Выбрать главу

Нечаканы ўзьлёт Сакалова на самую вяршыню рэспубліканскага алімпу быў яшчэ больш незразумелым, чым ранейшае ўзыходжаньне сюды Сьлюнькова. Яфрэма Яўсеевіча добра ведалі па ягонай ранейшай пасадзе загадчыка сельгасаддзелу ЦК, з якой на вялікае зьдзіўленьне многіх сігануў аж на галоўнае крэсла ў Брэсцкім абкаме. Расказвалі, было так: падрыхтаваны Сакаловым даклад на пленум ЦК паклалі на стол Машэраву. Той пачытаў і зрабіў заключэньне, што ў абшырным кандуіце няма ніводнага адказу на пастаўленыя жыцьцём праблемы ў аграрным сектары, ніводнай сьвежай думкі, ніводнага сьвежага падыходу. І тады тэрмінова мабілізуецца так званы мазгавы цэнтр, на паўтара тыдні закідваецца ў Белавежскую пушчу, адкуль яна прывозіць наноў напісаны даклад, з якім павінен выступаць на пленуме Першы. “Во, гэта тое, што трэба! Знойдзеныя тактычныя і стратэгічныя падыходы, дакладныя адказы і шляхі вырашэньня праблемаў...” – пахваліў Сакалова Машэраў. – “А то падсоўвалі нейкую бездапаможную жуйку...” “Так, Пётр Міронавіч,” – пагадзіўся Сакалоў. – Бяда, няма талковых памочнікаў, каму можна даручыць і хто ўмее працаваць. Во і вымушаны быў сам засесьці за напісаньне...” Машэраў быў чалавек даверлівы, прыняў усё гэта за чыстую манету, і неўзабаве “вялікі стратэг і тактык” узьляцеў на Берасьцейскі алімп. І зараз ягоная бляклая, невыразная фігура, прыхарошаная зоркай Героя за будаўніцтва гіганцкіх жывёлагадоўчых комплексаў, ні ў якое параўнаньне не ішла з каларытнымі асобамі кіраўнікоў Гродзенскай і Магілёўскай абласьцей Кляцкова, Лявонава, дый іншых – гэтаксама. Куды больш маштабныя і дастойныя кадры ацалелі і ў не да канца праполатым Сьлюньковым першым эшалоне. Той жа Таразевіч, напрыклад, дый іншыя. І хоць усе бачылі і разумелі, што для Сакалова высокая пасада першай асобы, нядаўняе машэраўскае крэсла – не па Сеньку шапка, дзівіліся, недаўмявалі, ціха альбо адкрыта ў калідорах і пазавугольлі абураліся, пратэставалі, але паслухмяна падначаліліся загаду з Масквы і дружна прагаласавалі, раздвойваючыся ў душы ды мацюкаючыся ад прыкрасьці і на сябе, і на тых, хто навязаў ім гэтакага лідэра...

Сам па сабе Сакалоў быў чалавек неблагі, з яго, пэўна, мог атрымацца ніштосабе міністр сельскай гаспадаркі, мо нават намесьнік Старшыні Саўміну, які вя­дзе аграрны, лясны, прыродаахоўчы сектар эканомікі, альбо сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы. Яго з нечае лёгкай рукі адразу ж празвалі старшынём ЦК – быў дырэктар, а цяпер во і старшыня... Пра ягоныя лідэрскія ці нейкія іншыя інтэлектуальныя якасьці, таленты і гаварыць не даводзіцца. Паспрабаваў прадэманстраваць сваю рашучасьць і цьвёрдую руку, загадаўшы разагнаць дубінкамі і газамі народ ля Маскоўскіх могілак, які на Дзяды ішоў памянуць сваіх родных і слынных людзей Беларусі, што пахаваны тут, у тым ліку Машэрава, Кісялёва, Прытыцкага, Казлова, іншых былых кіраўнікоў рэспублікі. Атрымаўся ўсяленскі скандал і канфуз, усе, здаецца, і сам Сакалоў прызналі, што каб і хацеў, нічога дурнейшага, больш бязглуздага нельга было і прыдумаць. Што ён умеў рабіць больш-менш дасканала, то гэта адсочваць і нейтралізаваць, аддаляючы як мага далей ад дзяржаўнага руля людзей разумных, а, значыць, небясьпечных, магчымых канкурэнтаў і супернікаў. Кляцкова адправілі на заслужаны адпачынак, Лявонава сплавілі ў Германію, Таразевіча – у Маскву, а яршыстага і аўтарытэтнага ў наменклатурнай эліты Бураўкіна, якога яна працягвала прочыць у галоўныя ідэолагі замест відавочна слабога Пячэньнікава, ажно ў Амерыку. Нягледзячы, што Пячэньнікаў аскандаліўся сакрушальным паражэньнем на выбарах у Вярхоўны Савет, і нават не ў гарадской, а ў кансерватыўнай сельскай акрузе з выкарыстаньнем усяго адміністратыўнага рэсурсу ды яшчэ ад фактычна свайго падначаленага – радавога супрацоўніка “Советской Белоруссии” Івана Герасюка. Разумныя, дзелавыя, са сьмелым сучасным мысьленьнем паўсюдна адціраліся ў цень, рэй павялі шэранькія бездары і ўгоднікі. Пры Сакалове працягваў прагрэсіраваць, але ўжо нечуванымі тэмпамі, параліч эканомікі з татальным дэфіцытам, масавымі пратэстамі, а разам і параліч улады – аўтарытэт ЦК, партыйных камітэтаў усіх узроўняў, партыі ўвогуле падаў з катастрафічнай быстрынёй, апускаўся, як потым скажа класік, ніжэй калена. Нарэшце, ці то спрацаваў інстынкт самазахаваньня, ці то ў Крамлі ня стала ўсясільнага Лігачова, але наменклатура схамянулася і на чарговым зьезьдзе адправіла збрыднелага ўсім Сакалова на пенсію. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць вытрымку з яшчэ адной таленавітай ананімнай паэмы, што хадзіла ў рукапісах, патрапіла ў “Вожык” і я даў ёй ход у друк. З маналога Пячэньнікава пра Сакалова: