Выбрать главу

СЬЦЯПАМ: Так, ліст ваш атрымалі. Але я цяпер зусім нічога не магу даць, каб і хацеў. Можа пазьней... Грошы гэтых папершае, зусім няма. Робіш, робіш і ніяк усіх дзірак не заторкнеш. А, падругое, (махае рукой) кінулі-б вы ўжо тую Беларусь будаваць. Каму яна тутака ў Канадзе трэба?

МІКОЛА: Спадар Пінкевіч, прабачце містар Пінк, вы-ж Беларус і можа калі захочаце дамоў вярнуцца.

СЬЦЯПАН (з усхваляваньнем): Я? Вярнуцца? Куды? На тых пару акраў пяску, казаў той, ды ў лапцёх хадзіць, пану за паўтара пуда жыта цэлы дзень рабіць, казаў той? О, не! (Мікола і Янка многазначна пазіраюць адзін на аднаго).

ЯНКА (выцягвае зь кішэні лісту ахвярадаўцаў): Спадар Пінк, калі ня можаце больш, то ахвяруйце хоць пару даляраў, вось тут ліста... (Намагаецца падсунуць ліст і алавік).

СЬЦЯПАН (адпіхае лісту): Не, браток, не магу. Папершае каб меў грошы, то можа-б якога далярку... А, падругое, казаў той, на тую Беларусь, у тую бяду не паеду. Як прыгадаю, казаў той, дзяцюком быў... Прыду ноччу зь вечарынкі, а маці з пасьцелі да мяне: - Там на стале, Сьцяпан, настольнікам закрытая ў місцы зацірка, бяры еш! Я толькі бяруся за той настольнік, а вялікі, як бык, таракан толькі ж-ж-жжых! спад таго настольніка. Адхацелася й заціркі табе. Беларусь. Дамоў варочацца! Чаго? У смурод той? У бяду тую, казаў той?

МІКОЛА: Спадар Пінк, вы добра ведаеце чаму ўдома вы ня былі гаспадаром на сваей зямлі й што ўсю гэтую бяду й смурод, як вы кажаце, прынесьлі нам акупанты.

СЬЦЯПАН (голасна): Акупанты ці дурманты, хто там быў вінаваты - разьбірацца ня будзем. А на тую Беларусь вашу... (махае рукой).

ЯНКА: Як гэта, кажаце, вашу?

СЬЦЯПАН: Ну няхай сабе, казаў той, нашу... Адным словам не паеду назад і на дом нічога ня дам, каб і меў. Дзе тут нас ўсё набярэшся! Што гэтыя вашы арганізацыі робяць добрага для нас, што на іх вечна плаціць трэба, канца няма, казаў той?

ЯНКА: Што робяць? Сваім Беларусам памагаюць.

СЬЦЯПАН: От так! Памагаюць! Гэта то вы сказалі, што й куры будуць сьмяяцца. І мне некалі, называецца, памаглі: унь на фарму да нейкага чорта нямытага запрыторылі, што, казаў той, па шаснаццаць гадзінаў у дзень мусіў адкалачваць... (мацае сябе па кішэнях і зьвяртаецца да жонкі): Марыля, дзе мая табака? (Адчыняе шуплядку, у якой поўна грошы).

МАРЫЛЯ (маланкай зрываецца з крэсла і зь перапалохам стараецца закрыць шуплядку): А-а-х, стой! Што ты робіш? Кажу табе, тут няма тваей табакі!

ЯНКА (пабачыўшы поўную шуплядку грошай, з захапленьнем): Маткі мае! Столькі грошаў у сваім жыцьці ня бачыў! (Да Сьцяпана зь іроніяй): Містар Пінк, цяпер мне зусім ясна, якія вы бедныя і як вы канцы із канцамі зьвязываеце...

МАРЫЛЯ (тузаючы Сьцяпана за рукаво): Хадзі, Сьцяпан, ідзём вячэраць. Хадзі, Тоні.

ТАНЯ: Зараз прыйду, мама.

(Паглядаючы скоса на Янку й Міколу, бацькі выходзяць праз правыя дзьверы. Янка зьбліжаецца да левых дзьвярэй).

ЗЬЯВА 7-я

Таня, Мікола, Янка

ЯНКА: Хадзі, Мікола! Мусім пасьпяшыць яшчэ да іншых. Дарма мы тут час трацілі.

МІКОЛА (падыходзіць да Тані й намагаецца ўзяць яе за руку): Таня, давай пойдзем з табою заўтра на танцы.

ТАНЯ: Ну не чапай мяне. І я ўжо ня Таня, а Тоні.

МІКОЛА: Окэй, няхай сабе Тоні. То пойдзем заўтра на танцы дарлінг(23) Тоні?

ТАНЯ: Дарлінг? Які я табе дарлінг, Мікола Корч? (яна ўстае з канапы й прыбліжаецца да хлопца). Я ня была тваім дарлінгам і ня буду. Ха-ха-ха-ха! І ён яшчэ асьмеліўся мяне замуж прасіць. Ты знаеш, Мікола Корч, я маю лепшага хлопца, чым ты. Ён на інжынера вучыцца і ён мяне замуж возьме. Я буду лейды(24), а ня нейкая місіс Карчыха... Ха-ха-ха... карчыха...

ЯНКА: Мікола, хадзем!

МІКОЛА (зачырванеўшыся): Лейды? Ну ты-ж і падыходзіш на лейды... Пабачым. Ну хадзем, Янка.

(Выходзяць праз левыя дзьверы).

ЗЬЯВА 8-я

Таня адна

ТАНЯ (бярэ із століка люстэрка, прыглядаецца сабе ў ім, гладзіць валосы й гаворыць): Місіс Карчыха, ха-ха-ха! Жаніх знайшоўся такі. (Зь левага боку чуваць стук у дзьверы). - А Божа-ж мой, гэта-ж, пэўне, Джоў, а ў мяне тут такі непарадак... (Падсоўвае крэслы да стала, папраўляе канапу) - Камін, пліс.

ЗЬЯВА 9-я

Таня й Джоў

ДЖОЎ: Гээлоў, Тоні! (У яго вожыкам абстрыжаныя валосы, спартовы пінжак з рэклямамі сьпераду й ззаду, штаны з вузенькімі калошамі).