Выбрать главу

Тады пра сталоўкі ў вёсках ніхто ня ведаў, таму, звычайна, старшыні мелі чысты дом з акуратнай і ўмелай гаспадыняй, якой выдзялялі прадукты ці плацілі, і сюды вадзілі падсілкавацца камандзіровачнікаў сярэдняй рукі. Высокіх і шаноўных гасьцей старшыня ці сакратар партарганізацыі запрашалі да сябе дадому, а летам часьцей за ўсё арганізоўвалі пікнічок з наварыстай юшкай на прыродзе ў ціхай маляўнічай мясьціне, даўно аблюбаванай для гэтай мэты...

Чаго-чаго, а рэдкай прыгажосьці мясьцінаў і краявідаў у раёне хапала. Ад лідскай Беліцы на паўднёвым усходзе да шчучынскіх Ракавіч на паўночным захадзе больш за пяцьдзесят кіламетраў па краі раёна працякаў тады паўнаводны, багаты на розную рыбу Нёман з дубовымі гаямі і заліўнымі лугамі па берагах. Рыбай кішэлі сярэдняй велічыні Дзітва і Лебяда, усе маленькія ручаі і ручаінкі, дзе можна было парыбаліць на стронгу, налавіць ракаў. Ну і канечне ж, аж дых займалі стройныя жоўтастволыя сосны Ліпічанскай пушчы, дзе восеньню высыпала літое карычневапузае, чорнагаловае баравіччо...

Як без ахвоты ехаў у Жалудок, так быў задаволены, рады, нават шчасьлівы, што прыехаў – мусіць, заўсёды так бывае. Зрабіў нечаканае адкрыцьцё: а жыць і працаваць у маленькім гарадку, дзе кожны кожнага ведае, дзе ты заўсёды ва ўсіх на віду, куды цікавей, чым у гарадской абязьлічцы. А галоўнае – тут была зусім іншая службовая атмасфера з больш шчырымі і цёплымі, пазбаўленымі інтрыжак і недобразычліўства стасункамі між людзьмі, у якой кожны пачуваў абсалютна натуральна, як рыба ў вадзе. Ва ўсякім разе я адчуваў сябе тут менавіта так, меў поўную свабоду дзеяньня, канечне ж, у межах літаўскага “Перечня”, установак ЦК КПСС і ўказаньняў райкаму партыі, якія пры добрым паразуменьні з ягоным начальствам можна было і безпакаранна праігнараваць альбо разумна абыйсьці. Рэдактар быў чалавек вельмі заняты – толькі першы сакратар райкаму і ён засядалі і на бюро, і на выканкаме, а тады было нормай, што гэтыя доўгія на ўвесь дзень пасяджэньні праводзіліся па разу, а то і па два разы на тыдзень. Да ўсяго як член бюро райкаму і выканкаму райсавету ён меў замацаваны калгас, за які як упаўнаважаны адказваў галавой і партбілетам. А яшчэ ў Абрама Данілавіча была і на ўсё жыцьцё засталася неадольная звычка корпацца ў машыне, за што меў вечныя канфлікты з жонкай Тацянай Іванаўнай – дужа экспрэсіўнай, але мілейшай і дабрэйшай душы кабетай. Ён мог доўгімі гадзінамі нешта прыкручваць, адкручваць у дабітым да ручкі рэдакцыйным “Масквічы”, каб раз выехаць, а потым зноў пачынаць нешта прымяраць-падкручваць, вяртацца дамоў ў забруджанай, замасьленай адзежыне, чарговы раз атрымліваць ад жонкі на арэхі, якія адскоквалі ад яго, як гарох ад сьцяны. А мне дык падабалася і ягоная занятасьць, і прадастаўленая мне самастойнасьць. Бадай, нідзе і ніколі больш не працавалася так узьнёсла, з такім імпэтам, натхненьнем і самааддачай, імкненьнем самарэалізаваца, як тут. І ў калектыве, і ў раённага начальства, і ў гаспадарнікаў адчуваў да сябе добрае, прыязнае стаўленьне, быў дапушчаны да раённай кіруючай эліты ці, як сказаў сёньняшні народны класік, у “узкий круг ограниченых людей”...

У памяці захавалася шмат розных гісторыяў з тых часоў. Прыгадаю толькі адну – вясёлую і адначасова сумную пра Папялушку, якая на нейкі час стала прынцэсай, да чаго меў непасрэднае спрычыненьне...

Неяк пазваніў з райкаму рэдактар і загадаў неадкладна прабыць у кабінет першага сакратара Мікалаенкава. Падзівіўся: навошта спатрэбіўся першаму, калі там рэдактар? Але клічуць дык клічуць – завёў матацыкл і праз дзьве-тры хвіліны быў у райкаме.

У першага сядзелі заклапочана абодва сакратары Грыгор’еў і Нялюбін, старшыня райвыканкаму Апрышчанка са сваімі намесьнікамі, загадчыкі аддзелаў, інструктары, усе тры сакратары райкаму камсамолу на чале з Мішам Крупіцам ды Абрам Данілавіч.

– Такая справа... – зьвярнуўся першы ледзьве я пераступіў парог. – Ты шастаеш па калгасах, то мо ведаеш сьвінараку альбо цялятніцу, каб была да дваццаці пяці гадоў, беларуска, беспартыйная і не камсамолка, з пачатковай адукацыяй і, вядома, мела добрыя паказчыкі?.. – Мусіць, заўважыў на маім твары пытаньне і патлумачыў: – Трэба знайсьці кандыдатуру з такімі параметрамі на вылучэньне дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР па Савеце нацыянальнасьцяў, гэта значыць – адна на пяць раёнаў. Нельга ўпусьціць, трэба знайсьці, і тэрмінова – ужо заўтра-пасьлязаўтра жывую-здаровую даставіць у абкам партыі...