеці.

Машынай яны паехалі за Быхаў. Спыніліся ў маляўнічых мясцінах. У шафёра знайшоўся нейкі чыгунок, у якім засмажылі яечню.

Аркадзь Куляшоў прызнаўся, што фактычна тады Алеся памерла для яго і што ён збіраецца напісаць пра ўсё гэта яшчэ адну паэму, якую, можа, нават і назаве «Зоркай Канікулай».