Выбрать главу

— Дарэчы, Андрэй, ты над чым зараз працуеш? — спытаў я.

— Ды пакуль што ні над чым. Усё думаю, — ён крыху памаўчаў, потым загаварыў зноў.— Хочацца напісаць п'есу на ваенную тэму. Але не пра вайну, што мінула, а пра сучасныя ваенныя абставіны. Вельмі шмат зараз ахвотнікаў стала раздзьмухваць атамнае кадзіла. I палітыкі замежныя і пентагонаўскія ды натаўскія генералы толькі і трубяць аб гэтым. Эх! — усклікнуў ён. — Была б мая ўлада, абрэзаў бы я гэтым генералам гузікі на ix форме...

— Навошта? — перабіў яго Шамякін.

— Не разумееш? Штаны без гузікаў у руках трымаць патрэбна, каб не апынуцца ў адных сподніках, Вось няхай увесь час i трымаюць свае лампасы ў руках, а не махаюць атамнымі бомбамі.

Пазней гэтую задумку ён здзейсніў у п'есе «Кашмар». Праўда, калі над пастаноўкай яе працавалі ў тэатры імя Янкі Купалы, дык назву п'есы са згоды аўтара чамусьці замянілі на «Святую прастату», што, я б сказаў, не зусім адпавядае зместу твора.

Успамінаецца i такая размова. У Ждановіцкім водным каскадзе ёсць даволі доўгі ўчастак, зроблены спецыяльна для трэніровак водных слаламістаў, з крутымі перападамі, рознымі перашкодамі. Гэты ўчастак сапраўды напамінае бурлівы горны паток. Аднойчы ў адзін з выхадных дзён мы з Андрэем Ягоравічам ішлі па беразе гэтага канала. Вада ў ім бурліла, у некаторых месцах рабіла віры, пенілася. Мы крочылі не спяшаючыся, вялі звычайную ў такіх выпадках гамонку аб апошніх навінах, аб падзеях жыцця. Раптам Макаёнак спыніўся, павярнуўся да патоку:

— Глядзі, Міхал, як бурліць, як імкліва нясецца! Колькі тут зігзагаў, паваротаў. А вось спартсмену па гэтай пратоцы трэба так праплысці, каб і човен цэлы застаўся, і самому не апынуцца ўніз галавой, і, галоўнае, апярэдзіць другі, быць першым.

— Ну, гэты від спорту для найбольш адчайных, — хацеў працягнуць размову ў гэтым кірунку і я. — Больш усяго лодачных спаборніцтваў праходзіць на спакойных вадаёмах.

— Гэта так, так... — згадзіўся Андрэй. — Але я хацеў сказаць вось аб чым. Мне такое адчайнае спаборніцтва спартсменаў нагадвае жыццё і дзейнасць драматургаў. Яны таксама, калі хочуць быць сапраўднымі драматургамі, павінны заўсёды знаходзіцца ў бурным патоку жыцця, з усімі яго перападамі і вірамі, з падводнымі каменнямі і перашкодамі, якія нечакана ўзнікаюць на шляху. Яны павінны, як і той спартсмен-слаламіст, пастаянна напружваць сілы, адчайна змагацца, каб на ix прыкладзе, на іх творах людзі вучыліся, як трэба паводзіць сябе ў жыцці, як змагацца са злом, неўтаймаванай стыхіяй, каб быць чалавекам з вялікай літары. А гэта, Міхал, вельмі складаная справа.

Мы зноў нетаропка пайшлі па беразе канала, i Андрэй Ягоравіч працягваў:

— Вось ужо за шэсцьдзесят гадоў пераваліла. А прага пісаць не суцішаецца. Не разумею тых пісьменнікаў, якія да шасцідзесяці яшчэ не дажылі, а ўжо пачынаюць падчышчаць шуфлядкі сваіх рабочых сталоў: друкуюць дзённікі, пісьмы i розную іншую дробязь. Па-мойму, так: пакуль сэрца б'ецца — стварай! А ў дзённіках і пісьмах разбяруцца без цябе.

Ён на некаторы час змоўк, пачаў разглядваць вершаліны стройных хвой, што ўсутыч падступалі да канала, потым загаварыў зноў:

— Праўда, гэтае чартоўскае «без цябе» іншы раз і ва ўласнае сэрца стукае. Часам ні з таго ні з сяго задумаешся: а што будзе без цябе? Хто прыме тваю эстафету?

— Табе, Ягоравіч, яшчэ рана думаць аб гэтым, — уставіў я.

— Яно так, рана. Але ведаеш, калі думка з'явіцца ў мазгу, дык ад яе не адмахнешся. Дык вось i я часам задумваюся. Калі сказаць пра мяне, то эстафету ў драма­турги я прыняў ад нашага старэйшыны — Кандрата Кандратавіча Крапівы. Стараўся несці яе належным чынам. Як-ніяк мае п'есы ставіліся ва многіх тэатрах краіны. Нават выйшлі на замежную сцэну. Гэта ж нядрэнна, Міхал?!

— Нядрэнна тут не падыходзіць, — не пагадзіўся я.— Лепш сказаць, што гэта добра.

— Ну, няхай будзе i так, — працягваў Макаёнак. — Але вось ты скажы, каму мне перадаць сваю эстафету?

Я не чакаў ад Андрэя Ягоравіча такога пытання, таму запярэчыў:

— Аб гэтым гаварыць, думаю, яшчэ няма патрэбы.

— Няма то няма, але калі б, скажам, прыйшлося. — Ён з хітраватай усмешкай паглядзеў на мяне. — А можа, я хачу праверыць цябе, нашага галоўнага друкара, як ты разбіраешся ў драматургіі? А?

Я пачаў перабіраць у памяці вядомых мне драматургаў: Матукоўскага, Петрашкевіча, Дзялендзіка, Васілеўскага... Я ведаў, што ў Макаёнка найбольш цесныя былі сувязі з Мікалаем Ягоравічам Матукоўскім. Ён яшчэ не стары, у росквіце творчых сіл.

— Матукоўскаму, відаць, — адказаў я.