Выбрать главу

Больш за месяц, мусіць, з падачы Паўлава Бураўкіна трымалі ў чорным целе, ставі­ліся як да чалавека заведама асуджанага на пазбаўленьне пасады, мо нават выключэньне з партыі, таму на пасяджэньні бюро і іншыя адказныя нарады сталі запрашаць не яго, а ягонага намесьніка Чаніна. Ды па-мойму, гэта зусім, ну калі не зусім, то вельмі мала хвалявала Генадзя. Для нас з ім самым галоўным і важным было, што тэлефонная і пісьмовая пратэстная плынь з кожным днём аціхае, рэзка зьмяншаецца, а праз тыдні два і ўвогуле згасла, усё пачало ўваходзіць у спакойнае рэчышча. Працягвалі паступаць, хіба, толькі патрабаваньні і просьбы як нашых, так і сумежных рэгіёнаў паскорыць трансьляцыю Беларускага тэлебачаньня. Усё гэта былі пытаньні тэхнічных службаў Мінсувязі, Мінбыту і Мінкамунгасу. З дапамогай гэтых лістоў і крытычных сігналаў я стараўся абвастраць праблему, аператыўна знаходзіць прыймальныя рашэньні. Былі, канечне, прэтэнзіі і творчага плану, да іх стараліся ставіцца гранічна ўважліва, рабіць высновы. У цэлым пра беларускую праграму ў тэлегледачоў склалася добрае ўражаньне, аб чым засьведчылі сацыялагічныя службы, многія нашы праграмы па папулярнасьці абыйшлі маскоўскія, а праз колькі месяцаў ніхто і не заўважыў зьнікненьня з эфіру Хрушы і Сьцяпашы, што выклікалі такую хвалю пратэстаў і ледзь не пагубілі беларускую праграму. Былі, вядома, і нашы пралікі – надта ж вялікае мелі жаданьне адразу, неадкладна закалыхваць дзетак на сон нацыянальнымі мелодыя­мі, нацыянальнымі казачнымі героямі. Не ўлічылі і рэальнасьць, і людскую, найперш дзіцячую псіхалогію... Гэткая ж нецярплівасьць, пасьпешнасцьь, памкненьне вырашаць далікатныя і тонкія пытаньні кавалерыйскімі наскокамі, думаю, потым, напачатку дзевяностых вельмі нашкодзіла нацыянальнаму адраджэньню...

Неўзабаве ня толькі тэлегледачы, але і начальства зразумела, наколькі добрую і важную справу зрабілі ў рэспубліцы, займеўшы свой незалежны тэлеканал, ужо нават кепска сабе ўяўлялі, як можна было туляцца са сваімі перадачамі па чужых тэлепраграмах, штотыдзень просячы ў першапрастольнай ласкі і часьцей за ўсё атрымваючы па прынцыпу вазьмі Божа, што мне нягожа. Нават Паўлаў, сьцяўшы зубы і праз зубы змушаны быў прызнаць: зрабілі правільна. А што яму заставалася, калі літаральна праз колькі месяцаў з вуснаў Кісялёва на прыёме кіраўнікоў тэлекампаніяў сацыялістычных і нейтральных краінаў, саюзных рэспублік пачуў найвышэйшую ацэнку ня толькі прафесійнай, але і палітычнай дзейнасьці Бураўкіна, які “ўратаваў ягоны, Першага сакратара, і бюро ЦК гонар, мужна прадухіліўшы глупства, якое намерваліся ўчыніць”...

Пасьля гэтакіх ацэнак Паўлаў аціх, палагаднеў, з неўласьцівай раней пачцівасьцю і дружалюбствам пачаў ставіцца ня толькі да Генадзя, але і да мяне, хоць яму часам было цяжка хаваць, што гэтае дружалюбства нацягнутае, робленае...

Я з жахам думаю: а што б сталася з нашай культурай, першымі тады, зусім кволенькімі парасткамі нацыянальнага адраджэньня, каб не было той перамогі, каб Бураўкін адчайна не паставіў на кон сваю міністэрскую пасаду, больш таго – сваё членства ў партыі? Ня ведаю, ня ведаю... Але ж, пэўна, той герой памянёных мемуараў наўрад ці змог бы на сваіх плячах выцягнуць усё нацыянальнае адраджэньне, нават калі тыя плечы былі насамрэч волатаўскія. Па самай просьценькай прычыне – адсутнічала б нацыянальнае тэлебачаньне, а дзе б ён знайшоў, хто б яго пусьціў на такую шматмільённую аўдыторыю для пропаведзі сваіх ідэяў і поглядаў? Ды яшчэ аўдыторую падрыхтаваную спрыяльна ўспрымаць гэтыя пропаведзі. Хто-хто, а я знутры добра ведаю, якія б мастадонты маглі акупаваць тэлебачаньне – не раўня сёньняшнім. Сёньняшнія пераважна прыслужваюць Мамоне, тыя ж верай і праўдай ламалі б хрыбты за ідэю вялікай і непадзельнай... А маладзейшаму чытачу, які проста ня можа зразумець, у чым тое геройства паставіць на кон сваю партыйнасьць, мусіць, варта патлумачыць, што выключэньне з партыі тады было раўназначна, а часам і больш судзімасьці. Асабліва, калі каго, як гэта меркавалася Бураўкіна, выключалі па ідэалагічных, палітычных матывах. Гэта значыла, што раз і назаўсёды трэба забыцца пра ўсялякую службовую кар’еру, паколькі выключаны меў права займаць толькі радавыя і непрэстыжныя пасады, а калі то быў чалавек творчай працы, то падпадаў пад асабліва пільнае і пры­дзірлівае вока цэнзуры, перад ім наглуха закрываліся старонкі ўсіх выданьняў. Так што было чым рызыкаваць Генадзю Бураўкіну... Але гэта к слову...