Выбрать главу

Паўлаў і насамрэч быў непатапляльны, як айсберг. Можна было падумаць, што яму спрыяюць нейкія ледзь ня звышнатуральныя сілы. Толькі ўсур’ёз (пэўна, не без дапамогі Васіля Каленчыца) згусьціліся хмары над ім – казалі, што ягоныя дні зьлічаныя – як менавіта ў гэты час Пётр Міронавіч гіне ў аўтакатастрофе, а Каленчыц захворвае на невылечную хваробу. Ціхан Якаўлевіч, сам былы ідэалагічны работнік, на­пачатку цярпеў, прыглядваўся да Паўлава, належным чынам ацэньваючы ягоны прафесіяналізм і напорыстасьць, але, казалі, з цягам часу той стаў дакучаць яму сваёй просталінейнасьцю, няўменьнем ладзіць з людзьмі, магчыма, і прымітыўным дубовым інтэрнацыялізмам. З вартых даверу крыніцаў было вядома, што ён зьбіраецца вось-вось памяняць адыёзнага Паўлава, ды зноў нейкае неверагоднае супадзеньне – Кісялёў захворвае і літаральна на працягу некалькіх месяцаў згарае ад невылечнай хваробы... Прысланы Масквой новы гаспадар Мікалай Мікітавіч Слюнькоў і па жалезнай хватцы, і метадах работы, і нават зьнешне – грузнай, каранастай фігурай нечым нагадваў Паўлава. І той адчуў сябе настолькі ўпэўнена, што пачаў ледзь ці не адкрыта ігнараваць АТК, магчыма, адчуўшы, што зноў зьявіўся рэальны шанец заняць ягонае месца. Але над бяскрайняй прасторай вялікай краіны ўсё настойлівей сталі падзімаць сьвежыя ветрыкі пераменаў. Як чалавек крайне прагматычны, з вострым палітычным чуцьцём, Сьлюнькоў разумеў, што час Кузьміна і Паўлава на чале ідэалагічных працэсаў калі яшчэ не прайшоў, то няўмольна мінае. Нягледзячы на элегантную падножку свайму рэальнаму спаткаемцу ў надзеі яшчэ хоць трохі пасядзець у крэсьле сакратара ЦК, АТК не ўтрымаўся. Слюнькоў абыйшоўся з ім крута і бесцырымонна, паклаўшы вока на Івана Антановіча. Ды, мусіць, і гэнага стары хітраван Кузьмін пасьпеў “адстрэліць” даўно, яшчэ на падлёце – Масква на зьдзіўленьне Мікалая Мікітавіча не захацела нават абмяркоўваць усур’ёз Антановіча як галоўнага рэспубліканскага ідэолага. Слюнькоў даручыў Барташэвічу падабраць і папярэдне ўзгадніць з Масквой адну-дзьве кандытатуры. Спатыкнуўшыся на разумным і абаяльным, з сучасным гнуткім мысьленьнем Бураўкіне, якога з нечае падачы забракавала Масква, угледзеўшы ў ім нацыяналіста, той у поўнай адпаведнасьці з уяўленьнямі Слюнькова пра ідэалагічную работу прапанаваў прахадную кандыдатуру першага сакратара Менскага гаркаму партыі Валерыя Пячэньнікава, тэхнара і гаспадарніка да мозга касьці, чалавека, які меў вельмі прыблізнае паняцьце пра ідэалогію, культуру і, здаецца, пакутаваў, люта ненавідзячы работку, якой па іроніі лёсу давялося займацца...

Для вопытнага, перасядзелага на сваёй пасадзе Паўлава гэтае нечанакае, дзіўнае вылучэньне было яўным сьведчаньнем недаверу, мо нават абразай, пляўком у твар. Аднак ён ціхенька ўцёрся, стаў уводзіць у курс справы, нацягваць на пытаньнях ідэалогіі новага шэфа. Не ўтрымаюся ад спакусы працытаваць урывачак з ананімнай сатырычна-гумарыстычнай паэмы, якая тады хадзіла ў рукапісе, а потым, калі добра ўзялася перабудова, друкавалася ў “Вожыку” і выдавалася асобнай кніжачкай неспасьцігальным на сёньняшні дзень 20-тысячным накладам. У ёй з амаль з дакументальнай дакладнасьцю схопленыя рэаліі і перапетыі тых часоў, калі з лёгкай рукі Алеся Адамовіча расейская і сусьветная прэса стала зваць Беларусь антыперабудовачнай Вандэяй: