Выбрать главу

СЬЦЯПАН (падыходзячы да жонкі, із пагрозай): Слухай, баба, лепш-бы ты хаця памаўчала, ато мае нэрвы могуць ня вытрымаць... Так атрымаеш падпругай падамашняму! Во прасі-ж людзей, каб пазычылі, ато апошні той дом могуць забраць. Чаго маўчыш?

(Марыля выймае насатку й стараецца выцерці набягаючыя сьлёзы).

ЯНКА: Спадар Пінкевіч, гэта непатрэбна. Прасіць нас ня трэба.Вы ўжо заяву злажылі й гэтага даволі...

СЬЦЯПАН: Ну дык як-жа ня просячы дастанеш? Вунь хадзіў па банках і па іншых і не дапрасіўся...

ЯНКА: Мы ня чужые, мы для вас - свае.

СЬЦЯПАН: От гэта дык ты, братка, мусіць праўду сказаў. Што свае то ня чужыя. І як гэта чалавек так раней пра гэта не падумаў...

ЯНКА: Нам то хаця вельмі прыемна, што вы зразумелі, сваю памылку ды асьмеліліся прыйсьці да нас...

СЬЦЯПАН: А як-жа...

ЯНКА: ...а то бываюць такія, што хаця й ведаюць, што дурніцу зрабілі, а прызнацца й ня прызнаюцца, помачы не папросяць хаця-б там няведама што...

СЬЦЯПАН: Ня так то яно й лёгка гэта, самі ведаеце...

ЯНКА: Ведама-ж. Але-ж у жыцьці ўсяк прыходзіцца.

СЬЦЯПАН: Браток ты мой, яшчэ й як прыхідзіцца!

ЯНКА: Цяпер-жа што да вашай пазыкі: мы тут якраз пра яе гаварылі й апрабавалі.

СЬЦЯПАН: Гэта значыцца як то апрабавалі?

СЯБРА ЎПРАВЫ: Згадзіліся вам грошы пазычыць.

СЬЦЯПАН: Колькі-ж, калі можна ведаць?

СЯБРА ЎПРАВЫ: Дзьве тысячы, каторыя вы прасілі.

СЬЦЯПАН: А браточкі-ж вы мае, няхай-жа вам Бог здароўя за гэта прыспорыць. Вялікае-ж вам дзякуй. От мне цяпер цяжар з грудзей, казаў той, зваліцца. Няхай жа вам Бог за гэта заплаціць.

ЯНКА (падае Сьцяпану падпісаную заяву): Калі ласка, спадар Пінкевіч, занясіце гэтую заяву да нашага скарбніка і ён вам чэк выпіша. Ведаеце нашага скарбніка?

СЬЦЯПАН: Чаму-ж ня ведаю. (Бярэ заяву і ўглядаецца ў яе). От дык дзякую, от дык малайцы.

СЯБРА ЎПРАВЫ: І ён вам раскажа як пазычку будзеце сплачваць.

СЬЦЯПАН: Ага, я во пра гэта толькі што й хацеў пытацца, як сплачваць маю. Ну як ён раскажа, дык можа мы й разьвітаемся ўжо...

(За дзьвярмі чуваць хуткія крокі. Дзьверы раптоўна адчыняюцца і ўбягае Васіль).

ЗЬЯВА 3-я

Тыя-ж і Васіль

(Васіль спыняецца й моўчкі стаіць каля дзьвярэй. Ён апрануты ў спартовую кашулю, на якой сьпераду й ззаду выбіта вялічэзная галава Элвіс Прыслі(26) з напісам пад нізом. Штаны з вузрньлімі калошамі. Жве гуму й разглядаецца).

СЬЦЯПАН (прыбліжаецца да сына): А гэта што такое? Чаго ты ўбег і стаіш як асёл? Што трэба сказаць?

ВАСІЛЬ (із дурной усьмешкай да ўсіх): Гай!(27)

СЬЦЯПАН: Што гэта значыцца - гай? Ты палюдзку забыўся гаварыць, ці што?

ВАСІЛЬ (зьбянтэжана): Добры вечар.

СЬЦЯПАН (ходзіць навокал сына й абглядае яго): Вось як, добры вечар трэба сказаць. А гэта што ў цябе на кашулі? Адкуль ты яе ўзяў?

ВАСІЛЬ (нясьмела): Гэта Элвіс...

СЬЦЯПАН (грозна): Хто? (Прысутныя ўсьміхаюцца).

ВАСІЛЬ: Элвіс Прыслі...

СЬЦЯПАН: Які бэлбіс? Што за бэлбіс?

ВАСІЛЬ: Элвіс Прыслі, сьпявак...

СЬЦЯПАН: Дык што, калі сьпявак, ты маеш яго сьпераду й ззаду насіць на кашулі насіць? Ськідай зараз кашулю разам із гэтай брыдотай. Зараз-жа скідай!

(Васіль пазірае на матку. Тая прыбліжаецца да яго й стае побач, быццам для абароны).

МАРЫЛЯ: Сьцяпан, перастань! Што ты ўжо на хлопца дарэмна нападаеш?

СЬЦЯПАН: Як то дарэмна? Паглядзі, на якога чорта ён цяпер падобны, гэтай брыдотай абчапіўшыся? Кажу яшчэ раз, ськідай кашулю!

МАРЫЛЯ: Сьцяпан, перастань!

СЬЦЯПАН (да Марылі): А ты што, яшчэ мяне будзеш вучыць? Не, даражэнькая, больш ня ўдасца. Ты ўжо дачку навучыла, а я за сына сам возьмуся. Можа хоць ён на чалавека вырасьце. (Да Васіля): Але я табе, сынок, з галавы павыганяю гэтых бэлбісаў тваіх нейкіх... Дзе ты быў? (Васіль маўчыць) - Чуеш, я пытаюся, дзе быў?

ВАСІЛЬ: На пікніку.

СЬЦЯПАН: На пікніку? А хто табе дазволіў ісьці на пікнік? Чаму ты ў мяне ня спытаўся, ці можна?

ВАСІЛЬ: Я ў мамы пытаўся.

СЬЦЯПАН: Зноў у мамы? Слухай, сынок, ад гэтага часу будзеш пытацца ў мяне, і толькі ў мяне! Разумееш?

ВАСІЛЬ: Так.

СЬЦЯПАН: Ну вось, глядзі, каб і рабіў так. А на якім ты пікніку быў?

ВАСІЛЬ: Санбім брэд(28) рабіў пікнік.