Выбрать главу

З гадамі пачынаеш усё яскравей разумець, што ў жыцьці не бывае нічога адназначнага, аднамернага, раз і назаўсёды дадзенага. Тая ж партыйная работа, якая забрала аж васемнаццаць мо самых прадуктыўных гадоў, практычна пік жыцьця. Колькі незваротнага часу, нерваў, душэўных сілаў патрачана ўпустую, марна на пісаньне розных нікчэмных папераў, варыянтаў нечыіх дакладаў і выступленьняў! Разам з тым работа ў апараце абкаму, затым ЦК партыі была ня толькі вялікай жыцьцёвай школай, але і фарміравала, як гэта на першы погляд можа падацца дзіўным і парадаксальным, мяне як пісьменьніка, маю пісьменьніцкую біяграфію. Практычна ўсе літаратурныя творы напісаліся ці ў рэдкія выхадныя і сьвяточныя дні, ці прыхапкам па вечарах, калі стамлёны і спустошаны вяртаўся з работы. Літаратурная праца была своеасаблівай выратавальнай аддушынай у іншы, гэтакі вабны, створаны па тваёй волі віртуальны і адначасова самы што ні ёсьць рэальны сьвет, прагай жывога слова насуперак, усупрацівагу руціннай казённай пісаніне, якой даводзілася практычна штодня займацца на рабоце. Асабліва калі рыхтаваліся зьезды, пленумы, партыйна-гаспадарчыя актывы, розныя канферэнцыі, у пажарным парадку пісаліся выступленьні высокага начальства на нейкіх непрадбачаных нарадах альбо артыкулы для перыядычных і неперыядычных выданьняў, пераважна маскоўскіх. І тады да атупеньня тыднямі карпелі без выхадных альбо на рабочым месцы, альбо ў рэзідэнцыі па Вайсковым завулку ці ў Заслаўі. Але, як гэта ні парадаксальна, штодзённая казённая пісаніна неўпрыкмет дысцыплінавала думку, фразу, прывучала вылучаць галоўнае, мысьліць канкрэтна і лаканічна, спрыяла і адчуваньню слова, і пошуку таго адзінага, ёмістага, энергічнага, якое ажыўляе, надае дыханьне фразе, сказу, радку. Праўда, тады гэта не заўважалася, не разумелася – душа прагла, рвалася найхутчэй адкараскацца ад збрыднелай падзёншчыны, цалкам аддацца мастацкай творчасьці, марылася, каб і на рабоце яна была галоўным службовым абавязкам, і вечарамі дома пісалася сваё... “Вожык” з пачаткам рабочага дня ў адзінаццаць і заканчэньнем у пяць вечару быў для таго ідэальным варыянтам. Задумак і планаў было – хоць адбаўляй. Аднак на справе аказалася ня ўсё так проста і адназначна. Скажу толькі, што амаль за чатырынаццаць гадоў работы ў “Вожыку” не напісалася ніводнай уласнай аповесьці, ніводнага “сур’ёзнага” апавяданьня. Ня буду шукаць апраўданьня, пасыпаць галаву попелам, што заела лянота, падводзіла творчае натхненьне, хоць чаго там крывіць душой – не абыходзілася і без гэтага, але справа ў іншым... Мусіць, мне з маім дурным характарам браць усё на сябе, адказваць за кожнае слова, кожную коску ў часопісе ня варта было рабіцца галоўным рэдактарам... І яшчэ высьветлілася, што не магу, ну зусім ня ўмею з аднолькавай самааддачай, аднолькавым імпэтам рабіць адначасова дзьве блізкія па сутнасьці работы, як гэта ўмелі многія вялікія пісьменьнікі, працуючы адначасова над некалькімі творамі, пераключаючыся з аднаго на другі. Мусіць, на тое яны і вялікія... Праўда, з гэтым выдатна ўпраўляюцца графаманы – яны не жывуць і жыць ня могуць сваімі зварганенымі на адзін капыл, на адзін твар героямі-ценямі. Графаману няма ніякай розьніцы, што і калі пісаць – абы пісаць. Стаміўся ад аднаго – узяўся за другое, потым – за трэцяе, чацьвёртае, зноў вярнуўся да першага – і ляпаюць адзін за адным так званыя раманы, аповесьці, як рэдзенькія каровіны бліны...

Для мяне паўсядзённая работа па рэдагаваньні часопісуа аказалася несумяшчальнай з уласнай творчасьцю – на яе проста не хапала ні душэўных сілаў, ні натхненьня, ні часу. І ў тым, пэўна, была і мая трагедыя, і прычына, што і крытыка, і чытачы на замоўклага ледзь ці не на паўтара дзесяцігоддзі, нават не перавыдаваўшага ніводнага свайго твору аўтара безнадзейна махнулі рукой...

Тым ня менш у “Вожыку” зьведаў нямала прыемных, шчасьлівых хвілінаў, сапраўднай радасьці. Мой прыход сюды супаў з пачаткам гарбачоўскай перабудовы і галоснасьці. Хоць, шчыра кажучы, пра перабудову ў нас на Беларусі вяліся толькі абстрактныя размовы і амаль нічога не мянялася. “Вожык” па-ранейшаму заставаўся ледзь ці не асноўным рупарам так званай контрпрапаганды. Добрая трэць нумару ў абавязковым парадку адводзілася выкрыцьцю “капіталістыянага раю” і “імперыялістычных джунгляў”, зьнішчальнай крытыцы замежных прэзідэнтаў, прэм’ераў, канцлераў, іншых падпальшчыкаў вайны, натаўскіх мілітарыстаў, сіяністаў, ідэалагічных дыверсантаў, брахуноў з мюнхенскай, дзе тады разьмяшчалася радыёстанцыя “Свабода”, падваротні. Уся гэтая контрпрапаганда была абсалютна непрафесійная, нізкапробная халтура, на якой шчыравалі і мелі неблагое карыта адстаўныя гэбэшнікі, палітработнікі, бяздарныя газетчыкі. Чыталі яе, хіба, машыністка, карэктар, наборшчыца ў друкарні ды зрэдку па дыяганалі галоўны рэдактар, які ведаў, што крамолы там ня будзе. Гэтай нечытабельнай лухтой часта забівалася палавіна нумару, а бывала, і ўвесь, як сьпецыяльны контрпрапагандысцкі, за што мелі пахвалу ад Паўлава. Вядома, гэткай ахінеі друкаваць я не зьбіраўся, аднак каб не дражніць гусей, адмяняць адразу ня стаў, а праз нейкіх паўгоду паступова ад яе і сьледу не засталося. Як і ад так званых станоўчых фельетонаў, якія мусілі праслаўляць нашую сацыялістычную рэчаіснасьць і займаць як мінімум першы разварот часопісу. Гэты станоўчы фельетон быў глупствам, нонсенсам і для жанру, і ўвогуле сатырычна-гумарыстычнага выданьня, таму на радасьць супрацоўнікаў, якіх літаральна дасталі гэтыя абавязковыя так званыя станоўчыя фельетоны, адмяніў іх адразу ж, з першага свайго нумару. Замест іх пайшлі вострыя, дасьціпныя матэрыялы, ніводзін з якіх галоўны рэдактар не зьмякчаў, а завастраў, рабіў больш задзірыстымі з выхадам на высокія фігуры, і гэта з энту­зіязмам успрымалася супрацоўнікамі рэдакцыі, а найбольш дык чытачамі.