Выбрать главу

Пачынаючы з Панамарэнкі (Патолічаў, Мазураў, Машэраў, дый Кісялёў) першыя асобы рэспублікі былі прыроджанымі лідэрамі, самабытнымі яркімі асобамі. Сьлюнькоў такім ня быў. Ён проста быў дысцыплінаваным выканаўцам, неблагім арганізатарам і, кажучы сёньняшняй фразеялогіяй, кваліфікаваным менеджэрам. Кіраўнікі без лідэрскіх задаткаў выдатна пачуваюць сябе ў стандартных сітуацыях. У нестандартных губляюцца, ня ўмеюць уздымацца над абставінамі, рызыкаваць, браць на сябе ініцыятыву і асабістую адказнасьць. На сумленьні Слюнькова грубейшыя пралікі, перш за ўсё ўтойваньне страшнай праўды ў першыя дні катастрофы на Чарнобыльскай АС, без якіх наступствы і вынікі бяды маглі б быць не такімі цяжкімі. Як дысцыплінаваны выканаўца ён ня мог аслухацца, узяць на сябе адказнасьць, асьмеліцца запярэчыць маскоўскім патронам... Апошняе, мусіць, было належным чынам ацэнена, бо неўзабаве апынуў ў Крамлі поўным членам Палітбюро і стаў курыраваць усю эканамічную палітыку краіны.

Мне яго дык нават шкада. Нейкім неверагодным чынам у ягонай душы ўжываліся бязьлітасная, ледзь ці не садысцкая жорсткасьць да падначаленых яму людзей і мяккая сьветлая лагода, дабрыня, якімі свяціўся ягоны суровы, змрочны твар, як толькі пачынаў стасункі і забавы з унукамі, што я і суседзі маглі назіраць – вялізны непаваротлівы чорны членавоз даволі часта дастаўляў яго ў наш двор на Пуліхава, дзе ў другім пад’езьдзе жыла дачка з зяцем. Другая ягоная дачка была замужам у Маскве за добрым рускім паэтам, беларусам па паходжаньні Пятром Кошалем, які першы больш-менш поўна пераклаў і выдаў у Маскве ледзь ці ня ўсю літаратурную спадчыну Алаізы Цёткі. Маючы зяцем пісьменьніка, Мікалай Мікітавіч, пэўна, проста ня мог ня ставіцца без павагі і ўвагі да творчых людзей і іхняй працы. Пятро працаваў тады ў “Советском писателе”, спрыяў, каб найбольш таленавітае ў беларускай літаратуры патрапляла ў выдавецкія планы, даволі часта наведваўся ў Менск і па службовых справах, і так сабе, наведаць радню, але заўсёды больш часу бавіў у сябрынах з тымі пісьменьнікамі, якія ня мелі звычкі нешта прасіць ці патрабаваць, чым з цесьцем і цешчай. Маскоўскіх унукаў Сьлюнькоў любіў ня менш, чым менскіх, аднак, калі ўсё рухнула, пакінуў раскошныя маскоўскія апартаменты, як і многія маскоўскія беларусы, перабраўся ў Менск, купіў кватэру ў былым так званым андатравым гарадку па Пуліхава, дзе ўжо амаль не засталося ранейшых насельнікаў, якія з карысьцю для сябе скарысталі ўсчаты новымі гаспадарамі жыцьця ажыятаж чаго б там ні каштавала пасяліцца ў дамах, дзе жыла партыйная эліта. Неўзабаве, праўда, даўмелі, што тутэйшы камфорт і пасьля перапланіровак, самага крутога еўрарамонту і блізка ня можа параўняцца з харомамі, што сталі ўзводзіць для тых, у каго куры грошай не клююць, і пацягнуліся да прэстыжнага ўльтракамфорту. Зараз, жывучы ў суседніх дамах, мы сяды-тады бачымся з Мікалаем Мікітавічам – ці то ў чарзе на пошце, дзе, не згаворваючыся, у адзін час плаціць камунальныя паслугі, ці дзе-небудзь на вуліцы ў час ягоных прагулак, на якія пасьля трэцяга інфаркту часта ходзіць у суправаджэньні жонкі, ці ў магазіне, цырульні альбо ля ягонага прыстаўленага да некалькіх іншых гаражу з ліставога жалеза па шляху да аўтобуснага прыпынку па вуліцы Захарава, які надта ж упадабалі аматары графіці, пішуць і крамольна-палітычнае кшталту “пара ўбіраць”, і нейтральнае хэві-металаўскае, і засьведч­ваюць пралетарскія мацюкі, а ўсё гэта гаспадару даводзіцца змываць, сьціраць, зафарбоўваць. Прыязна паздароўкаемся, звычайна, пастаім-пагамонім, іншы раз правакую яго прыгадваць былое, але часьцей пра сёньняшнія клопаты і праблемы, у ацэнцы якіх ён заўсёды крайне асьцярожны і абачлівы. Гляджу на яго і ня верыцца, што ня так даўно партрэты гэтага чалавека насілі на сьвяточных дэманстрацыях, ад Курыл да Брэста вывешвалі на фасадах адміністратыўных будынкаў, а сам ён помахам рукі вітаў народ з трыбуны Маўзалею. Нехта са старэйшых пазнае яго, пачціва здароўкаецца, альбо абыходзіць ці адварочвае галаву, а бальшыня, здаецца, найперш маладзейшыя, дык і не здагадваюцца – дзядок як дзядок...

Пасьля Сьлюнькова везьці з Масквы новага гаспадара рэспублікі ня сталі – ці то прыдатнай кандыдатуры пад рукой не аказалася, ці то кадрамі стаў манапольна распараджацца энергічны вялікі цьвярозьнік Ягор Лігачоў, які вельмі ўпадабаў адводзіць душу на ўлоньні прыроды ў Белавежскай пушчы, дзе сьведкамі маглі быць толькі зубры і маўклівая, бы рыбы, вышкаленая нешматлікая прыслуга ўрадавай рэзідэнцыі. Ну, і вядома гаспадар пушчы – першы сакратар Брэсцкага абкаму Яфрэм Сакалоў. Яго і прыгледзеў Лігачоў замест Сьлюнькова. Нават сам Сьлюнькоў, добра ведаючы дыяпазон і магчымасьці Сакалова, ня мог пераканаць Лігачова: ня тая кандыдатура, хадзіў да Гарбачова, але і Генсек аказаўся бясьсільны перад напорам вялікага цьвярозьніка.