Выбрать главу

– Ведаю такую, – кажу не задумваючыся. – Тыдні два назад нарыс надрукаваў. Сьвінарка з калгасу імя Куйбышава Ліда Тупік. Рабацяга – пашукаць, і ўсё падходзіць: дваццаць два гады, не камсамолка і беспартыйная, два ці тры класы адкацыі, а па нацыянальнасьці – дык там, здаецца, усе беларусы...

– А як яна ўмудрылася і сямігодку не закончыць, і па-за камсамолам застацца? – падзівіўся першы сакратар. – Калі райана кантралюе абавязковую адукацыю, а ён, – кіўнуў на Мішу Крупіцу, – усіх гамузам у камсамол прымае…

– Яшчэ дзяўчынкай памагала хваравекай маці-сьвінарцы, а потым узяла ўсе клопаты на сябе. Во так і засталася... – патлумачыў я.

– Ну, слава Богу! – узрадаваўся першы і ўзяўся званіць старшыні калгасу Гузаву. – Хай дзеўка хоць сьвет пабачыць...

Гузаў нічога канкрэтнага ня мог сказаць, апроч таго, што насамрэч ёсьць такая вельмі харошая маладая сьвінарка, пра якую толькі што надрукаваны вялікі артыкул у “За Радзіму”. Мікалаенкаў тут жа падсыпаў яму на арэхі, што ня ведае сваіх лепшых людзей і строга загадаў неадкладна ўдакладніць усе анкетныя дадзеныя і праз хвілінаў пятнаццаць далажыць яму асабіста і чакаць далейшых указаньняў... І пайшло-закруцілася. У абкаме ўзрадаваліся, што знайшлася такая, узгаднілі кандыдатуру вышэй, загадалі: калі ня будзе заўвагаў па лініі кампетэнтных органаў, то заўтра, у крайнім выпадку з самай раніцы пасьлязаўтра даставіць пратэндэнтку з пісьмовай згодай балатавацца для гутаркі ў абкам партыі. Раённы гэбіст па сваёй лініі атрымаў звыштэрміновае заданьне, і ўжо к вечару далажыў Мікалаенкаву і, пэўна ж, свайму начальству: ніякага кампрамату на Ліду Тупік ня маецца. Тут жа ў калгас Гузаву паступіла строгае ўказаньне: заўтра к дзевяці даставіць Ліду Тупік ў райкам партыі з гатовай пісьмовай згодай балатавацца. А позна ўвечары той страшэнна растроены апалым голасам пазваніў першаму на кватэру і паведаміў, што Ліда Тупік наадрэз адмаўляецца ад дэпутацтва. Разгневаны Мікалаенкаў на высокіх нотах загадаў Гузаву а палове дзевятай разам з прэтэндэнткай быць у райкаме…

Недзе пасьля дзесяці раніцы ў мяне раздаўся званок і Мікалаенкаў злым голасам загадаў:

– Бягом сюды! Разьбірайся са сваёй Тупік. Зьявілася, як пудзіла гарохавае ды сваёй адмовай устройвае нам палітычны скандал. Забясьпечвайце разам з Каралёвым, а я паклікаў Раева, каб тэрмінова апрануў...

Ліда ў паношанай фуфайцы і гумовіках разам з Гузавым была ў кабінеце Каралёва, вельмі ўзрадавалася, убачыўшы мяне, аднак цягнула сваю ранейшую песьню, шукаючы ў мяне падтрымкі:

– Ёсьць мне час па Масквах разьязджаць, а хто сьвіньні карміць будзе?..

Тыдні тры назад у нас з ёю была доўгая гаворка і на ферме, і ў ейнай маленькай скасабочанай хацінцы з глінянай падлогай, паўразваленай печчу, дзе жылі ўдваіх з нямоглай маці. Усё гэта я напісаў у нарысе, прысаромлюючы калгаснае кіраўніцтва, і ў той жа дзень мне пазваніў Гузаў, пакляўся, што неадкладна пашле брыгаду, якая зробіць усё як трэба. І насамрэч калгасныя будаўнікі ўзяліся ладзіць печ, вокны, дзьверы, слаць падлогу, у чым я пераканаўся, заскочыўшы па дарозе праверыць, як трымае слова Гузаў. Ліда была страшэнна рада, і цяпер Мікалаенкаву і Каралёву заявіла, што верыць толькі мне. Я “аўтарытэтна” пацьвердзіў, што будзе езьдзіць бясплатна ня толькі ў Маскву, а куды і дзе толькі захоча, хоць да Уладзівастоку, жыць і карміць у Маскве таксама будуць задарам ды яшчэ і грошы плаціць, сваімі вачамі, як тут кожнага з нас, будзе бачыць самога Хрушчова і ўсіх, чые партрэты вывешваюць на сьвяты. Яна паверыла, але страшэнна непакоілася, як даедзе да Масквы і ці ня згубіцца там, бо далей Жалудка нідзе не была. Я супакоіў, што ў Маскву дэпутаты ад вобласьці ды ад рэспублікі езьдзяць кампаніяй, не дадуць згубіцца-заблудзіцца, а як асвоіцца – пачувацца ў Крамлі і ў Маскве будзе, як у сваёй вёсцы. А пра сваіх сьвіней хай не хвалюецца – пакуль будзе ў Маскве на сесіях ці на сустрэчах з выбаршчыкамі, іх дагледзіць падменная сьвінарка, што тут жа пацьвердзіў Гузаў, заадно запэўніў, што санітарка і медсястра з фапа будуць штодня прыглядваць за хворай маці. Ліда верыла і ня верыла, аднак згоду балатавацца напісала, дакладней – перапісала з напісанага Каралёвым буйнымі літарамі, старанна і цяжка выводзячы кожную каракуліну. А на прысаромнае пытаньне, чаму, едучы ў людзі, не апранулася прыстойна, ніякавата разьвяла рукамі: няма нічога лепшага, бо і патрэбы нямашака – з відна да цямна на рабоце, не да гуляў...