Выбрать главу

Гэта была нейкая эйфарычная атмасфера ап’яненьня, мо нават ачмурэньня ад нязвыклай свабоды, і пісьменьнікі старэйшага веку пачувалі сябе ў ёй ніякавата, нібыта была іхняя віна, што раней такая дэмакратыя нікому і ня сьнілася, і саступалі ініцыятыву галасістай і крыклівай групцы маладзейшых, сярод якіх асабліва вылучаліся літкансультант Саюзу пісьменьнікаў Алесь Емельянаў і апантаны са стужкай на ілбе, канцы якой матляліся за плячамі, як у матроскай бесказыркі ці яркае ўбранства індзейца, паэт і бард з Новаполацку Сяржук Сокалаў-Воюш. Гэткі разгул свабоды і дэмакратыі быў тады ўнавіну, свабода радавала, натхняла, п’яніла, разам з тым выклікала ў многіх пісьменьнікаў майго веку нейкую неўсьвядомленую трывогу, непрыняцьце агрэсіўнай самаўпэўненасьці і нахрапістасьці маладых рэвалюцыянераў, у якіх пакуль што мех амбіцыяў і жменька амуніцыі. Пэўна, спрацаваў характэрны беларускі інстынкт асьцярогі і абачлівасьці – кандыдатуру Сокалава-Воюша на пасаду кіраўніка пісьменьніцкай арганізацыі правалілі...

Апошні раз бачыліся з Паўлавым у канцы дзевяностых, калі ён прыносіў мне ў “Вожык” свой новы твор – злы памфлет пра Ельцына. Я выказаў рэдактарскае сумненьне ў этычнасьці і тактоўнасьці друкаваньня ў “Вожыку” непачцівага, мо нават абразьлівага для прэзідэнта суседняй дружалюбнай краіны матэрыялу, і ён не пярэчыў, заўважыў толькі трохі расчаравана: надта ж каларытная для сатыры фігура гэты Ельцын... Потым, казалі, ён чарговы раз разьмяняў кватэру на Заслаўскай і зьехаў некуды на ўскраек гораду, не пакінуўшы мне сваіх каардынатаў. Праз колькі гадоў выпадкова сустрэўся з ягоным колішнім цэкоўскім кіроўцам і пачуў, што Паўлаў жыў у Паўночным пасёлку і ня так даўно памёр, аднак гэта аказалася недарэчнай выдумкай. Што ж, ёсьць такая прыкмета: каго зажыва хаваюць – таму наканавана доўга жыць. Дай Божа, каб так! А ня так даўно кіраўнік новаяўленага пісьменьніцкага Саюзу Чаргінец на старонках “ЛіМу” паведаміў пра выхад выдатнай публіцыстычнай кнігі Савелія Паўлава “Осторожно: глобализм!”. Калі меркаваць па назве, падобна, што Паўлаў зноў аказаўся запатрабаваным, зноў прызваны на контрпрапагандысцкую стайню, зноў у свае семдзесят з гакам сеў на надзейнага, аб’езджанага канька. Што ж, як кажуць, у добры шлях...