Выбрать главу

Але грэх было б наракаць на свой лёс. Калі наракаць, то толькі на самога сябе. Лёс пакуль што быў літасьцівы, спрыяльны і ласкавы да мяне. Ён зводзіў пераважна з цікавымі, добрымі і шчырымі людзьмі, хто куды часьцей падстаўляў мне локаць і сваю плячо, чым падножкі. Тое ж было і ў “Вожыку”. Калектыў, дзе трымаліся традыцыі, закладзеныя яшчэ Кандратам Крапівой і памножаныя Уладзімірам Корбанам, адразу ж прыняў мяне як свайго, хоць прыйшоў да іх як партакрат, якіх тады недалюблівалі. Мо таму, што ня быў навічком у сатыры і гумары, а мо таму, што насуперак чуткам нібыта новы рэдактар мае прамое заданьне грунтоўна ператрэсьці калектыў, прыцягнуць сваіх людзей, ня звольніў нават кіроўцу, які здаў былога рэдактара міліцыі, што мне настойліва рэкамендаваў зрабіць Пячэньнікаў. І добра, што не паслухаўся. Саша аказаўся вельмі добрым і прыстойным хлопцам, з ім мы адпрацавалі дружна амаль дзесяць гадоў, аж пакуль са шчымлівым сэрцам адпусьціў яго на больш грашавітую работу – трэба ж карміць сям’ю. А ўвогуле за ўсе гады па сваёй ініцыятыве я ня звольніў ніводнага чалавека. Са многімі ветэранамі, якія прыйшлі яшчэ пры Корбане, як Майя Вінакурава, Галіна Афанасьева, Валянціна Шуст, адпрацаваў разам усе свае чатырынаццаць гадоў. Сярод іх, канечне ж, Уладзімір Правасуд, самы ветэраністы вожыкавец, прыроджаны гумарыст і сатырык, якому падуладны ўсе без выключэньне сатырычна-гумарыстычныя жанры, на жаль, здаецца, сёньня адзіны і, магчыма, апошні байкар у нашай беларускай літаратуры. З ім мы адначасова пайшлі з “Вожыка”. Уладзімір Рыгоравіч заўсёдны завадатар і арганізатар вясёлых сяброўскіх вечарынаў ветэранаў-вожыкаўцаў нашага прызыву, дзе ўволю адводзім душу, жартуем, рагочам, як колісь у былыя гады.

Праўда, жыцьцё ёсьць жыцьцё – нехта сыходзіў з калектыву, нехта прыходзіў. Прычыны былі розныя: адны ачувалі, што ня могуць адольваць высокую творчую планку, другія ішлі на вылучэньне, трэція заводзілі сваю справу, кідаліся ў камерцыю, пятыя шукалі больш спакойныя і грашавітыя месцы, шостыя, як Леанід Гаўрылкін, заўчасна адыходзячы назусім, сёмыя, як загадчык аддзелу фельетонаў Іван Самахвалаў, дык увогуле па экзатычных прычынах...

На жаль не заўсёды на месца тых, хто пакідаў “Вожык”, удавалася знаходзіць дастойную замену. Але найперш – маладым і таленавітым мастакам-карыкатурыстам Анатолю Гармазе і Аляксандру Каршакевічу, роўных якім у рэспубліцы проста не было. Яны з маладой саманадзейнасьцю ўзяліся за выданьне сваіх гумарыстычных газет з аўдыторыяй на ўвесь тады яшчэ існуючы Саюз, а потым на Расейскую федэрацыю, аднак прадпрыемства не прынясло ім ні лаўраў, ні належных дывідэнтаў. Каршакевіч неўзабаве вярнуўся ў “Вожык”, дзе я зрабіў яго адказным сакратаром, а потым зьбег ад майго пераемніка мастаком-афармляльнікам да Зіновія Прыгодзіча ў “Гаспадыню”. Гармаза ж аказаўся больш удачлівым – стаў генеральным дырэктарам, выдае некалькі дзіцячых, забаўляльных, хадавых у хатніх гаспадыняў кулінарных газет. Але абсалютная бальшыня тых, хто папаўняў кагорту вожыкаўцаў, аказваліся на вышыні, прыўносілі ў часопіс нешта сваё, адметнае. Сярод іх былі яркія асобы і таленты, як Генадзь Бураўкін, Нэля Тулупава, Валянцін Жвалеўскі, Павел Шаўчук і іншыя. Людзі мяняліся, а традыцыі заставаліся, умацоўваліся, разьвіваліся, аж пакуль мой пераемнік не разагнаў практычна ўсіх, аж да машыністкі, карэктаркі, тэхрэда, хто працаваў пры мне, Раманаве, Корбане...