Выбрать главу

Але пад рукамі была аўтамашына — і доўга разважаць не давялося. Праўда, акрамя шафёра, мы былі ўпяцёх: з намі быў палымяны прыхільнік роднай літаратуры, няўрымслівы прапагандыст яе ў нарачанскім краі, малады настаўнік Сваткаўскай школы Мікола Пашкевіч.

Да Купы мы дабраліся з некаторымі прыгодамі: яму, як самаму маладому, трэба было або садзіцца на калені да старэйшых, або лажыцца ў багажнік. Але паездка не была марнай.

Нас сустрэла Соф’я Захараўна. Яна рабіла ўборку, даводзіла ўсё да ладу. Толькі дзве-тры :оадзіны таму назад яны прыехалі з Мінска... Соф’я Захараўна папрасіла прабачэння, што будзе займацца сваёй працай.

— Міхась Ціханавіч у сябе... Калі ласка, пра-

ходзьце.

Па вільготных, свежавымытых прыступках мы падняліся ў пакой на другім паверсе.

Прабачліва апраўдваючыся, спрабавалі тлумачыць, што, знаходзячыся паблізу, не маглі не наведаць яго, хоць, можа, адрываем ад працы.

Міхась Ціханавіч жартаўліва адказаў:

— 3 каляіны не выб’еце, бо яшчэ не паспеў увайсці ў яе.— I сур’ёзным тонам дадаў: — Трэба разбіраць паперы, хачу перагледзець даўнейшыя

запісы. ^

За год ці два перад гэтым, ранняй вясной, у На-

рачы загінула шмат вугроў. Зайшла гаворка пра гэта. Са шкадаваннем выказваліся розныя здагадкі. Магчыма, мінеральныя ўгнаенні, пазмываныя дажджамі з палёў, атруцілі вугра, а мо нейкі страшны мор загубіў гэтулькі рыбы...

Я цяпер не помню, менавіта хто і якім чынам пачаў размову пра вайну. Неўзабаве размова гэта ўвайшла ў пэўнае рэчышча, павольна паплыла, балюча адзываючыся ў нашых сэрцах.

Міхась Ціханавіч не спяшаючыся паказваў пажоўклыя даваенныя фотаздымкі... Хлапчук. Жанчына.

Сын і жонка пісьменніка.

Ён расказваў, як іх замардавалі фашысты.

Мы моўчкі слухалі яго, толькі зрэдку нясмела перапыняючы паасобнымі пытаннямі. Мне балю­ча было слухаць пісьменніка, бо прыгадвалася, як юнаком я неаднойчы бачыў Міхася Ціханавіча побач з хлапчуком-сынам на Савецкай вуліцы даваеннага Мінска.

Усе мы ведалі пра трагічную гісторыю сям’і Міхася Лынькова. Але з вуснаў самога я чуў гэты расказ упершыню, хаця на працягу пасляваенных гадоў часта слухаў ягоныя ўспаміны пра вайну. Асабліва каля распаленага ім вогнішча, да якога мы, маладыя, амаль штодзень улетку прыцягвалі вываратні, буралом і сухастой з непралазнага каралішчавіцкага гушчару.

Міхась Лынькоў рэагаваў на вайну абвострана. Помню, як амерыканцы пачалі ваенныя дзеянні ў Карэі...

У каралішчавіцкім доме, у вялікім пакоі, спра­ва, дзе была сталоўка, пісьменнік каля радыёпрыёмніка збіраў нас слухаць апошнія паведамленні. Ён развешваў геаграфічную карту і сцяжкамі адзначаў гарады, адбітыя ў амерыканцаў войскамі дэмакратычнай Карэі. Трэба было бачыць, якім сумным і маўклівым зрабіўся Міхась Ціханавіч, калі амерыканцам удалося пацясніць карэйскія дэмакратычныя сілы.

Мабыць, пасляваенныя захапленні Міхася Лынькова спачатку матацыклам, а потым фотаапаратам былі выкліканы яго імкненнем запоўніць дарэшты вольны ад службы і творчай працы час... Каб некалі было думаць і ўспамінаць пра цяжкое мінулае.

Ад гэтых захапленняў перападала і нашаму брату. Карыстаючыся дабратой Міхася Ціханавіча, мае смялейшыя аднагодкі так газавалі на яго ІЖы, што пасля, небаракі, некаторы раз вымушаны былі кіламетраў за пяць валачы на сабе цяжкі матацыкл.

Аднойчы з фотаапаратам у руках, без усмешкі на твары Міхась Ціханавіч сказаў:

— Уюнаш, грэшным дзелам, трэба запечатлець...

Я гляджу цяпер на крыху пажоўклыя, амаль трыццацігадовай даўнасці аматарскія здымкі, зробленыя ім. Міхась Ціханавіч не ставіў мяне на якое-небудзь узвышэнне, тым больш не прысядаў, каб сфатаграфаваць знізу. Але ў нейкай меры на гэтых фота адчуваюцца значна пазнейшыя наватарскія пошукі кінааператараў, якія здымалі чалавека ў незвычайных ракурсах, на фоне прыроды.

У кожнага з нас было штосьці сваё асабістае ў адносінах да Міхася Лынькова. 3 сыноўняй павагаю і любасцю да Міхася Ціханавіча я ставіўся не таму, што не быў абыдзены яго ўвагай пры пераліку імёнаў у памінальніцах... Хаця ў маладжавым узросце адчуў аднойчы, што ён сам адносіцца да мяне не толькі па-бацькоўску, але і па-зямляцку.

У рэдакцыі шаноўнага выдання, у прысутнасці іншых пісьменнікаў Міхась Лынькоў пачаў хваліць мой верш аднаму паэту. Паэт пацвердзіў, што верш добры. Але Міхась Ціханавіч не задавальняўся:

— А я кажу: выдатны!..

Нават калі б тэты паэт назваў мой верш пасрэдным, дык я ад шчасця быў бы на сёмым небе!..