Выбрать главу

Хоць настрой Валеры падаў,

Поўз уніз на тармазах,

Выручаў Савелій Паўлаў –

Прапаганды вечны заг.

Дзелавіты і жывучы,

Ён трымаў ад прэсы ніць,

Добра ведаў, як прыжучыць,

Прышчаміць, забараніць.

...................................

Стала моташна Валеру

І падумаў ён:”Аднак

На якую мне халеру

Гэты чортаў кавардак?

Папрасіцца б мне ў адстаўку.

Пенсіённыя дзяды

На чале з жалезным Саўкам

Завядуць мяне куды?”

Ды назад вяртацца позна...

....................................

Адаслаў дзядоў Валера,

Пачасаў пусты прабор:

– А ў іх ёсьць якая мера?

Ці ня будзе перабор?

Супакоіў Саўка: Што ты,

Не трывожся ні аб чым.

Гэта ўсё – мае турботы.

Я ўсё ўзважыў і ўлічыў.

Шмат наперад мне вядома.

Я за гэтулькі гадоў

Перажыў у гэтым доме,

Можа, сто перабудоў.

Косткі мне перабіралі.

А цяпер, скажыце, дзе

Левакі і лібералы?

Я ж сяджу, як і сядзеў.

Я б і сам якога гада

Кулаком гатоў прыбіць.

Толькі нельга мне – пасада,

А нутро даўно сьвярбіць...

Пячэньнікаў шмат што пераняў ад Паўлава, а найперш – уведзеныя ім у вушы ацэнкі той ці іншай ідэалагічнай сферы, характарыстыкі іхнім кіраўнікам і, канечне ж, усім работнікам аддзелу. Ня памятаю дакладна на першым ці ўжо на другім тыдні Пячэньнікаў паклікаў і мяне. Падымаўся паверхам вышэй упэўнены, што новы сакратар ЦК пацікавіцца станам справаў, праблемамі, дасягненьнямі і пралікамі ў электронных сродках масавай інфармацыі, значэньне і ўплыў якіх з кожным днём узрастае ў выніку ледзь ці ня поўнага ахопу тэрыторыі рэспублікі дзьвюмя тэлепраграмамі, дынамічным разьвіцьцём трэцяй музычна-забаўляльнай, рэзкім павялічэньнем продажу насельніцтву тэлепрыёмнікаў, рэканструкцыяй і ўстаноўкай сістэмаў калектыўнага прыёму ў шматкватэрных жылых дамах як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасьці. На маё зьдзіўленьне ні слухаць, ні задаваць нейкія пытаньні ён ня стаў, з месца ўзяўшы ў адміністатыўны кар’ер, самаўпэўненым начальніцкім тонам пачаў выдаваць як ісьціны ў апошняй інстанцыі свае ацэнкі і, мякка кажучы, дзіўныя ўказаньні, распараджэньні. На ягонае глыбокадумнае сьцьвярджэньне, што ўсе недапушчальныя недахопы, пралікі, правалы, якія назіраюцца на тэлерадыё, – вынік кепскага ўзроўню партыйнага кіраўніцтва, якое я ажыцьцяўляю ад імя ЦК. Я запытаў, пра якія канкрэтна правалы ідзе гаворка, але ў адказ ён непрыязна бліснуў вачамі загадаў неадкладна, у трохдзённы тэрмін арганізаваць па аналогіі з будаўнічымі аб’ектамі дзяржпрыёмку кожнай тэле і радыёперадачы так, каб ніводная не магла выйсьці ў сьвет без падпісанага ўсімі членамі прыёмнай камісіі акту. Вядома ж, гэта быў абсурд, поўная недасьведчанасьць, і я паспрабаваў як мага далікатней патлумачыць, што будаўнічыя аб’екты і тэлерадыёперадачы – рэчы непараўнальныя, хоць бы таму, што тэлебачаньне вяшчае 18, радыё 26 гадзінаў у суткі, а, значыць, камісіі спатрэбіцца бяз сну і адпачынку засядаць трое сутак, каб прыняць прадукцыю на адзін дзень. Ён глянуў з недаверам, падазрона, нават варожа і з апломбам пацьвердзіў: табе загадана – рабі, як сказана, а не шукай адгаворак... Вядома ж, гэтага курам на сьмех глупства я не рабіў і рабіць ня думаў, і ён, па праўдзе кажучы, больш не нагадваў пра дурацкую дзяржпрыёмку, але весялей ад гэтага не рабілася. У калі­дорах, па кабінетах аж душыліся хто ад сьмеху, хто ад прыкрасьці, і кожны імкнуўся як мага хутчэй змыцца адсюль, адчуваючы, што наступаюць іншыя часы. Сяргей Законьнікаў навастрыў лыжы на “Полымя”. Я скурай адчуваў, што таксама, і як мага хутчэй, трэба “рваць кіпцюры” ад Паўлава і Пячэньнікава, бо зараз ужо не ўратуе ні рэкамендаваная АТК дуля ў кішэні, ні смачны мацюк тэт-а-тэт з Паўлавым...

