Я не ўтойваў ад свайго суседа, як прыемна мне было пачуць ад яго такую высокую ацэнку творчасці Андрэя Ягоравіча з боку такога выдатнейшага кінадраматурга, як Даўжэнка.
У 1973 годзе мяне зацвярджаюць старшынёй Дзяржкамвыда БССР. Я часцей пачаў бываць у Саюзе пісьменнікаў на розных мерапрыемствах. Часцей мы пачалі сустракацца i з Андрэем Ягоравічам. Сустракаліся і ў Доме літаратара, і ў яго на кватэры, i на дачы. У гэты час Макаёнка рэдка калі можна было сустрэць аднаго — ён заўсёды быў разам з Іванам Пятровічам Шамякіным. Вядома, што ў многіх пісьменнікаў ёсць калегі па пяру, з якімі яны сябруюць, абмяркоўваюць творчыя планы, дзеляцца патаемнымі думкамі. Але я не баюся смела сцвярджаць, што такой блізкай, такой чыстасардэчнай, па-сапраўднаму братняй дружбы мне не даводзілася сустракаць. 3 імі цікава было знаходзіцца ў кампаніі. Мяне яны неяк шкадавалі, менш адпускалі ў мой адрас вострых жартаў і калючак. Затое ніякіх абмежавакняў не рабілі для сябе. Андрэй Ягоравіч, калі быў у добрым настроі, а панурым яго рэдка калі можна было бачыць, проста іскрыўся гумарам, Івану Пятровічу нярэдка даводзілася адбівацца ад нападак свайго дасціпнага друга. I ў той жа час нельга было не заўважыць, што гэта два вялікія пісьменнікі, два сябры, ужо жыць адзін без аднаго не маглі. Гэта іх сяброўства як бы натхняла сваімі сардэчнымі, вельмі чулымі і клапатлівымі адносінамі да Андрэя жонка Івана Шамякіна — Марыя Філатаўна, простая, сціплая, вельмі чулая беларуская жанчына і вялікая-вялікая працаўніца.
Неяк мы з Шамякіным былі на дачы ў Андрэя Ягоравіча. Пасля абеду рашылі прагуляцца па лесе. Калі выйшлі на двор, Андрэй Ягоравіч раптам папрасіў нас:
— Мінутку пачакайце, я загляну ў майстэрню.
— У цябе і майстэрня ёсць? — здзівіўся я.
— Хіба ты ў ёй ні разу не быў? — у сваю чаргу здзівіўся і ён.
— Не быў, вядома,— адказаў я.
— Тады пойдзем глядзець.
Майстэрня знаходзілася з тыльнага боку дачы ў невялікім, добра абсталяваным памяшканні. Мне давялося толькі шчыра здзіўляцца таму мноству інструментаў, розных прылад, што знаходзіліся ў ёй. Тут былі і сталярныя і слясарныя прылады, тачыла і ціскі, станок для свідравання і многае іншае. На палічках, уманціраваных у сцяну, ляжалі розныя вінцікі і болцікі, стаялі банкі з якімісьці растворам! і фарбамі, знаходзіліся і невядомыя мне рэчы. Я не вытрымаў і спытаў:
— Ягоравіч, а ты часта працуеш у сваёй майстэрні?
— Амаль кожны дзень,— адказаў ён.— Эге, калі б не было гэтай майстэрні, я даўно б ужо адрахлеў, заплыў тлушчам. Мая майстэрня — мой целаахоўнік.
3 майстэрні мы адправіліся на прагулку. I гулялі даволі доўга. Праўда, доўгіх прагулак Макаёнак не любіў, і не таму, што яны надакучалі яму. У апошні час усё больш і больш давалі знаць параненыя ў час вайны ногі. Хадзіць станавілася ўсё цяжэй, асабліва зімою, па снезе.
У час прагулкі мы гутарылі аб розным: і аб навінах у беларускай літаратуры, і аб апошніх падзеях у свеце. Андрэй Ягоравіч пачаў скардзіцца, што ў яго вельмі многа часу адымае часопіс. ён працягваў яшчэ працаваць галоўным рэдактарам «Нёмана».
— Чаму ты не адмовішся ад яго? — спытаў я.— Матэрыяльнай патрэбы ў цябе ж няма?
— Не, вядома.
— Дык у чым справа?
— Не адпускаюць.
Ён пачаў тлумачыць, што ўжо двойчы ставіў пытанне ў дырэктыўных органах, але там просяць яшчэ папрацаваць.
— Мне здаецца, — сказаў я, — што галоўная твая праца — пісаць добрыя п'есы. А ўсё, што гэтаму перашкаджае, патрэбна адкінуць.
— Слушна, слушна, — падтрымаў мяне і Шамякін. — Андрэй пытанне гэта ставіў, відаць, няўпэўнена, ён разумее, што яму з часопіса выйсці неабходна. Але выходзіць самому не хочацца.
— Чакае, каб папрасілі? — сказаў я.
— Вось чаго-чаго, а гэтага я не дапушчу! — Макаёнак нават зрабіў выразны жэст рукой.
— Ну а калі цябе два сябры просяць, — зноў загаварыў я, — аддацца цалкам і поўнасцю драматургii, ты можаш ім адмовіць?
— I ім не адмоўлю, — Андрэй Ягоравіч зарагатаў. — Іван вунь у саюзе колькі гадоў на сакратарскім крэсле сядзіць і не ўступае маладым. Ого!
— Дык мяне ж уступіць месца ніхто не прасіў, — засмяяўся і Шамякін.
— Не прасіў? — Макаёнак нават спыніўся. — Іване, родны, я магу дапамагчы. Заўтра ж ахвотнікі знойдуцца.
— Добра, добра, — адмахнуўся Іван Пятровіч. — Не будзь ты, Андрэй, усіх мудрэй. Рабі ты, што табе сябры кажуць. Народу патрэбны твае п'есы, вось ты i давай ix.