СЯБРА ЎПРАВЫ: Ну а як-жа ягоныя гарантыі?
ЯНКА: Гэта ў парадку. Мае добрых паручыцеляў дый шмат грошы ў доме. Мае таксама сталую працу.
МІКОЛА (ходзячы): Хто яго тут ведае з гэтым Пінкам? (Да Янкі): А як ты? Даць ці ня даць?
ЯНКА: Трэба было-б пазычыць.
СЯБРА ЎПРАВЫ: Мне таксама здаецца. Бог зь ім. Можа во паправіцца...
ЯНКА: Значыцца вы за?
СЯБРА ЎПРАВЫ: Няхай сабе.
ЯНКА: А ты, Мікола?
МІКОЛА: Я? Хто-ж яго тут ведае... (махае рукой) - Эх, няхай ужо будзе, дзе маё не прападала...
ЯНКА (з усьмешкай): Ну, калі ходзіць аб тваё, дык яно тут ужо не прападзе, бо даўно прапала й распладзілася.
МІКОЛА: Нічога сьмешнага тут ня бачу. Дый маей віны тут ані на макулінку. Хацела выйсьці ў людзі, ды яшчэ за чужынца, ну дык выйшла. Адным словам так наінжынерыла, што аж бацькам пад старасьць сорамна сваім людзям у вочы зірнуць.
ЯНКА: То можа, сябры, будзьце ласкавы тады падпісаць, што апрабуеце?
СЯБРА ЎПРАВЫ КАСЫ: Давайце.
(Янка падсоўвае сябром паперы й яны пачарзе падпісываюць і закурываюць).
МІКЛОА (ходзячы): Ну, ну! Вось і наінжынерыла!
(Чутно стук у дзьверы)
Тыя-ж, Сьцяпан і Марыля.
ЯНКА (да дзьвярэй): Заходзьце, калі ласка.
СЬЦЯПАН І МАРЫЛЯ (нясьмела ўваходзяць): Добры дзень вам усім.
УСЕ: Добры дзень (вітаюцца).
ЯНКА: Сядайце ў нас, калі ласка.
СЬЦЯПАН: Дзякуем, сядзелі.
МАРЫЛЯ: Сядзелі.
СЬЦЯПАН: Бачу, у вас заўсёды занятак ёсьць.
ЯНКА: А, дзякуй Богу, хапае.
СЬЦЯПАН: Што-ж добранькага чуваць?
ЯНКА: Ды вось старую бяду калоцім, дый толькі таго. А што-ж у вас?
СЬЦЯПАН: Ох, браточкі-ж вы мае... Бяда, ды яшчэ вунь якая! Проста ня ведаю...
СЯБРА ЎПРАВЫ (да Марылі): Сядайце, цётачка, калі ласка. Пэўне-ж ня думаеце ўцякаць, каля дзьвярэй стоячы...
МАРЫЛЯ: Ну прысяду-ж ужо (сядае каля мужа).
СЬЦЯПАН: Проста ня ведаю дзе дзецца. Начамі ня сплю, турбуюся. Падумаць, толькі падумаць... Жарцікі, казаў той, працаваў, складаў, нажываў, здароўе траціў, а тут, казаў той, адкуль і не спадзяваўся дык няшчасьце прыйшло. Адкуль ён, гэты жулік, басяка кусок, на маю галаву ўзяўся? Чаму ён тады не асьлеп, як першы раз да маей дзяўчыны дарогі шукаў!
МАРЫЛЯ: Сьцяпан, няможна так на чалавека.
СЬЦЯПАН: А ты вось, разумная, яшчэ бароніш! Няхай ужо дачка дык тая зусім дурная была, але й ты на старасьць здурэла. Паможам ды паможам. І жыць мне не давала, а ўсё тую ратавала. Вось і даратаваліся. Жарцікі, такая вунь дзяўчына! Думаў, чалавек можа добры найдзецца мне на старасьць дапаможа, ажно дапамог, каб яму на тым сьвеце спакою ня было.
ЯНКА: Спадар Пінкевіч, прабачце, Пінк...
СЬЦЯПАН: Называйце лепш Пінкевіч. Ну іх гэтых баб ізь нейкімі там пінкамі...
ЯНКА: Спадар Пінкевіч, калі ласка, супакойцеся!
СЬЦЯПАН: Ого! Што-ж вы думаеце, мне лёгка? Старому, выпрацаванаму... Дык вунь нейкі чужы той чорт нямыты да торбы ледзь не давёў. Жарцікі, падумаць толькі, казаў той. Навет сваім людзям цяперака сорамна ў вочы глянуць. І дзе мая галава была? Каб хаця сваім розумам жыў, ато ўсё гэтым бабам патураў...
МАРЫЛЯ: Што ты мяне ўсё вінаваціш? А ты дзе быў?
СЬЦЯПАН: Як гэта дзе быў?
МАРЫЛЯ: Ну дзе ты быў, як дачку замуж аддаваў?
СЬЦЯПАН: На цябе-ж пакладаўся...
МАРЫЛЯ: Што ты гарэзьдзіш - на мяне пакладаўся? Як табе перад людзьмі ня сорамна?
СЬЦЯПАН: Мне сорамна? Няхай табе будзя сорамна. Ты-ж яе ў руках трымала, гадавала, навучала. Нябось, і сягоньня навет сюды са мной не хацела йсьці. - Ідзі - кажа - сам. Пазычуць. Пэўна-ж, можа й пазычуць, але я хачу пачуць як ты папросіш. Свае-ж грошы то зяцю ўмела ўсупоніць.
МАРЫЛЯ: Хто-ж усупоніў, калі ня ты!
СЬЦЯПАН (ускаківаючы, злосна): Як то я? І ты яшчэ асьмельваешся так гаварыць?
МАРЫЛЯ: А ты не даваў?
СЬЦЯПАН: Дык пару разоў памог, але-ж то толькі спачатку. Усяк-жа чалавек варажыў... Але ты! Як гэта так сталася, што ты за пару гадоў усе аддала?
МАРЫЛЯ: Што тут гаварыць, толькі людзей сьмяшыш...
СЬЦЯПАН: Я сьмяшу?
МАРЫЛЯ: А хто-ж?