Выбрать главу

З закатам партыі закацілася і палітычная зорка Мікалая Іванавіча Дземянцея. Па ініцыятыве БНФ яго бесцырымонна папрасілі з пасады за беспрынцыповую пазіцыю і шашні з гэкэчэпістамі. Пачаўся новы, цяжкі, складаны і супярэчлівы пошук нацыянальнага лідэра. (...)

Добрую, калі не большую палову дэпутатцкага корпусу я ведаў альбо па партыйнай, альбо ўжо журналісцкай рабоце, а са многімі пазнаёміўся ці мяне пазнаёмілі ў кулуарах сесій, дзе я меў акрэдытацыю і любіў бываць, калі дазвалялі рэдакцыйныя клопаты. Цікава было ня толькі паназіраць “ужывую” (тэлекамера, не кажучы пра радыйны мікрафон, ня ў стане паказаць усе ньюансы, рэакцыю ў зале) за бурным абмеркаваньнем, але і патусавацца з дэпутамі, калегамі-журналіс­тамі ці то ў прасторным вестыбюлі, ці ля стойкі альбо за столікам у буфеце, ці ў прэс-цэнтры, уведаць апошнія і тыя, што павінны адбыцца, навіны, розныя меркаваньні, здагадкі, кулуарныя інтрыжкі. Была ў тых тусоўках і практычная патрэба: прааналізаваць бачанае і пачутае, падзяліцца назіраннямі, навінамі з Гена­дзем Бураўкіным, які нудзіўся, пакутаваў у Нью-Ёрку ад настальгіі, а больш дык ад недахопу інфармацыі з дому, якая па ягоным прызнаньні, па-ранейшаму даходзіла да яго, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН, толькі як слабое і адрэагаванае ў кабінетах МЗС водгульле палітычных і іншых падзеяў, а ён ні на дзень не хацеў адрываць сваю душу ад рэальнасьцяў Радзімы. Ледзь ці ня ў кожным сваім пісьме з-за акіяну ён дзякаваў “за інфармацыю, якая была для яго ўнікальнай і без якой ня меў бы ўяўленьня пра многае што адбылося і адбываецца дома”, настойліва прасіў штодня, як хроніку, запісваць падрабязна пра ўсё, што дзеецца, паколькі “зразумеў адно: акіян, які раздзяляе нас, – павелічальнае шкло, і тое, што дробнае дома, выглядае тут значным, а тое, што значнае тут, можа здавацца дробным дома”. І пры кожнай аказіі ў Нью-Ёрк, а яны надараліся тады даволі часта, разам з дыпламатычнай поштай ці нейкімі візіцёрамі перасякалі акіян і мае, Міколы Матукоскага пакеты. Я дык адпраўляў доўгія, часам на старонак 15-20 лісты, а Матукоўскі больш сачыў і выразаў з розных выданьняў публікацыі, якія зацікавяць Генадзя. З тымі ж “паштарамі” з Нью-Ёрка прыходзілі Генадзевы лісты з падзякай, ягонымі развагамі і пытаньнямі, просьбай новай порцыі інфармавацыі з першай жа аказіяй, часам дакладна паведамляў, калі і хто будзе ехаць. А як доўга не надаралася аказіі, адпраўляў пісьмы поштай, але гэта была вельмі ненадзейная сувязь: пасланьні даходзілі праз тыдні два, а то і месяц, а часам і бясьсьледна зьнікалі.

