Выбрать главу

МІКОЛА: Гэта пра каго вы гаворыце?

ЯНКА: Пра Пінка, хіба-ж ясна.

МІКОЛА: Не, мне ня зусім ясна. Ня ведаю як тут нашаму сябру... ( глядзіць з запытаньнем на сябру ўправы).

СЯБРА ЎПРАВЫ: Мне спадар старшыня ўжо сёе-тое расказваў. (Да Міколы): Думаю, што й вам?

МІКОЛА: Так, гаварыў, хоць можа ня ўсё...

СЯБРА ЎПРАВЫ КАСЫ: Дык вось, можа будзеце ласкавы тады, спадар старшыня, высьвятліць цэлую справу грунтоўна, для канчатковай, проста сказаць, яснасьці...

ЯНКА: З ахвотаю, сябры, з ахвотаю. Дарэчы, як вы самі ведаеце й пэўна чулі, хадзіла пра Пінкаў шмат плётак і дзеля таго, каб даведацца праўду, я гаварыў із Павэлкам Музыкантам, што ў Пінкаў жыве, тэлефанаваў на працу, дзе Пінк працуе, зходзіў у банк, дзе ён пачаў ашчаджаць грошы, дый сёе-тое даведаўся ад іншых. Таксама гаварыў із старымі Пінкамі.

СЯБРА ЎПРАВЫ: Ага, цікава...

ЯНКА: Ня так цікава, як сумна. Выглядае, што ўсе Пінкавы беды пачаліся з таго часу, як аддаў дачку за гэтак званага інжынера. Кажу "гэтак званага" таму, што гэты "інжынер" аказаўся самай чыстай вады жулікам. Як ажаніўся - кінуў школу, наняў дарагую кватэру, пазалазіў у даўгі: панакупліваў мэбляў і аўта, ды пачаў жыць, як кажуць, на шырокую нагу. Пранюхаў, мусіць, басяк гэты, што старая некалькі тысяч грошаў мела ў панчошыне й давай розныя хітрыкі строіць. Абгаліў старых, што называецца...

МІКОЛА: Дык гэта ўсё-такі праўда?

ЯНКА: Вядома-ж, што праўда.

СЯБРА ЎПРАВЫ: Дык як-жа гэта яны даліся?

ЯНКА: Вось-жа спытайце, Тут ці не найбольш старая вінаватая. Хацела дачушку інжынерыхай зрабіць. А той жулік на гэта ня дурны. Пранюхаў, што грошы ёсьць, дык як толькі крэдытары да сьцяны прыціснуць - ён так і давай на жонку націскаць. А тая да маці із плачам: ратуй, мамачка, жыць не даюць. Тая мамачка як пачала ратаваць дык, відаць, да апошняга даляра даскраблася.

СЯБРА ЎПРАВЫ: А Божа мой, здурэлі на старасьць!

ЯНКА: Тут, як некаторыя пляткуюць, дзяўчына найбольш вінаватая бо мела неасьцярожнасьць некалі перад гэтым басяком грашмі пахваліцца.

СЯБРА ЎПРАВЫ: Ну й шкада людзей старых.

ЯНКА: Як-жа не шкада. Здавалася-б, што гэта мусіць быць добрай навукай для іншых, як за чужынцаў замуж ісьці, ды яшчэ добра не пазнаўшы.

СЯБРА ЎПРАВЫ: Хіба-ж вы гэтым ня хочаце сказаць, што ўсе чужынцы - басякі?

ЯНКА: Барані, Божа! Я гэтага не сказаў. Але вось якраз на басяка трапілі... Калі-ж ідзе пра Пінкаў, дык іхная віна тут найбольшая. Трэба было жабе гэтай нос падцерці й такой волі не даваць. Ато яшчэ й пасобіць намагаліся: няхай-жа йдзе, чалавек-жа інжынерам будзе. А тут табе інжынер... Адно дзіця зьляпіў і ўжо, падобна, другое носіць. А сам ён толькі па заўгольлях швэндаецца. Зрабіўся, як кажуць, апошні басяк: ні ў яго розуму ў галаве, ні працы людзкой...

СЯБРА ЎПРАВЫ: А што-ж ягоныя бацькі на гэта?

ЯНКА: Бацькі? І знаць яго ня хочуць. Хацелі навучыць, а як школу кінуў бязь іх ведама, дык і паслалі сваей дарогай. Вы думаеце, каб ён бацькоў сваіх слухаў, то-бы зрабіў гэтак? (Хвіліна маўчаньня). А старому Пінку бяда. Тут якраз скора падходзіць час за дом рэшту плаціць. Кажа, што тры тысячы ён вінават. Адну дзесьце дастане ў знаёмых, а рэшту нідзе ня можа пазычыць. Знаеце, сябры, што калі мы яму адмовім, то можа страціць хату. А чалавека трэба было-б выратаваць.

МІКОЛА (устаючы ад стала): Цьфу! Ізноў выратаваць. Раз ужо дапамаглі, а ён як нам адудзячыўся. Разумныя гэткія - ён ды яшчэ й дачка... (дражніць Таню) - Джоў, май дарлінг! Пляваць хочацца! Калі мы яму раней сьмярдзелі то чаму-ж у чужых не пазычыць грошы?

ЯНКА: У банку ягоным я даведаўся, што адмовілі. Яны цяпер з пазычкамі не надта сунуцца. Сам-жа Пінк мне казаў, што зьвяртаўся да некаторых чужых касаў і там яму не пазычылі, а да сваіх пасылалі...

СЯБРА ЎПРАВЫ: Дык значыцца зноў найперш шукаў па чужых?

ЯНКА: Так, сябры, гэта даволі вымоўны факт. Як ведама, чалавек гэты, калі не ў бядзе ён, даволі фанабэрысты й далёка недасканалы. Зрэшта, можа зьвяртацца яму адразу да нас было й нявыгадна, аж пакуль ня было іншага выхаду...

СЯБРА ЎПРАВЫ: Дык дзе-ж зарука таго, што навет як дамо яму пазыку, ён станецца актыўным і карысным сябрам нашага грамадзтва?

ЯНКА: Выглядае, што ён ужо добра навучыўся й будзе сваіх трымацца. Такое я меў уражаньне з гутаркі зь ім. Але рызыка ёсьць. Ды, калі ўжо пра гэта йдзе, уся наша грамадзкая праца на чужыне - гэта рызыка.