Выбрать главу

Моцныя і мудрыя кіраўнікі заўсёды трымалі ў сваім атачэньні людзей разумных, таленавітых, сьмелых, яршыстых, ініцыятыўных. Яны зусім не баяліся падавацца на іхнім фоне ня надта самастойнымі і яркімі. Слабыя і недалёкія розумам акружаюць сябе яшчэ слабейшымі і дурнейшымі. Іх кожны дзень гняце, раўніва сочаць: як бы хто ў людскіх вачах не падаваўся разумнейшым, ня кідаў тым самым цень на яго, першакіраўніка, на ягоны аўтарытэт, не надумаў стаць з ім на адну дошку, а там, глядзіш, і пасквапіўся на ягонае крэсла. Магчымых пратэндэнтаў яны “адстрэльваюць” яшчэ на падлёце, трымаюць як мага далей ад кіраўнічага стырна... Сьлюнькоўска-сакалоўска-малафееўскі партыйны арэапаг за адносна нядоўгі час настолькі здрабнеў, зьмізарнеў, вырадзіўся, што калі наступіла гадзі­на “Ч” – усьлед за Масквой наш Вярхоўны Савет, у якім яшчэ ледзь ці ня восемдзясят адсоткаў дэпутацкага корпусу складалі партфункцыянеры рознага ўзроўню і члены партыі, прадубляваў і заканадаўча аформіў забарону КПСС з рэквізацыяй усёй ейнай маёмасьці. І ніхто – ні абраны на зьезьдзе першы сакратар ЦК Малафееў, ні нехта з кіруючага сінкліту не рашыўся ўзяць на сябе ініцыятыву і адказнасьць. Альбо ўсё яшчэ аглядваліся на Малафеева, баяліся пераступіць цераз яго, альбо перасталі верыць... Сьмелых і ініцыятыўных не знайшлося ня толькі ў першым, але і ў другім абкамаўскага ўзроўню партэшалоне... Тым часам, бачачы поўную бездапаможнасьць і бяздзейнасьць вярхоў, у трэцім і чацьвёртым эшалонах знайшліся людзі, якія ўзялі на сябе ініцыятыву па ратаваньні астаткаў дэмаралізаванай і разгромленай партыі. Сакратар па ідэалогіі сталічнага гаркаму, артадокс і сталініст Чыкін пачаў зьбіраць пад свае сьцягі закасьцянелую, кансерватыўную частку, а першы сакратар сталічнага Савецкага райкаму Калякін – інтэлектуальную, рэфарматарскую, схільную да сацыял-дэмакратычных каштоўнасьцяў. Уласна кажучы, адбылося тое, што павінна было адбыцца, калі ўсім стала ясна: няма, як пэўна, і ніколі не было адзінай і маналітнай партыі, трэба глянуць праўдзе ў вочы, прызнацца ў відавочным, рэфармавацца, адмежавацца ад дагматычнай мерцьвякоўшчыны і крочыць наперад. Аднак партыя настолькі закасьцянела ў догмах, што ўжо была няздольная на хоць якія рэформы і нестандартныя дзеяньні, а таму і асуджаная на такі фінал...