Выбрать главу

МАРЫЛЯ: Дык от яно як...

МІКОЛА: Дык вось як справа з аўтамабілем (усьміхаецца).

СЬЦЯПАН: Ну адкуль-жа мне ведаць. Думаў, што як у чужых так і ў нас: - і багатыя людзі, і арганізацыі, можа якую і капейку беднаму на помач падкінуць...

(Нязручнае маўчаньне).

ЯНКА (частуе сігарэтамі): Курыце, калі ласка ды й хвалецеся як вам падабаецца Канада.

СЬЦЯПАН: Ды няма тут надта чым, казаў той, хваліцца. Многа яе й ня бачылі, казаў той, тэй Канады. Сядзім во ў лягеры гэтым, як у нары, ужо тры месяцы й сьвету ня бачым, ды ад гультайства няма ратунку. Хоць ты што, працы не даюць і ўсё. Каб хоць дзе якога далярку, казаў той, зарабіць, ато...

МІКОЛА: То вы яшчэ нікуды й ня выяжджалі?

СЬЦЯПАН: Ды раз неяк тут сабраліся. Вытрасла баба з панчохі сваіх гэтых пару фэнігаў...

ТАНЯ (да бацькі): Тата, ня фэнігаў, а цэнтаў!

СЬЦЯПАН (да Тані): Ты не мяшай бацьку, як да цябе не гаворыцца. - Дык, казаў той, вытрасла з панчохі тых пару цэнтаў, ды паехалі аўтобусам у Ашаву, каб на гэту Канаду хоць трохі вокам кінуць. Паверыце ці не, абрыдла ўжо ў гэтым лягеры тры месяцы бяз працы тырчэць... Значыцца ходзім мы гэта па тэй Ашаве, абглядаем усякія крамы, а баба мая дык надзівавацца ня можа: А Божа-ж мой, а Божа-ж мой! Але-ж - кажа - Канада! Усяго-ж, усяго чысьценька ўдоваль, абы толькі грошы!

(Хлопцы сьмяюцца).

МІКОЛА: Абы толькі грошы, кажаце...

СЬЦЯПАН: Але-ж, абы толькі грошы. А тутака іх, гэтых грошы й заваду няма. Дык значыцца стаім мы вунь каля аднэй крамы, дый гаворым. А жыдок выйшаў, глядзеў, глядзеў на нас, слухаў нашу гаворку, ды пасьля й кажа да нас так проста панашаму: - Адкуль гэта самі будзеце, калі так спытаць можна? Мы пераглянуліся, зьдзівіўшыся, што гэта чалавек знайшоўся, каторы нашу гаворку цяміць. - Спад Дунілавіч, - кажа мая баба. А той ізноў да нас: - Уй, то вы з Дунілавіч? А Друю вы знаеце? - Дык чаму-ж ня знаем, - кажам. - От я там доўгі час краму меў, - кажа жыд, ды яшчэ цяпер сваякі можа там жывуць... Мы, казаў той, толькі адзін на аднаго паглядзелі.

МІКОЛА: Сваяк, кажаце, знайшоўся...

СЬЦЯПАН: Ды яшчэ які. Гаворку разьвёў - а як, а што...

МАРЫЛЯ: Ды дзецям тут надаваў (Да Тані). Пахваліся-ж, Таня, што табе даў?

ТАНЯ: Нічога такога важнага, істужку.

ВАСІЛЬ: А мне bubble gum(1) даў, мама!

МАРЫЛЯ: Ды прасіў-жа, каб да яго ў краму ўсё купляць прыходзілі...

МІКОЛА: Гэта-ж само сабой ясна...

СЬЦЯПАН: Дык яно, казаў той, Канада харошая і багатая, але мы тут яе надта яшчэ ня бачылі. Дый што, казаў той, усё-ўсёсенька чужое: і мова, і людзі, і жыцьцё...

ЯНКА: А дзе-ж вы ў Нямеччыне былі?

СЬЦЯПАН: У гэты-жа, у Ватэнштэцкім беларускім лягеры былі. Крышку там на працу хадзіў, дзеці ў школах вучыліся-ж сваіх, дачка ў гімназію хадзіла. Усяляк было, і добра, і блага. Надакучыла-ж было ўжо тое лягернае жыцьцё й думалі, што як пераедзем сюды дык хоць сьвет пераменіцца, ажно ізноў лягер... І так вось надакучыла, тры месяцы ўжо бяз працы сядзім. Каб дзе хаця далярку якога падзарабіць...

ЯНКА: Чакайце, маеце яшчэ час. Кормяць-жа хіба вас тут нядрэнна?

СЬЦЯПАН: Яно-ж так, есьці ўволю, казаў той, кішка поўная. Але як кажуць, пад ляжачую калоду й вада не цячэ, а мы-ж не калоды... Дык ужо й прышлося вас прасіць. Свая-ж, думаем, арганізацыя, можа дапаможа...

МІКОЛА: Добра вы й зрабілі, толькі раней трэба было. Арганізацыя на тое і ёсьць, каб памагала. Ну на фарме вам працы будзе ўволю. Аджывеце й заробіце.

МАРЫЛЯ: Ну а як-жа тая фарма, калі можна спытаць?

ЯНКА (да Міколы): Ты выйдзі, браток, пабач, ці фармар ня прыехаў, ды можа ня ведае, дзе шукаць нас.

МІКОЛА: Окэй (вылазіць з-за стала й выходзіць). Прабачце, калі ласка.

ЗЬЯВА 3-я

Тыя-ж бязь Міколы.

ЯНКА: Фарма ў яго даволі вялікая, дзьвесьце акраў зямлі й большасьць ворнай.

СЬЦЯПАН: Як тыя акры на нашыя гактары палічыўшы?

ЯНКА: Каля двух з паловай акраў на адзін гактар. Добра фарма дагледжаная і поўна ўсякіх машынаў. Рукамі мала чаго й робіцца. Кароў штук трыццаць, усе машынамі дояцца. Гадуе курэй, сьвіней, шмат зямлі засеена сенам, косіцца таксама машынай.

Агульна сказаць вам, фарма добрая й сам чалавек ён някепскі. Мы знаем яго ўжо даўно й думаем, што працаваць цяжка ў яго ня будзеце...