Выбрать главу

— Да чаго заахвоціла цябе мая п'еса?

— Да чаго? — Вераб'ёў таксама ўсміхнуўся.— Я прыйшоў дамоў пасля спектакля і паганяў цешчу.

Адказ быў такі дзіўны і нечаканы, што ўсе мы, зразумела, акрамя Вераб'ёва, зайшліся смехам. Асабліва заразліва рагатаў Макаёнак, Не перастаючы рагатаць, выціраючы насавіком слёзы з вачэй, ён дапытваўся:

— Ваня... дарагі... пры чым тут цешча? За што ты яе?

Вераб’ёў, як ні ў чым ні бывала, нават не ўсміхнуўшыся, адказаў:

— Каб болей не утыкала свой нос, куды не патрэбна.

Макаёнак ізноў заліўся смехам:

— Вось гэта вывад, вось гэта эмоцыі! Абавязкова патэлефаную ў Кіеў майму сябру Заграбельнаму, ён аднойчы цікавіўся, як гледачы рэагуюць на мае п'есы. Цяпер я з поўнай падставай скажу яму, што самым рашучым чынам!

Гутарка наша працягвалася, як раптам зазвінеў у калідоры званок, Андрэй Ягоравіч выйшаў i тут жа вярнуўся з двума невядомымі таварышамі. Адзін з іх, вышэй сярэдняга росту, поўны, шыракатвары мужчына, як мы потым пры знаёмстве даведаліся, быў галоўным рэжысёрам тэатра Савецкай Арміі, а другі, хударлявы i намнога маладзейшы,— галоўны мастак тэатра. Андрэй Ягоравіч запрасіў іх да стала. Але яны катэгарычна адмовіліся, растлумачыўшы, што зайшлі толькі на хвіліну перад спектаклем.

— Спектакль сёння ў нас незвычайны, — паведамілі масквічы, — «Лявоніху на арбіце» ставім дзвесце пяцідзесяты раз. Своеасаблівы юбілей. Вось калектыў тэатра і даручыў нам запрасіць аўтара на сустрэчу пасля спектакля. Вельмі просім, Андрэй Ягоравіч, уважыць нашу просьбу.

Макаёнак паглядзеў на масквічоў, якія па-ранейшаму стаялі каля стала, потым кінуў погляд на нас:

— Ведаеце, якая тут штука, вельмі хацелася сёння вечар правесці са сваімі старымі, — ён слова «старым!» падкрэслена расцягнуў, — сябрамі. Але i вам таксама адмовіць нельга, не адзін год ужо сябруем.

— Правільна,— пагадзіліся масквічы.

— Што ж тут прыдумаць? — гаспадар задумаўся, забарабаніў пальцам! па стале.

— Нічога не трэба прыдумваць,— сказалi мы ўсе разам. — Вось яшчэ з гадзіну пагутарым i пойдзем.

Андрэй Ягоравіч, як быццам нас не чуў, спытаў у масквічоў:

— Мы з вамі дзе павінны сустрэцца?

— У гасцініцы «Беларусь».

— Калi?

— Гадзін у адзінаццаць вечара.

— Выдатна. Я абавязкова буду.

Калі масквічы пайшлі, Андрэй Ягоравіч прапанаваў нам:

— Ведаеце што, сябры, дома ў мяне гарачага на вячэру нічога няма, а паесці неабходна добра, дык цi не лепей нам таксама перайсці ў рэстаран гасцініцы «Беларусь». Тым больш, што ўсе вы ў ёй жывяце. Там, нікуды не спяшаючыся, пасядзім, працягнем нашу размову. Вы не ўяўляеце, як я вам рады i як мне хочацца уволю з вамі нагаварыцца.

Мы, ведаючы ўжо аб маючай адбыцца сустрэчы, спрабавалi адмовіцца, але Макаёнак i слухаць не хацеў:

— За колькi год першы раз сустрэліся — i ўцякаць?! Гэта, браткі, сорам!

Бачачы нашу нерашучасць, Андрэй Ягоравіч, звяртаючыся да Вераб'ёва, дадаў:

— У гасцініцы ты мяне, Іван Пятровіч, і сваімі хатнімі прыпасамі пачастуеш. Прызнацца, я ўжо даўно сялянскай каўбаскі не каштаваў.

— Гэта іншая справа, — адказаў Вераб'ёў. — У такім выпадку прапанова прымаецца.

Вечар гэты запомніўся назаўсёды. Гутарылі мы доўга, гутарылі аб розным. Успаміналі сяброў, з якімі вучыліся. Андрэй Ягоравіч цікавіўся, як ідуць справы ў калгасах і саўгасах, які настрой у людзей. I мы разумелі, што і яго гэтая тэма хвалюе. У сваю чаргу мы дапытваліся ў Макаёнка аб яго далейшых творчых планах. У канцы Андрэй Ягоравіч сказаў, што ён захапіўся калгаснай тэматыкай. Усё ж мы зразумелі, што працягваць размову на гэтую тэму ў яго не было настрою. I наогул яўна адчувалася, што яго нешта турбуе, што ён штосьці недагаворвае. Нам карцела праясніць гэту акалічнасць, але ў рэстаране з'явіліся маскоўскія артысты, Андрэй Ягоравіч перайшоў да іх.

Толькі праз некалькі гадоў, калі Макаёнак скасаваў шлюб са сваёй жонкай Аленай, я даведаўся, што прычынай тых яго хваляванняў было сямейнае жыццё.

Больш частыя сталі сустрэчы, больш цесныя ўзаемаадносіны пасля таго, як я пераехаў на працу ў Мінск. У сакавіку 1969 года мяне прызначылі рэдактарам рэспубліканскaй газеты «Звязда». Адным з першых, хто прыйшоў мяне павіншаваць, быў Андрэй Ягоравіч Макаёнак. Ён у тэты час быў ужо галоўным рэдактарам часопіса «Нёман».

— Ну, Міхал, — ён i пасля ўвесь час, калі мы былі не на людзях, называў мяне не Міхаілам, а Міхалам, — ад душы віншую цябе з гэтай пасадай i жадаю найлепшых поспехаў!

Я падзякаваў яму за віншаванні і сказаў: