Кончыўшы чытаць, Куляшоў некаторы час углядаўся ў нашы расчырванелыя ад смеху твары, а потым коратка заключыў:
— Напісана, можна смела сказаць, выдатна!
Пасля заканчэння партыйнай школы Андрэй Ягоравіч Макаёнак застаўся працаваць у Мінску, у часопісе «Вожык», мяне накіравалі ў Баранавіцкую абласную газету «Чырвоная звязда». 3 гэтага часу нашы сустрэчы былі рэдкія, эпізадычныя. Так атрымалася, што Макаёнак, працягваючы журналісцкую працу, пачаў сур'ёзна займацца драматургіяй. Я ж, пасля загартоўкі газетнай працай, пачаў потым працаваць у мясцовых савецкіх i пaртыйных органах. У гэты перыяд прыпамінаецца толькі aдзін выпадак, калі мы, тры былыя слухачы дзесятай групы партшколы, Цімашэнка Іван Восіпавіч, Верaб'ёў Іван Пятровіч і я, выпадкова сустрэліся ў гасцініцы «Беларусь» у Мінску. Вераб'ёў, у той час рэдактaр Нaвaгрудскaй рaённaй газеты, чалaвек з выгляду вельмі просты (дaклaдней скaзаць, ён толькі прыкідваўся праставатым, а на самой справе разумны, з гумарам у душы), раптaм ні з таго ні з сяго прапанавaў:
— Хлопцы, а ці не завітaць нам усім да Макаёнка ў госці? Ён жа цяпер вядомы драматург! Вунь п'есы па ўсёй краіне разышліся.
— Гэта правільна,— пагадзіўся і я,— але вось таму, мне здаецца, нам і не трэба нязванымі ламацца ў кватэру.
Цімашэнка мяне падтрымаў. Але Вераб'ёў не здаваўся:
— Якія ж вы сябры? Колькі гадоў не бачыліся і сустрэцца баіцеся.
— Мы тут спрачаемся і, магчыма, дарэмна,— заўважыў я.— А раптам яго і дома зусім няма?
— Чаго прасцей, — сказаў Іван Восіпавіч, — спачатку пазваніць па тэлефоне, даведацца, ці дома, а калі дома, у гутарцы высветліць, ці ёсць у яго магчымасць з намі сустрэцца.
— Глядзі ты, — усміхнуўся Вераб'ёў, — далікатныя людзі цяпер у міліцыі працуюць (Цімашэнка ўжо служыў у органах МУС). Пазваніць, даведацца... Чорт з вамі, зараз пайду, пазваню... Чакайце...
Ён выйшаў з нумара, дзе мы знаходзіліся. Тады ў звычайных нумарах гасцініцы тэлефонных апаратаў не было, ён стаяў толькі на стале ў дзяжурнай па паверху. Мінут праз пяць-дзесяць Іван Пятровіч вярнуўся:
— Ну, што я сказаў?! — яшчэ не закрыўшы дзвярэй, узбуджана загаманіў ён.— Сапраўдных сяброў высокае становішча не псуе. Андрэй ёсць Андрэй, той, якога мы добра ведаем. I ён чакае нас у сваёй кватэры.
Мы моўчкі выслухалі ўзвышаную тыраду нашага сябра, i потым я сказаў:
— Раз ён чакае, дык мы затрымлівацца не будзем.
Макаёнак жыў тады па вуліцы Карла Маркса непадалёк ад гасцініцы «Беларусь». Праз якіх-небудзь паўгадзіны мы ўжо былі ў яго. За некалькі гадоў нашай разлукi Андрэй ніколькі не змяніўся. Такі ж, як i раней, рухавы, усмешлівы. Кожнага з нас ён па чарзе моцна абняў, прыгаворваючы:
— Нічога, нічога, хлопцы, дабрэеце на мясцовых харчах.
— Жывём па закону сацыялізму, — адказаў за ўсіх Іван Пятровіч, — хто працуе, той і есць.
— Ведаю, ведаю, Ваня, — заўсміхаўся Макаёнак, — яшчэ па партшколе ведаю, што ты гэты закон любіш. Не раз i мяне хатнім салам і каўбасой частаваў.
— Я i зараз магу пачаставаць, — прызнаўся Вераб'ёў.— Гэты харч у мяне ніколі не выводзіцца.
— На гэты раз, дружа, твой фокус не атрымаецца, — Макаёнак злёгку паляпаў Вераб’ёва па плячы. — Вы мае госці — частаваць буду я.
Андрэй запрасіў нас у суседні пакой, дзе каля стала ўжо завіхалася яго мілавідная гаспадыня. Жонка з намі павіталася даволі лагодна, i як толькі мы ўселіся за сталом, яна, шапнуўшы нешта Андрэю Ягоравічу на вуха, тут жа выйшла.
— Гаспадыня што, з намі не прысядзе? — спытаў Цімашэнка.
— Не хоча ўмешвацца ў мужчынскую гамонку,— жартаўліва адказаў Макаёнак i больш сур'ёзна дадаў.— Ёй па справе ісці трэба.
Мы засталіся адны, і сапраўды пачалася мужчынская размова. Успаміналі партшкольныя часы, сяброў, якія раз'ехаліся па ўсёй рэспубліцы, гаварылі аб тым, дзе і як хто ўладкаваўся, аб нялёгкай працы раёншчыкаў. Нарэшце дабраліся да драматургіі. Калі гаворка зайшла пра п'есу «Лявоніха на арбіце», Макаёнак раптам спытаў:
— Ну, як вам, падабаецца мая Лявоніха?
Я, к свайму сораму, толькі чуў, што п'еса вельмі актуальная, вострасатырычная, а вось глядзець яе не глядзеў.
Цімашэнка з адказам таксама не спяшаўся. I толькі Вераб'ёў упэўнена адказаў;
— Выдатная п'еса!
— Чым ты можаш гэта пацвердзіць? — Андрэй Ягоравіч паглядзеў ва ўпор на Вераб'ёва і ўсміхнуўся, маўляў, сказаць «выдатная п’еса» для драматурга мала, ён хоча ведаць больш: якую рэакцыю ў душы яна выклікала, якія практычныя вывады глядач для сябе зрабіў.