Але куды, калі Паўлаў даўно перакрыў мне кісларод... Дый шчыра кажучы, к таму часу ў мяне начыста адсутнічалі кар’ерныя памкненьні па партыйнай лініі, таму каб і прапанавалі нешта, то хутчэй за ўсё катэгарычна адмовіўся б. Я рабіў сваю справу – і гэтага мне хапала, пачуваючы сябе за сьпіной АТК, як за каменнай сьцяной. Ведаў, што не дадуць у крыўду, і пра будучае пасьля ЦК калі і думалася, то ў нейкай няпэўнай гіпатэтычнай персьпектыве. Калі па-шчырасьці, то толкам і ня ведаў, чаго хацелася б пасьля, апроч мары пра нейкае абстрактнае спакойнае месца ці то ў салідным часопісе, ці то ў ціхай, але не зусім захудалай канторы, дзе можна ўдосталь сабе ў задавальненьне і радасьць папакутаваць над новымі творамі... Цяпер усё памянялася. Паўлаў не праміне скарыстаць недасьведчанасьць Пячэньнікава, каб адыграецца на ўсю поўніцу. Запіхне ў якую газетку, як колісь Міхася Парахневіча, каб штодня з ранку да вечару займаўся рэпарцёрствам ці перапісваў, правіў чужую бядапаможную пісаніну. Зноў вяртацца да таго, на што патраціў столькі сілаў і часу, вытраўляючы з сябе аператыўную газетчыну з яе непазьбежнай сьпешкай, штампамі, трафарэтамі, засушаным стылем, анемічнай бясколернай мовай... Такая персьпектыва жахала мяне і была зусім рэальнай, скурай адчуваў, што ўсё можа адбыцца сёньня-заўтра. Генадзь прапанаваў пайсьці да яго намесьнікам, хоць выдатна разумеў, што гэта ня выйсьце – ён сам рваўся з тэлерадыёкамітэту, ссумаваўшыся па ненапісаных вершах, на якія пры 12-15-цігадзінным рабочым дні, часьцей за ўсё без выходных і сьвяточных дзён не ставала ні часу, ні настрою, ні душэўных сілаў. Тое, што ўдавалася напісаць, засьведчыць і сабе, і людзям: жывы яшчэ “паэтычны курылка”, стваралася на апошнім тыдні водпускаў, калі пасьля лячэньня ці адпачынку ў санаторыі, звычайна, у верасьні зьнікаў у сябе на лецішчы, дзе яго і наведвала паэтычнае натхненьне... Дый абодва мы мелі глыбокае перакананьне, што аптымальны тэрмін знаходжаньня на адным месцы – пяць гадоў, калі службовыя абавязкі і праблемы ўспрымаюцца сьвежа, востра, выконваюцца і рашаюцца з натхненьнем, душэўным уздымам, з жаданьнем шукаць новыя, неардынарныя шляхі і падыходы. Пасьля пяці гадоў неўпрыкмет, паступова губляецца ранейшая вастрыня і сьвежасьць успрыняцьця, нажываецца вопыт, а з ім пачынае адольваць руціна...