Апроч усяго мяне вельмі займалі, часам забаўлялі паводзіны, зьмены ў псіхалогіі людзей, якія сталі адчуваць, уваходзіць у смак казытлівай слодычы рэальнай Вярхоўнай дзяржаўнай улады, сваёй далучанасьці да яе, сваёй дзяржаўнай значнасьці. У шмат каго аж дых займала ад усьведамленьня, што мае права ў любы час прапаноўваць і патрабаваць неадкладна паставіць на абмеркаваньне і галасаваньне любую прапанову, нават калі яна супярэчыць Канстытуцыі і раней прынятым законам, сабраць канстытуцыйную большасьць і памяняць любое канстытуцыйнае палажэньне, націскам кнопкі ўхваліць ці заблакаваць любое рашэнне. Наменклатуршчыкаў і дэмакратаў можна было адрозьніць адразу. Для першых нават непараўнальна поўная і рэальная дэмакратычная ўлада была ў прынцыпе рэч даволі звыклая, мусіць, таму паводзілі сябе пачціва, сьціпла і дэмакратычна. Тыя ж (пераважна з так званага дэмакратычнага лагеру), хто ўпершыню паспрабаваў яе ап’яняльную слодыч, ненатуральна важнічалі, надзімалі шчокі, асобныя дык перастававалі заўважаць і пазнаваць знаёмых, здароўкаліся, быццам робяць табе вялікую ласку. У адных гэта з часам прайшло, у іншых так і засталося, што ў рэшце рэшт і загубіла іх... Погляды, палітычная арыентацыя народных абраньнікаў розьніліся, часам дыяметральна, несумяшчальна, аднадушна галасавалі толькі за прамую трансьляцыю з залы, ніколечкі не клапоцячыся, у якую капеечку гэта вылятае. Многія пасяджэньні насамрэч нагадвалі захапляльнае шоў. На трыбуну, да мікрафонаў у зале выстройваліся чэргі, як за самымі дэфіцытнымі дэфіцытамі, сёй-той увачавідкі рваўся зусім ня дзеля таго, каб сказаць нешта разумнае, а проста лішні раз засьвяціцца на ўсю рэспубліку. Многіх нават у радыёэфіры ўжо сталі пазнаваць па галасах, найперш – маладых юрыстаў Ганчара і Булахава, гаваркіх бэнэфаўцаў Голубева, Грыбанава, Сямдзянаву, нашага вожыкаўца Сяргея Навумчыка, для каго само месца працы ў папулярным сатырычным выданьні паспрыяла ў заваяваньні дэпутацкага мандату. Пазнавалі і Пазьняка, а найбольш дык шклоўскага дырэктара саўгаса Лукашэнку з характэрным і запамінальным хрыплавата-эмацыянальным голасам, які часам па дзесяць-пятнаццаць раз на дзень прарываўся да мікрафону, важка і ўпэўнена выказваўся ледзь ці не па ўсіх пастаўленых на абмеркаваньне пытаньнях, праўда, іншы раз цяжка было зразумець, што ён хоча сказаць па сутнасьці, і, здаецца, яго ўсур’ёз не прымалі. А ў перапынках на дзіва мірна і прыязна вялі гаворку непрымірымыя ідэйныя праціўнікі, якія толькі што з трыбуны ці ад мікрафонаў палівалі адзін аднаго апошнімі словамі. У кулуарах пастаянна вяліся перамовы, гандаль, складваліся і распадаліся самыя нечаканыя і неверагодныя альянсы і кааліцыі. Групы, плыні, клубы, аб’яднаньні распадаліся, дзяліліся, ледзь ці не штодня ўзьнікалі новыя. Уласна кажучы, нараджаўся, праходзіў станаўленьне звычайны, нармальны, цывілізаваны парламентарызм. Спроба наладзіць сярод дэпутатаў нейкі парадак і дысцыпліну ўвядзеньнем строгага тэрытарыяльна-абласнога рэгуляваньня, дзе за лідэра выступала вызначаная высокая службовая асоба, не давала належнага выніку. Абласныя лідэры ў час галасаваньня хто ўмоўнымі сігналамі, хто сакавітым басам, як галасісты магілёўскі Грынёў, падавалі каманды, што чутно было ледзь ці не на ўсю залу, але дэпутаты ўжо разбрыліся па розных апазіцыйных, напаўапазіцыйных групах, клубах, фракцыях, не ўсе слухалі строгія каманды, галасавалі, як лічылі патрэбным. Пасьля забароны партыі часам цяжка было зразумець, хто каму апазіцыя. Неразмытасьцю сваіх пазіцый вылучалася толькі групка цьвёрдакаменных артадоксаў з ліку ветэранскіх і інвалідскіх арганізацыяў, абраных па асобных квотах, ды БНФ.