Выбрать главу

Праўду кажуць: нехта губляе – нехта знаходзіць. Галоўны рэдактар “Вожыка” Аляксандр Раманаў за год да пенсіі ўзяў лішку і па-дурному ўчыніў скандал у міліцыі. Назаўтра ж раніцай пра ўсё стала вядома ў ЦК. Каб патушыць ідэалагіч­на нявыгадны скандал у самым зародку, ня даць яму шырокую агалоску, Раманаву прапанавалі напісаць заяву па ўласным жаданьні, пасьля чаго датэрмінова прызначаць персанальную пенсію, інакш – звальненьне са строгім партыйным спагнаньнем. Словам, нечакана-неспадзявана адкрылася вакансія, якая мяне цалкам задавальняла і на якую я меў нейкае маральнае права. Мусіць, самім лёсам было наканавана... Першы раз мне была прапанова ад Уладзіміра Корбана перайсьці ў “Вожык” рэдактарам у аддзел фельетонаў і пісьмаў яшчэ шаснаццаць гадоў таму. Тады малады рамантык не захацеў засыхаць на менскім асфальце і зрабіў выбар у гушчыні жыцьця намесьнікам рэдактара раёнкі. А праз дзесяць гадоў, калі ўжо меў выдадзеную кніжку сатыры і гумару, настойліва прабіваў маю кандыдатуру сабе ў намесьнікі Аляксандр Раманаў, але з Паўлавай ласкі апынуўся ня ў “Вожыку”, а пад ягоным чулым кіраўніцтвам... Ну, а цяпер, як кажуць, сам Бог казаў, нельга ўпусьціць такую магчымасьць... Дый абставіны складваліся, бы па заказу: Паўлаў зьлёг з нейкай прастудна-расьпіраторнай немаччу ў бальні­цу і колькі там прабудзе – невядома, і не скарыстаць сітуацыю было б глупствам. Пайшоў да Аркадзя Русецкага, якога з яўнай падсадкай да Паўлава перавялі з Віцебску першым намесьнікам загадчыка аддзелу, і без усялякіх эківокаў прапанаваў сваю кандыдатуру на “Вожык”. З Русецкім у нас склаліся шчырыя даверлівыя стасункі яшчэ калі ён быў сакратаром гаркаму па ідэалогіі. Філосаф па адукацыі ён ня толькі любіў і цікавіўся літаратурай, але і пісаў цікавыя, глыбокія па зьместу літаратурна-крытычныя артыкулы, літаратураведчыя дасьледваньні, адметныя філасофскім поглядам на творчасьць і творы вядомых пісьменьнікаў-землякоў – Пятруся Броўкі, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і многіх іншых, тых, хто ўжо заявіў пра сябе, і мала­дзейшых. Ягоныя артыкулы ў скарачэньні ці вынятках друкаваліся пераважна ў абласной газеце. Аркадзь марыў выдаць іх без скарачэньняў асобнай кнігай, падрыхтаваў рукапіс, але аддаваць у выдавецтва ці то з-за сваёй прыроднай сьціпласьці, ці то з-за пасады не рашаўся. Даў мне пачытаць. Артыкулы зрабілі ўражаньне, і я настойліва прапанаваў аддаваць рукапіс у друк. У выдавецтве яго прынялі і тут жа запусьцілі кнігу ў вытворчасьць...

Дамовіліся, што ён ціха і аператыўна ўзгодніць маю кандыдатуру з Пячэнь­нікавым, Барташэвічам, Сьлюньковым, каб усё вырашыць, пакуль Паўлаў у бальніцы. Словам, назаўтра было атрымана “добра” ад усіх траіх, тут жа падрыхтавалі дакументы, прайшлі субяседаваньне і заручыліся візамі Борыса, загадчыка аргпартаддзелу, Пячэньнікава, Барташэвіча. Барташэвіч, перш чым паставіць сваю візу на праекце пастановы бюро, адправіў Русецкага, а мне сказаў застацца і спытаў:

– Скажы шчыра: цябе гэтыя мудакі выжываюць, ці сам захацеў? А то калі што – завернем...