Выбрать главу

Сацыялагічныя замеры між тым засьведчвалі, што рэйтынг БНФ у буйных гарадах падбіраўся, а то часам і перавальваў за пяцьдзесят адсоткаў, і для дэмаралізаванай, разгубленай наменклатуры гэта быў яшчэ адзін званочак, яшчэ адна прычына для галаўнога болю, сігнал арганізоўвацца, дзейнічаць. І для не пазбаўленага тонкай інтуіцыі палітыка Пазьняка гэта таксама быў сігнал да яшчэ больш рашучых дзеяньняў – куй жалеза, пакуль гарачае, ці як справядліва заўважыў вялікі стратэг і тактык «промедление смерти подобно”. Ён ня раз у авальнай зале агучваў прапанову аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету і прызначэньні новых выбараў, але яна ўсур’ёз не прымалася, расцэньвалася як альбо папулісцкая, альбо экстрэмісцкая. Цяпер, калі расстаноўка палітычных сілаў у грамадстве стала прынцыпова іншая і БНФ займеў гэтакую салідную электаральную падтрымку, можна дзейнічаць энергічней, напорысьцей, з пазіцыі сілы. Пазьняк двойчы выходзіў з прапановай аб рэферэндуме па роспуску парламенту і двойчы яе дружна правальвалі. У тым ліку і галасамі многіх старых і новых дэмакратаў, саюзьнікаў БНФ. Але Пазьняк з таварышамі не здаваліся – мабілізавалі сваіх прыхільнікаў і за кароткі час сабралі больш за 450 тысячаў подпісаў за правядзеньне рэферэндуму, і ў адпаведнасьці з нядаўна прынятым законам Вярхоўны Савет абавязаны аўтаматычна прызначыць ягоную дату. Наменклатурную бальшыню ахапіў панічны страх, і тут на выручку ёй прыйшоў Шушкевіч. Са свайго сьпікерскага крэсла ён ня толькі выступіў супраць рэферэндуму, але і з вясны да позьняй восені, на паўгода абвясьціў перапынак у рабоце сесійных пасяджэньняў. За гэты час, адыйшоўшы ад шоку, арганізаваўшыся і кансалідаваўшыся, наменклатура пасьпела шмат што зрабіць па дыскрыдацыі і нейтралізацыі БНФ. Словам, да восені шмат вады сьцякло, а калі ў канцы кастрычніка сабраліся на сесію, то ўжо не асабліва цырымонячыся пахавалі ідэю рэферэндуму, праігнараваўшы думку і патрабаваньне амаль паўмільёна грамадзянаў, груба парушыўшы іхняе права і самімі ж прыняты закон, на якім яшчэ і не пасьпелі высахнуць чарнілы. Здаецца, толькі 30 ці 35 чалавек прагаласавала за рэферэндум па роспуску парламенту. Ня думаю, што тут нейкая палітыка – проста кожны хваляваўся за сваю шкуру: дзе гарантыя, што зноў выбяруць?.. І яшчэ дэталька: усьлед за Булахавым найбольш апантана выступаў супраць рэферэндуму дэпутат Лукашэнка. Канечне ж, ужо тады ў яго былі свае з далёкім прыцэлам напалеонаўскія планы. Як, дарэчы, і ў Шушкевіча, які па наіўнасьці сваёй спадзяваўся, што антынезалежніцкая, антыбеларуская па сваёй сутнасьці наменклатура належным чынам ацэніць ягоную памяркоўнасьць, паразуменьне, згаворлівасьць, дэ-юрэ і дэ-факта прызнае яго сваім законным лідэрам, для чаго ён быў гатовы ледзь ці не на любыя кампрамісы, нават зрабіць сваім першым намесьнікам Кузьняцова, які і сесіі ня мог па-людску весьці... Але ў сваёй бальшыні дэнацыялізаваная наменклатура ўжо вызначылася – паставіла на блізкага і зразумелага свайго гадаванца, энергічнага гаспадарніка з трывалымі сувязямі ў Маскве прэм’ер-міністра Кебіча. Чужак з сумніўнымі нацыянальнымі прынцыпамі Шушкевіч ёй патрэбен быў чыста па тактычных меркаваньнях – супакоіць грамадскую думку, не даць кансалідавацца апазіцыі, спыніць Пазьняка, а калі стане праяўляць залішнюю самастойнасьць і непаслушэнства, ці “адыграе сваю ролю”, можна будзе лёгка і без праблемаў пазбавіцца, як ад баласту. Так яно ў рэшце рэшт і сталася...