Выбрать главу

ТАНЯ (падбягае да хлопца, вешаецца яму на шыю): Гай, дарлінг! Доўга цалуюцца, пасьля Таня садзіць хлопца на канапе й сама сядае побач, кладзе галаву на ягонае плячо).

ДЖОЎ (абдымаючы Таню): Ого, якая ты сяньня прыгожая!

ТАНЯ: Для цябе, Джоў, заўсёды хачу быць прыгожая.

ДЖОЎ: Сумавала за мною, цалуе яе ў шчаку), га, дарлінг?

ТАНЯ (туліцца да Джоў): Так, дарлінг, кажны дзень. А чаму-ж ты так позна?

ДЖОЎ: Ня мог раней бо там госьці з Флярыды. Мала маю часу.

ТАНЯ: Ох, не, мілы мой, не кажы, што зараз уцякаеш. Хіба якія дзяўчаты ў госьці прыехалі?

ДЖОЎ: Не дзяўчаты, а старыя да бацькі. Слухай, а якія тут ад цябе два хлопца пайшлі?

ТАНЯ: Хлопцы? О, гэтыя... Гэта два дыпісы, прыходзілі грошы на грамадзкі дом зьбіраць. Слухай, Джоў, я тут маю новы рэкорд(25), надта прыгожы танец.

ДЖОЎ: Так? Давай заіграем. (Таня бярэ із століка, што каля канапы, кружэлку, падае яе Джову, а той настаўляе грамафон. Чуваць гукі рок-н-рол. Джоў бярюэ Таню да танцу. Яны пачынаюць танцаваць, брыдка выкручваючыся).

ТАНЯ: Падабаецца, дарлінг?

ДЖОЎ: О, ес, вельмі. Любіш мяне, дарлінг?

ТАНЯ: Люблю.

ДЖОЎ: Моцна?

ТАНЯ: О, так, Джоў, моцна цябе люблю. А ты мяне?

ДЖОЎ: І я цябе. (Пасьля танца цалуюцца на канапе).

ТАНЯ (шэпча): Будзеш добры, то табе нешта пакажу.

ДЖОЎ: Што-ж ты мне пакажаш?

ТАНЯ: А будзеш добры?

ДЖОЎ: Добра, буду, паказвай.

ТАНЯ (закрывае хлопцу пальцамі рот): Толькі ціха будзь. (Устае, падыходзіць да стала, адчыняе шуплядку з грашмі. За ёю ціха йдзе Джоў. Убачыўшы грошы, робіць міну зьдзіўленьня й суне руку ў шуплядку. Таня нехаця б'е яго па руцэ й адпіхае). Не чапай, не твае!

ДЖОЎ: Ай-я-яй! Што вы банк абрабавалі?

ТАНЯ: Што ты! Бацька зарабіў. (Цягне яго зноў на канапу).

ДЖОЎ: Яй, колькі грошаў! Цэлы банк можаце закладаць. Каб мне іх палову!

ТАНЯ: О-о-о! Зарабі сам!

ДЖОЎ: Што ты хочаш ад беднага студэнта?

ТАНЯ; Ці-ж ты ўжо такі бедны?

ДЖОЎ: А што-ж, можа й багаты.

ТАНЯ: А бацька табе не дае ўволю грошаў?

ДЖОЎ: Уволю? Што ты?

ТАНЯ: Ну нічога. Навучышся за інжынера, тады будзеш багацейшым за бацьку.

ДЖОЎ (з усьмешкай пазірае на дзяўчыну): Як буду інжынерам то грошы ў мяне й сьвіньні ня будуць есьці. Пажэнімся, будзем мець прыгожы дом, кучу дзяцей. Так, мілая мая?

ТАНЯ: Можа й будзеце, хто вас ведае. А зь кім-жа вы ажэніцеся, калі можна ведаць?

ДЖОЎ: От дзіўная, яшчэ пытаешся. З табой-жа...

ТАНЯ: Са мной? А ты-ж мяне й ня прасіў.

ДЖОЎ: А як папрашу?

ТАНЯ: Ну дык прасі.

ДЖОЎ (устае і наўмысна з усьмешкаю нізка згінаецца, кланяецца Тані): Міс Тоні Пінк, будзьце добры выйсьці за мяне замуж.

ТАНЯ (цягне яго за руку ды садзіць на канапу): Даволі ўжо выдурняцца. Сядай і будзь добрым хлопчыкам.

ДЖОЎ: Я зусім ня выдурняюся, я сур'ёзна.

ТАНЯ (дражніць яго): О так, зусім сур'ёзна! (Яна ўстае й ходзіць па пакоі, перакрыўляе голас Джова): Міс Тоні, будзьце добрыя пайсьці за мяне замуж... Ха-ха-ха, дзівак... Чаму яшчэ не папросіш пару тысяч даляраў пасагу?

ДЖОЎ: Тоні, я не жартую.

(Маўчаньне).

ТАНЯ: Калі ты запраўды хочаш жаніцца, то хто за цябе будзя вучыцца?

ДЖОЎ: Я сам.

ТАНЯ: А хто-ж на жонку працаваць будзе?

ДЖОЎ: Можа жонцы яшчэ прыйдзецца папрацаваць і самой... (Маўчаньне. Джоў падыходзіць да Тані й бярэ яе за абедзьве рукі ды глядзіць проста ў вочы) - Дык што ты на гэта?

ТАНЯ: Ты гэта пра што?

ДЖОЎ: Будзеш маей жонкай, ці не?

ТАНЯ: Джоў, я хацела-б, але-ж ты яшчэ школы ня скончыў.

ДЖОЎ: Ня турбуйся, скончу, мая мілая.

ТАНЯ: Ну глядзі-ж...

(Абдымаюцца й цалуюцца)

ЗАСЛОНА

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Адбываецца два гады пасьля другой дзеі ў канцылярыі Беларускай Касы Самапомачы. Пасярод стаіць стол, навокал - чатыры крэслы, збоку каля левай сьцяны - лава. З правага боку - дзьверы. На сьцяне вісіць партрэт Купалы й Пагоня.

ЗЬЯВА 1-я

Янка Жыхар, Мікола Корч, Сябра Ўправы Касы.

ЯНКА: Паважаныя сябры касы. Паклікаў я вас сюды сяньня, каб вырашыць справу аднэй пазычкі на суму дзьвюх тысяч даляраў. Хачу вас адразу папярэдзіць, што трэба добра перадумаць, бо справа тут нялёгкая. Чалавек гэты ў мінулым прынёс нам нямала клопатаў, а ніякай карысьці...